Вы тут

«Давайце аб прыгожым гаварыць!»


Тут дапамогуць пераадолець адзіноту, напоўніць жыццё новым сэнсам і нават раскрыць здольнасці да творчасці.

Дзве сяброўкі стаяць ля стэнда з раскладам гурткоў. «Вось я сюды пайшла б...» — кажа адна, паказваючы на гурток «Архітэктура цела» па метадзе Наталі Дроэн (Францыя). Гурток абяцае ўмацаваць пазваночнік, нармалізаваць ціск, ачысціць цела глыбокім дыханнем. «А што, цікава!» — згаджаецца другая.

Гэтую сцэнку я назіраю ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна сталіцы. Сяброўкам — адной 68, другой 70 гадоў.

3-9

А вось Ірына Сямёнава, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, — зусім яшчэ маладзенькая, працуе тут са студзеня гэтага года. Расказвае пра сваіх падапечных з непрыкрытым захапленнем.

— Спачатку было трохі страшнавата, але паглядзела, якія яны ўсе добразычлівыя, — ставяцца да мяне, як да ўнучкі: «Ой, Ірачка наша!». Ведаеце, ім дастаткова ўсміхнуцца, сказаць «Добрай раніцы!» — і яны ўжо задаволеныя і шчаслівыя. Вельмі ўдзячныя, радуюцца любому знаку ўвагі... Ва ўсіх нас бываюць і спады настрою, зразумела. Але сварлівыя або ўсім незадаволеныя нэндзы неяк самі сабой адсейваюцца, тут не тое асяроддзе для іх. Застаюцца актыўныя і пазітыўныя.

Так бы мовіць, «афіцыйна» пажылымі лічацца людзі пасля 60 гадоў і старэйшыя. Так што пасля 60 сюды прымаюць усіх ахвотных. Верхняя ўзроставая планка не абмежавана.

— Да нас, напрыклад, не адзін год ходзіць жанчына, якой сёлета ўжо 93 гады. Ёй падабаецца займацца гімнастыкай, не прапускае ніводнага занятку. Некаторыя пажылыя прыходзяць пасля інсультаў — ім трэба рукі развіваць, напрыклад. Іншыя ідуць да нас проста пабыць сярод людзей, пагутарыць пра жыццё.

Амаль усе гурткі, за рэдкім выключэннем, вядуць валанцёры. Сярод іх шмат таксама пажылых людзей. Часцей за ўсё атрымліваецца так: яны хадзілі самі «на гурток», потым кіраўнік сышоў — «вучань» стаў на яго месца.

Ёсць тут клуб караоке, камп'ютарныя курсы, дзе выкладае малады хлопец з БДУІРа. Цяпер многія хочуць папрацаваць валанцёрамі. Маладыя людзі тэлефануюць: «Мы хочам дапамагчы!» Просяць тэлефон якога-небудзь адзінокага старога, згодны прыйсці памыць ім вокны, напрыклад, ці дапамагчы прыбраць у кватэры. Так што не ўся моладзь сядзіць «у камп'ютары», сярод іх шмат альтруістаў.

— Па нашых праектах прыходзіць працаваць моладзь з універсітэтаў. Мы працуем і з 1-м медыцынскім каледжам. Вядома, вялікая частка маладых людзей неўзабаве адсейваецца, але многія застаюцца і надалей дапамагаць. Ну а пажылыя людзі працуюць валанцёрамі дзеля стасункаў: каб пагаварыць, выслухаць, нешта падказаць, — тлумачыць Ірына Сямёнава.

Сярод падапечных тут пераважаюць жанчыны. Цікава, што мужчыны ідуць, менавіта каб пазнаёміцца з якой-небудзь жанчынай. Вось хто ў нас у пошуку, прычым актыўным! Часам так і прыходзяць з канкрэтным запытам: знайдзіце мне спадарожніцу жыцця!

Жанчыны ў гэтым узросце, наадварот, ужо не гараць жаданнем мець зносіны з моцнай паловай.

Адзінокія пажылыя дамы замуж не хочуць зусім! Кажуць: мы задаволены, што адны, нікому нічога не павінны, хочам нарэшце пажыць для сябе. Цалкам самадастатковымі становяцца ў гэтым узросце. Ужо яны выбіраюць, а не іх...

...Гурткі пачынаюць працаваць з 9 раніцы. І потым можна пры жаданні хоць цэлы дзень з аднаго гуртка ў другі пераходзіць — і так да 17 гадзін. Схадзілі на гімнастыку, потым на дэкупаж, потым — на камп'ютарныя курсы... Ёсць тут кухня, чайнікі, халадзільнік, мікрахвалёўка. Можна прынесці з дому ежу, а тут разагрэць і паабедаць, папіць гарбаты, пагаварыць. Атмасфера зусім свабодная.

— Я назіраю за нашымі гурткоўцамі — людзі жывуць у сваё задавальненне! Яны могуць і хочуць так жыць, так што ўсё залежыць ад самога чалавека, — лічыць Ірына Сямёнава. — Хтосьці будзе бурчаць і скардзіцца на свае немачы, сеяць вакол негатыў, а хтосьці — радавацца жыццю і людзям. Вядома, часам і нашы гурткоўцы спрабуюць пагаварыць пра свае хваробы, паскардзіцца на жыццё — чаго граху таіць, людзям, асабліва тым, хто ва ўзросце, гэта ўласціва. Але мы перарываем такія размовы: «Давайце гаварыць аб прыгожым. А потым будзем піць гарбату...». Некаторых трэба проста «пераключаць», і яны самі будуць вам за гэта ўдзячныя.

Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна г. Мінска адкрылася ў лістападзе 2013 года. Усяго ў аддзяленні на сёння 38 чалавек. Большай частцы падапечных — 70-78 гадоў.

Многія прыходзяць сюды пасля складаных жыццёвых сітуацый, выпрабаванняў: нехта страціў мужа або жонку, хтосьці — дзяцей. Гэтым людзям проста неабходна вырвацца з адзіноты, з палону чатырох сцен сваёй кватэры. Іншыя ўсё жыццё шмат працавалі і не ўяўляюць сябе па-іншаму, але вось настаў час пакінуць працу. Некаторыя гэта цяжка пераносяць.

— Такая сітуацыя была ў адной з жанчын, — узгадвае спецыяліст. — Прыйшоў яе зяць: «Дапамажыце, выцягніце маю цешчу з кватэры, таму што яна там з глузду з'едзе!» Яе адправілі ў гурток «5 сакрэтаў дэкупажу», і ёй гэта вельмі спадабалася. Яна цяпер такая задаволеная і шчаслівая, што нядаўна ўся сям'я прыходзіла да мяне: «Дзякуй, што вы яе ўзялі!»

Аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых — практычна ў кожным другім ТЦСАН

Аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту прызначаны для пажылых людзей, якія захавалі поўнасцю або часткова здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння. Тут арганізаваны вольны час і створаны ўмовы, якія спрыяюць зносінам і падтрыманню актыўнага ладу жыцця. Праводзяцца культурна-масавыя і спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы, працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, у тым ліку на платных умовах і за кошт прыцягнення пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў і выкарыстання працы валанцёраў. У аддзяленнях прадугледжаны памяшканні для аказання даўрачэбнай дапамогі пажылым, адпачынку, клубнай і гуртковай працы, правядзення гімнастыкі, заняткаў на трэнажорах, працуюць камп'ютарныя класы.

Па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 ліпеня 2015 года ў Беларусі налічвалася 83 аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, размешчаныя ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З іх у Брэсцкай вобласці — 3 такія аддзяленні, у Віцебскай вобласці — 20, у Гомельскай — 14, у Гродзенскай — 16, у Магілёўскай — 9, у Мінскай вобласці — 16 і ў Мінску — 5.

Святлана БУСЬКО

Фота аўтара

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.