Вы тут

Па крынічную ваду


Непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы, у раёне вёскі Прывалка Гродзенскага раёна, ёсць месца, вядомае не толькі многім жыхарам з наваколля, але і... «дальнабойшчыкам» з розных краін. Чаму? Бо там ёсць прыродная крыніца, якая дорыць людзям выдатную ваду. Сярод яе ўжо пастаянных карыстальнікаў і аўтар гэтых радкоў.

21-11

Пра гэтую крыніцу ведаў даўно. Яшчэ за савецкім часам (калі Беларусь і Літва з'яўляліся часткамі адной дзяржавы і не існавала пагранпераходаў) мы з сябрамі, вяртаючыся дадому з суседніх Друскенікаў, спыняліся адпачыць у лесе каля крыніцы. Вядома, пілі вадзічку, але, наколькі памятаю, у запас з сабой не бралі, хіба што адну-дзве шкляныя бутэлькі. Мажліва, і з той прычыны, што тады яшчэ не было пластыкавай, у тым ліку пяці-шасцілітровай, тары. Сёння ж яна хоць і стварае праблемы для экалогіі, а з іншага боку, можа шматразова выкарыстоўвацца для той жа крынічнай вады.

Прыкладна паўгода таму знаёмы нагадаў мне аб прывалкаўскай крыніцы (маўляў, ён там пастаянны «кліент»), і неўзабаве я таксама накіраваўся гэтым шляхам. Тым больш што прачытаў у абласной газеце высновы спецыялістаў санслужбы наконт якасці водных крыніц у Гродне і наваколлі. Яны даследавалі крынічную ваду па санітарных, хімічных і мікрабіялагічных паказчыках. У некаторых выпадках выявіліся пэўныя праблемы (напрыклад, па колькасці нітратаў, мутнасці), а ў чатырох крыніцах, у тым ліку каля вёскі Прывалка, узятыя пробы адпавядалі ўсім санітарна-гігіенічным патрабаванням. Акрамя таго, натрапіў у інтэрнэце на звесткі, што 200 гадоў таму ваду з тутэйшых крыніц спецыяльна прывозілі ў гродзенскія бальніцы, выкарыстоўваючы яе ў прафаілактычных і аздараўленчых мэтах.

...Перш чым ехаць па прывалкаўскую крынічную ваду, накіроўваюся ў... аддзяленне банка, каб узяць пропуск у пагранічную зону. Для грамадзян, якія там не зарэгістраваны, ён цяпер каштуе 36 тысяч рублёў. Гэтым дакументам, прад'явіўшы яго разам з пашпартам пагранічнікам, можна карыстацца на працягу года. Сума, пагадзіцеся, не вартая таго, каб «сэканоміць» на пропуску, бо можна трапіць пад сур'ёзныя штрафныя санкцыі.

Адшукаць крыніцу для чалавека, які дагэтуль там не быў, ніякай праблемы няма: на пад'ездзе да яе ўстаноўлены дарожны знак. Спыняешся, бярэш сваю тару, і праз некалькі дзясяткаў метраў — крыніца. Вада цячэ з рыльца з-пад пластыкавай бутэлькі. Падставіў сваю ёмістасць — і бяры колькі хочаш. Я, напрыклад, запасаюся за раз больш чым на сто літраў, каб прыкладна на месяц забяспечыць вадой не толькі сваю сям'ю, але і бацькоў.

21-10

Пры гэтым заўсёды стараюся кіравацца, так бы мовіць, правілам добрага тону. Калі ў цябе тары шмат, а падышоў чалавек з адной-дзвюма пластыкавымі бутэлькамі ці каністрамі, то абавязкова прапускаю яго наперад. Як правіла, гэта кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў, якія едуць праз беларуска-літоўскую мяжу. Каго толькі ўжо ні сустракаў каля крыніцы! І нашых землякоў, і літоўцаў, і палякаў, і расіян. Напрыклад, ад «дальнабойшчыка» з Вільнюса Альгімантаса нядаўна пачуў, што ён не толькі сам ужо гадоў пяць з задавальненнем п'е гэтую ваду, але і частуе ёй сваякоў, знаёмых. І ўсім яна вельмі даспадобы. Вось так прывалкаўская крыніца, у пэўным сэнсе, удзельнічае і ў стварэнні станоўчага іміджу нашай краіны за мяжой.

Побач з гэтым прыродным дарункам размешчана кавярня «Крыніца». Аднойчы сустрэў яго гаспадара, які займаўся абкошваннем травы каля крыніцы. Паводле яго слоў, калі ва ўладных структурах зробяць адпаведны праект, то ён гатовы прафінансаваць работы па яе добраўпарадкаванні. У прыватнасці, зрабіць тут асвятленне, замяніць рыльца з пластыкавай бутэлькі, праз якое цячэ вада, матэрыялам з нержавейкі. Зразумела, што аб нейкай прыватызацыі гаворка ісці не можа, прыродная крыніца павінна заставацца народным багаццем, але і ад дзяржаўна-прыватнага партнёрства адмаўляцца, мусіць, не варта.

Дарэчы, паездка да крыніцы асабіста мяне прываблівае не толькі чыста практычнай мэтай, каб запасціся выдатнай вадой. Пабыць заадно ў прыгожым лясным масіве, падыхаць чыстым паветрам — гэтым таксама неабходна даражыць.

Да ведама

Спецыялісты санслужбы звяртаюць увагу, што якасць вады ў крыніцах залежыць ад чысціні навакольнай тэрыторыі, размяшчэння непадалёк патэнцыяльна небяспечных для экалогіі аб'ектаў. Таксама трэба ўлічваць сезонныя фактары, напрыклад, калі пасля вялікіх дажджоў крыніцы заліваюцца паверхневымі водамі. Якасць вады правяраюць з выкарыстаннем спецыяльнай тары работнікі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі. За забруджванне прыродных крыніц, згодна з Водным кодэксам Беларусі, прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота аўтара

prakopchіk@zvіazda.by

Гродзенскі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.