Вы тут

Веласіпедыстаў трэба любіць!


«Пешаходаў трэба любіць...» — пісалі класікі савецкай сатыры Ільф і Пятроў на золку ўсеагульнай аўтамабілізацыі. У тым сэнсе, што не варта ўціскаць правы гэтых самых пешаходаў. Але ў наш час пешаходам, напэўна, грэх скардзіцца: і ў правілах дарожнага руху іх прывілеі прапісаны, і тратуары зроблены, і пераходы — са святлафорамі і без — уладкаваны. Кіроўцы машын, праўда, ставяцца да пешаходаў па-рознаму, але збольшага дарогу ўсё ж саступаюць. Калі б яшчэ ўсе пешаходы пільнаваліся правілаў...

30-34

Зрэшты, гэта крыху іншая гісторыя. А мне хацелася б сёння закінуць слоўца за веласіпедыстаў. Апошнім часам аматараў перасоўвацца па горадзе на двух колах з педалямі значна паболела. Хоць яшчэ не так даўно веласіпед як гарадскі транспарт лічыўся доляй «бедных», што не могуць узбіцца на ўласнае аўто. Або тых, у каго дзяцінства недзе свярбіць. Цяпер жа назіраеш самавітых, забяспечаных мужчын, якія ўлетку «рассякаюць» па вуліцах менавіта на веліках. Часта даволі дарагіх. І я думаю, што гэта проста цудоўна. І веласіпедыстаў трэба любіць. Я нават сказаў бы, усяляк песціць і берагчы. За тое, што не атручваюць паветра выхлапнымі газамі. За тое, што не ствараюць затораў на дарозе. За тое, што проста паказваюць прыклад здаровага ладу жыцця. І ты міжволі задумваешся пра тое, як бы самому скочыць у сядло і растрэсці назбіраныя кілаграмы.

Але пакуль прыцішым хваласпеў. Бо пакуль што нашыя гарады — не самы спрыяльны асяродак для веласіпедыстаў. Хоць у цэлым беларускія дарогі падтрымліваюцца ў значна лепшым стане, чым у некаторых суседніх краінах. Калі ўзяць, напрыклад, Мазыр, то ў апошнія гады тут было нямала зроблена, каб палепшыць арганізацыю дарожнага руху. Пашыралася праезная частка, усталёўваліся новыя святлафоры. Усё для таго, каб аўтамабілісты і пешаходы пачуваліся больш выгодна. Веласіпедыстам, аднак, пашанцавала меней. Не, калі вы любіце ў вольны час паганяць на «горніку», то сцяг вам у рукі: нашы яры і стромы не пакінуць абыякавым ніводнага экстрэмала. А вось прыхільнікам спакойнай камфортнай язды не пазайздросціш. Бо ездзіць, уласна кажучы, мазыранам пакуль няма дзе. Па дарозе, калі навокал гудуць машыны, катацца боязна нават даросламу. Ужо не кажучы пра тое, каб пусціць туды дзяцей. А калі ехаць па тратуары, то дыскамфорт адчуваюць ужо пешаходы. Нестае і нармальных пакатых з'ездаў з бардзюраў, на якіх ты не рызыкаваў бы пагнуць колы.

Але дарожкі — гэта не самая вялікая бяда. Веласіпед яшчэ трэба недзе прыпаркаваць. Велапарковак таксама бракуе, а тыя, што ёсць, звычайна не падыходзяць пад сучасныя веласіпеды. Паркуючыся, велааматары, часцей за ўсё, рызыкуюць пашкодзіць тармазны дыск. Пра стрэшкі над велапаркоўкамі проста памаўчым. Хаця, на добры лад, месцы, дзе можна паставіць веласіпед, павінны быць каля магазінаў, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый — бадай што паўсюль. А то нейкі парадокс выходзіць: вялізны аўтамабіль лягчэй прыткнуць, чым лёгкі і малагабарытны ровар.

Мы, напрыклад, любім пагаварыць пра здаровы лад жыцця. А язда на веласіпедзе — адзін з самых даступных спосабаў гэтага ладу прытрымлівацца. Чым болей народу катаецца — тым здаравейшая краіна. Але дзе, у такім разе, веладарожкі? Яшчэ адна праблема, што набіла аскому, — загружанасць дарог і «запаркаванасць» двароў. Давайце агітаваць народ перасаджвацца ў цёплую пару на веласіпеды. Адначасова і экалогія палепшае. Але зноў усё ўпіраецца ў адсутнасць інфраструктуры.

Варта быць рэалістамі: будаўніцтва веладарожак і парковак адразу ва ўсім горадзе будзе каштаваць шалёных грошай. Таму адным наскокам праблему не вырашыць. Але рана ці позна ўсе дарогі даводзіцца рамантаваць, а сям-там і пашыраць. Дык чаму б пры чарговым рамонце вуліцы не пракласці і веладарожку? І чаму б у новых раёнах, што існуюць пакуль толькі ў праекце, не прадугледзець іх першапачаткова? І чаму б поруч з новымі аўтамабільнымі паркоўкамі не ствараць невялічкія веласіпедныя? Спакваля, па меры сіл і сродкаў. Бо трэба не толькі вырашаць надзённыя праблемы, але і дбаць пра будучыню. А будучыня — за больш эканамічнымі і экалагічнымі відамі транспарту. Не заўсёды ёсць рацыя ў тым, каб дзеля пары кіламетраў ганяць тону-паўтары «жалеза» і марнаваць дарагое паліва. Але да разумення гэтай простай, здавалася б, рэчы мы толькі падыходзім.

Валянцін Бойка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.