Вы тут

Хлопец без рук вучыцца ў звычайнай школе і хоча стаць бухгалтарам


Некалі цэлыя пакаленні зачытваліся «Аповесцю аб сапраўдным чалавеку». Гісторыя ваеннага лётчыка, які страціў ногі, але не страціў волі да жыцця і барацьбы, узрушвае і дагэтуль. Але і цяпер ёсць прыклады таго, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі вядуць актыўнае, хоць і цалкам мірнае жыццё. Так, аўстраліец Нік Вуйчыч ад нараджэння не мае канечнасцяў. Аднак гэта не замінае яму ездзіць па ўсім свеце з лекцыямі. А таксама быць мужам і бацькам. І ў гэтым пераадоленні абставін таксама ёсць калі не гераізм, дык прынамсі немалая мужнасць. Нездарма Ніка Вуйчыча ведае ўвесь свет.

4-25

 

 На ўро­ку пра­цоў­на­га на­ву­чан­ня.

Саша Сідзельнік — жыхар вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёна — чалавек сціплы. І на сусветную папулярнасць пакуль не прэтэндуе. І ўвогуле мала чым адрозніваецца ад іншых дзесяцікласнікаў. Зранку вучыцца, удзень наведвае трэнажорную залу, увечары робіць хатнія заданні і перапісваецца з сябрамі ў сацыяльных сетках. Звычайныя будні звычайнага падлетка. З адной толькі адрознасцю: у хлопца няма абедзвюх рук...

Рукі Аляксандр страціў праз няшчасны выпадак. Тады хлопцу было пяць гадоў. І калі надышла пара ісці ў школу, яго чакаў спецыялізаваны інтэрнат. Але бацькі дабіліся, каб сын атрымліваў адукацыю ў роднай вёсцы, і тагачасная адміністрацыя школы пайшла насустрач. Цяпер Саша вучыцца ўжо ў дзясятым класе разам з іншымі вясковымі дзецьмі. У маштабах нашай краіны — фенаменальны выпадак.

«Для нас, педагогаў, Шура — такі самы вучань, як і ўсе, — расказвае дырэктар Скрыгалаўскай сярэдняй школы Вячаслаў Фалінскі. — Яго хваляць за паспяховасць або выгаворваюць за памылкі нароўні з іншымі. І дзеці ставяцца да яго як да роўнага. За ўвесь час ніхто ніколі не дражніў і не крыўдзіў. Хоць ён і абараніць сябе можа. Нягледзячы на адсутнасць рук, хлопец вельмі развіты фізічна».

Адметную ролю ў жыцці Аляксандра адыгралі настаўнікі пачатковай школы. Яны навучылі хлопчыка не толькі чытаць, але і пісаць. І калі гартаеш яго школьныя сшыткі, міжволі дзівішся акуратнаму почырку. Хоць Аляксандру афіцыйна дазволена не пісаць на ўроках, ён усё адно выконвае практыкаванні разам з класам. Як і ў маленстве, робіць гэта з дапамогай пратэза. Зрэшты, пратэз — гэта не болей чым кранштэйн, у які можна ўкласці ручку або крэйду. Па сутнасці, Аляксандр піша плячом. У розум не ўзяць, як гэта магчыма.

...У кабінеце дырэктара захоўваецца дошчачка з выпаленым на ёй малюнкам. «Па педагагічнай спецыяльнасці я настаўнік фізікі і працоўнага навучання, — расказвае Вячаслаў Фалінскі. — І калі Шура прыйшоў да мяне на ўрок разам з класам, я быў крыху збянтэжаны. Было відавочна, што хлопцу хочацца нечым займацца. Але што яму прапанаваць? Тады перамалявалі алоўкам гэты малюнак, замацавалі яму ў пратэзе прыбор для выпальвання на дрэве. І паглядзіце, як дыхтоўна выйшла! Не кожны чалавек гэтак зробіць нават рукамі!»

4-24

 

 Саша па­каз­вае на кар­це род­ную вёс­ку.

 

Аляксандр Сідзельнік дэманструе фенаменальныя навыкі не толькі на ўроках працы. Хлопец лоўка спраўляецца з камп'ютарнай мышкай пры дапамозе... носа і мышцаў твару. Сам дзесяцікласнік не бачыць у гэтым нічога адметнага. «Калі прыпячэ, то чалавек усяму навучыцца, — усміхаецца ён. — Я нават вышываў некалі, але пасля кінуў. А вось тэксты на клавіятуры набіраю штодня: раблю хатнія заданні, перапісваюся з сябрамі. Усё гэта раблю нагамі. Гэта толькі здаецца, што пальцы на нагах маларухомыя. Калі ўвесь час трэніравацца, яны хутка развіваюцца. Але карыстацца нагамі, натуральна, я магу толькі дома».

— У тым, што Шура паспяхова вучыцца, вялікая заслуга сям'і, — расказвае класны кіраўнік Аляксандр Савянок. — Дапамагаюць хлопчыку і сваякі, асабліва стрыечны брат. Яны аднагодкі, сябруюць з маленства, вучацца ў адным класе. Пры гэтым яшчэ і цёзкі. Таму Сашу Сідзельніка, у школе называюць Шурыкам, каб адрозніваць. А другі Саша заўсёды побач з братам: дапамагае дастаць і скласці кнігі, адгарнуць старонку і г.д.

Трэба адзначыць, што на долю сям'і Сідзельнікаў выпала нямала выпрабаванняў. Два гады таму пайшоў з жыцця Сашаў бацька. Каб забяспечыць сям'ю, мама ўладкавалася даяркай у тутэйшай гаспадарцы. Цяпер ужо загадвае фермай. Але, як кажуць педагогі, заўсёды знаходзіць час, каб завітаць у школу і пацікавіцца справамі сына. Цікавяцца гэтым і мясцовыя ўлады. У прыватнасці, аддзел адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама. Так, Аляксандр вучыцца па асобнай праграме, згодна з якой мае дадатковыя ўрокі матэматыкі, інфарматыкі і беларускай мовы. Гэтыя прадметы спатрэбяцца яму для далейшай вучобы.

Але атрымаць прафесію ў яго выпадку будзе няпроста. Тут ужо патрэбны не толькі спонсарская дапамога або адміністрацыйнае спрыянне. Праблема ў тым, каб знайсці навучальную ўстанову, што змагла б прыняць Аляксандра. Нягледзячы на развітую самастойнасць, пры ім павінен будзе знаходзіцца сацыяльны работнік. Бо вёска, дзе ўсе свае і ўсё сваё, — гэта адно. І зусім іншае — чужы незнаёмы горад. Ці можна будзе забяспечыць на новым месцы адпаведныя ўмовы для навучання і пражывання?

— Саму вучобу я адолею, — сцвярджае Аляксандр. — Маючы камп'ютар і інтэрнэт, можна нават займацца аддаленай працай. Якія планы на будучыню? Як і ва ўсіх: сям'я, дзеці... Але спярша трэба атрымаць прафесію. Кажуць, на Захадзе для людзей у маім становішчы распрацоўваюць спецыяльныя праграмы адаптацыі. Спадзяюся, што і ў нас будзе развівацца нешта падобнае. Бо я не збіраюся сядзець у дзяржавы на карку, хачу самастойна зарабляць сабе на хлеб. Пакуль што гэта і ёсць мая галоўная мара. І вельмі спадзяюся, што яна спраўдзіцца...»

Валянцін БОЙКА

Фота з архіва Скрыгалаўскай сярэдняй школы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.