Вы тут

Другі раз у «першы» клас


Штрыхі да «партрэта» школы, дзе хочацца не толькі вучыцца, але і выкладаць.

У мінулым выпуску «Жыві і квітней, Беларусь!» рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Аляксандр ЖУК зазначыў, што ў краіне ёсць школы, дзе педагагічны калектыў амаль напалову складаецца са сваіх выпускнікоў, і ў якасці прыкладу прывёў Ашмянскую СШ №1. За апошнія 5 гадоў 50 выпускнікоў школы сталі студэнтамі педагагічных навучальных устаноў, прычым 31 з іх паступілі па мэтавым накіраванні. 

Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся ў яе дырэктара, заслужанага настаўніка Беларусі Міхаіла ГРУЖЭЎСКАГА, як жа ва ўстанове адукацыі фарміруюць павагу да настаўніцкай прафесіі і чаму маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы пасля ВНУ абавязковы тэрмін, застаюцца там і надалей.


 Дэ­пу­тат пар­ла­мен­та На­тал­ля Ку­чын­ская і ды­рэк­тар Ашмян­скай СШ №1Міхаіл Гру­жэў­скі ра­зам з вуч­ня­мі і ра­бот­ні­ка­мі ляс­ніц­тва ўдзель­ні­ча­лі ў ак­цыі «Па­са­дзім лес Пе­ра­мо­гі!» у го­нар 70-год­дзя Пе­ра­мо­гі ў Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­не.

Цікавым ініцыятывам — «зялёная вуліца»

Міхаіл Мар'янавіч на Ашмяншчыне тутэйшы, ураджэнец вёскі Каменка. Скончыў там васьмігадовую школу і па сёння з удзячнасцю ўзгадвае сваіх настаўнікаў — Аляксандру Трафімаўну Карсакову, Ганну Макараўну Кашчыц, Валянціну Мікалаеўну Фурсу, Таццяну Цітаўну Шынкевіч, Валянціна Гаўрылавіча Гана і Ефрасінню Максімаўну Ган.

— У 1960-1970-я гады ў нашай вёсцы людзі, вітаючыся, здымалі шапкі. Прычым, калі віталіся з настаўнікам, то шапку здымалі здалёк. Вось які быў аўтарытэт! — прыгадвае Міхаіл Мар'янавіч.

Як прывіць павагу да настаўніцкай працы цяпер? Міхаіл Гружэўскі лічыць, што мала стварыць педагагічныя класы. Педагагічнай, так бы мовіць, павінна быць уся школа. Каб было цікава дзецям, камфортна бацькам, хацелася творча працаваць настаўнікам. І ўсіх яднала пачуццё гонару за родную школу:

— Калі кожны настаўнік на кожным кроку 11 гадоў будзе ўспрымацца вучнямі як паспяховы чалавек у жыцці і прафесіі, фарміраваць адзіную пазіцыю годнасці і самаадданасці сваёй працы, не ныць, не скардзіцца вучням на цяжкасці, не адбіваць ахвоту ад гэтай прафесіі, а заклікаць у яе сваёй эрудыцыяй, то гэта і прывядзе да педагагічнай школы, і выпускнікі стануць на настаўніцкі шлях, — лічыць Міхаіл Гружэўскі. — А калі гэтага няма, калі на ўроках з году ў год гучыць негатыў аб прафесіі, а часам і адкрытыя заклікі «Не ідзі ў настаўнікі, гэта цяжкая, нецікавая, няўдзячная прафесія», такі «настаўнік» не мае права працаваць у школе. Ідзі і змяні прафесію, не калеч дзяцей, а магчыма, і будучыню грамадства.

Цікавым ініцыятывам у калектыве Ашмянскай СШ №1 заўсёды «зялёная вуліца». Нядаўна, напрыклад, абвясцілі тры конкурсы («Калядная зорка», «Патрыёт.by» і «Жарт») для аматараў сучасных мультымедыйных тэхналогій. У прыватнасці, з дапамогай любога праграмнага забеспячэння прапанавалі стварыць камп'ютарную гульню, прысвечаную гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нашай гісторыка-культурнай спадчыне і традыцыям. Дарэчы, амаль усе педагогі маюць сертыфікаты ІT-карыстальнікаў, паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе «Камп'ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», школа развівае дыстанцыйнае навучанне Moodle. У гэтым навучальным годзе ўвялі электронныя журналы і дзённікі, і цяпер бацькі могуць аператыўна адсочваць паспяховасць сваіх дзяцей.

На імідж школы, жаданне там вучыцца і выкладаць уплывае не толькі выкарыстанне сучасных камп'ютарных, адукацыйных тэхналогій, але і... звычайная прышкольная тэрыторыя. Яна можа стаць дзівосным прыродным кутком, куды прыязджаюць на фотасесіі нават з іншых раёнаў.


І працаваць, і зарабляць

— Разам генеруюць ідэі і сумесна іх ажыццяўляем, нават першакласнікі далучаюцца. А калі нешта зрабіў, упрыгожыў сваімі рукамі, то не будзеш гэта ламаць, смеціць, — кажа Міхаіл Мар'янавіч.

Пры гэтым не затрацілі ніводнага бюджэтнага рубля. Дапамагалі сельгаспрадпрыемствам — сабранае на палях каменне прывозілі на школьны двор, каб выкарыстаць у паркавым будаўніцтве. Працавалі ў лясніцтве — лесаводы разлічыліся драўнінай, з якой вырабілі і ўстанавілі на школьнай тэрыторыі лаўкі. Ды і саджанцы былі не падарункам школе, а за работу.

Такім чынам дзеці вучацца працаваць і разам з тым зарабляць. Адной з крыніц школьных даходаў, акрамя платных адукацыйных паслуг, здачы металалому і макулатуры, з'яўляюцца канцэрты трох уласных узорных калектываў — фальклорнага тэатра песні і танца «Званочкі», эстраднай студыі «Палёт» і тэатра танца «Эфект». Прывучаюць і да таго, што за атрыманыя паслугі трэба плаціць. Зноў жа, у агульных інтарэсах. Напрыклад, кошт білета на школьную дыскатэку невялікі, але ў цэлым ідзе назапашванне сродкаў, якія накіроўваюцца і на развіццё дыскатэчнай базы.

— Мне гэтая школа адразу спадабалася. Тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія творча ставяцца да настаўніцкай працы. У калектыве мяне прыязна сустрэлі, аказалі ўсялякую падтрымку. Таму пакаваць чамаданы пасля абавязковага тэрміну работы па размеркаванні не збіраюся, — кажа сацыяльны педагог, выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Настасся ГРЫБОЎСКАЯ.

Маладому спецыялісту дапамаглі ў тым ліку і ў бытавых пытаннях. Ашмянская СШ №1 была адной з першых, дзе, згодна з калектыўным дагаворам, за кошт фонду матэрыяльнага стымулявання кампенсуюць настаўнікам частку расходаў па пражыванні на здымнай кватэры ці ў інтэрнаце.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

г. Ашмяны

 

У тэму

Аддзел адукацыі Ашмянскага райвыканкама і ГрДУ імя Янкі Купалы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве. СШ №1 і іншыя навучальныя ўстановы прадастаўляюць, так бы мовіць, пляцоўку для прафарыентацыйных мерапрыемстваў, а ВНУ дапамагае ім у метадычным суправаджэнні педагогаў, падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд.

Школа і наогул раён супрацоўнічаюць і з БДПУ імя М. Танка. Дзякуючы ранейшаму начальніку аддзела адукацыі, а цяпер дэпутату, намесніку старшыні пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Наталлі Кучынскай «зорныя паходы» гэтай установы знайшлі штогадовую прапіску на Ашмяншчыне.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.