Вы тут

Бурштынавы карабель, воіны стэпу і аўто Маа Цзэдуна


«Звязда» даведалася, што звязвае Мінск з робін-гудаўскім Нотынгемам, в'етнамскім Ханоем ды іншымі гарадамі.

У сталічнай ратушы можна ўбачыць сапраўдны калейдаскоп культур свету. Статуэткі, карціны, пано, дываны і многае-многае іншае — такое багацце прадстаўлена на выставе падарункаў гарадоў-пабрацімаў і партнёраў нашай сталіцы.

5-22

У чым дружба, брат?

У ратушы сабрана безліч цікавых рэчаў, якія Мінску дарылі і дораць ажно з 1980-х гадоў. Кожны прадмет знаёміць з культурай, традыцыямі, светапоглядамі ў розных гарадах і краінах. Першапачаткова падарункі збіраліся ў Мінгарвыканкаме, а ў 2013 годзе іх першую частку перадалі ў Музей гісторыі горада Мінска, які і арганізаваў выстаўку ў ратушы. Менавіта ў будынку, які сімвалізуе гарадское самакіраванне, прымаюць замежныя дэлегацыі і праводзяць значныя мерапрыемствы, таму не дзіўна, што выставу размясцілі тут. Яна пастаянная, але кожны год колькасць экспанатаў павялічваецца, таму экспазіцыя становіцца яшчэ багацейшай і цікавейшай. Тут не толькі ёсць на што паглядзець, але і можна даведацца шмат цікавага пра краіны і гарады свету.

Усе падарункі размешчаны па рэгіёнах і ў храналагічным парадку, а не заблытацца сярод усяго гэтага сувенірнага «кактэйлю», у якім да таго ж пераплятаюцца старажытныя традыцыі і сучаснасць, дазваляюць карты і апісанні, якімі аформілі вітрыны супрацоўнікі Музея гісторыі горада Мінска.

— У гэтым і была галоўная складанасць — стварыць музей, а не сувенірную краму, — заўважае вядучы навуковы супрацоўнік музея Лідзія МАРКОВІЧ.

І гэта атрымалася: кожная вітрына прысвечана аднаму ці некалькім гарадам пэўнай краіны.

Напачатку наведвальнікаў знаёмяць з брытанскім Нотынгемам — самым першым горадам-пабрацімам Мінска, дагавор аб супрацоўніцтве з якім быў заключаны яшчэ ў далёкім 1957 годзе, у разгар «халоднай» вайны. Далей — усім вядомы індыйскі Бангалор, з якім мы «пабраталіся» ў 1970-х. У Мінску ёсць плошча, названая ў гонар гэтага горада, адпаведна, у Бангалоры ёсць плошча Мінск.

[caption id="attachment_113270" align="alignnone" width="600"]5-21 На здымках: аў­та­ма­біль для Маа Цзэ­ду­на; фі­гур­ка страль­ца з Сар­дзі­ніі;
шах­ма­ты з Аста­ны з фі­гу­ра­мі ў вы­гля­дзе пра­фе­сій­ных во­і­наў-ка­чэў­ні­каў (на­ма­даў).[/caption]

— Супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі бестэрміновае. Узаемаадносіны могуць актывавацца і затухаць. Асноўныя сферы — культура, адукацыя, ахова здароўя і спорт. А партнёрскія пагадненні ўжо маюць пэўныя храналагічныя рамкі, — расказвае Лідзія Марковіч.

Апошнія з гарадоў-пабрацімаў Мінска — гэта Калуга (дагавор быў падпісаны ў студзені 2015 года) і Тбілісі (верасень гэтага года).

Увогуле на выстаўцы прадстаўлена больш за 170 сувеніраў, і гэта не ўлічваючы тканых дываноў усходніх краін — проста не хапае месца, каб іх размясціць. А колькасць пабрацімаў нават спецыяліст называе толькі пасля падліку: 61, аднак гэта не поўны спіс... Бывае, што з некаторымі гарадамі супрацоўніцтва спыняецца, як, напрыклад, з Дэтройтам. Лідзія Марковіч тлумачыць, што гэты горад ужо называюць «фантомам», сувязі з ім паступова былі страчаныя.

— Гарады-пабрацімы супрацоўнічаюць у розных кірунках, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік. — У першую чаргу, гэта навучанне і перайманне вопыту. Альбо, напрыклад, у сістэме гарадской падсветкі — такое супрацоўніцтва Мінск вёў з французскім горадам Ліёнам. З Нотынгемам пабрацімства заключаецца ў будаўніцтве гандлёвых цэнтраў. Апроч таго, дзіцячы прытулак №8 носіць імя горада Нотынгем — прадстаўнікі яго кіраўніцтва выступаюць папячыцелямі прытулка. Вядзецца абмен дзіцячымі калектывамі паміж беларускім і брытанскім гарадамі.

5-23

«Залаты Дракон» і гімн на правадах

Усім мінчанам вядома назва «Сёндайскі сквер». З'явілася яна таксама ў гонар супрацоўніцтва паміж нашай сталіцай і гэтым японскім горадам. Яно, па словах Лідзіі Марковіч, зводзіцца да сферы аховы здароўя, а таксама абмену культурнымі і музычнымі калектывамі. Суразмоўца паказвае сувенір, падораны прадстаўнікамі Сёндая Мінску ў гонар 40-годдзя ўстанаўлення пабрацімскіх сувязяў — пано, выкананае ў тэхніцы лакавага роспісу з выявай замка Аоба ХVІІ стагоддзя. Гэта быў адзін з найбуйнейшых замкаў Японіі, яго разбурылі ў 1860-х гадах.

На выставе можна пазнаёміцца з сімволікай многіх гарадоў. Напрыклад, Астана прадстаўлена адразу двума гербамі: першы горад насіў з 1997 па 2007 гады, а другім карыстаецца з 2008-га і да цяперашняга часу.

Калі працягваць гаворку пра Казахстан, то нельга абысці ўвагай прыгожыя шахматы з пазалотай, якія перадала Мінску дэлегацыя з Астаны. Фігуры зроблены ў выглядзе намадаў — воінаў стэпу.

Апроч гербаў і сцягоў, на выставе можна пабачыць і збудаванні гарадскіх адміністрацый, напрыклад выяву будынка гарадскога муніцыпалітэта на памятным медалі з Бангалора.

5-20

— Мне запомнілася дэлегацыя з Ерэвана, якая вельмі эмацыйна і з прыемным здзіўленнем адрэагавала на выяву будынка мэрыі армянскай сталіцы. Гэта часам вельмі нечакана: прыехаць за мноства кіламетраў і ўбачыць тут кавалачак сваёй краіны, — адзначае Лідзія Марковіч.

На вышываным пано з в'етнамскага Ханоя — выява Чырвонага моста на возеры Хоан К'ем («Возера вернутага мяча»). З гэтым месцам звязана легенда. В'еты варагавалі з кітайцамі, і імператар першых папрасіў дапамогі ў Вялікай чарапахі, якая жыла ў гэтым возеры. Чарапаха дала яму залаты меч. Імператар разбіў кітайскія войскі і мусіў вярнуць меч. Калі ён кінуў зброю ў возера, меч зрабіў дугу і на гэтым месцы з'явіўся Чырвоны мост.

На выставе адлюстравана і тэма Другой сусветнай вайны. Напрыклад, у выглядзе зменшанай хрустальнай копіі скульптуры Кургана Бессмяротнасці з Бранска, у насыпе якога ёсць і жменя зямлі з Мінска.

— Мне падабаецца гэты сувенір, — падводзіць спецыяліст да маленькай статуэткі з вострава Сардзінія. — Скульптура з'яўляецца копіяй бранзет другога тысячагоддзя да нашай эры — маленькіх бронзавых статуэтак, якія пакінулі жыхары каменных вежаў-нураг. Такія статутэткі знойдзены на тэрыторыі ўсяго Міжземнамор'я, яны адлюстроўваюць сацыяльны склад жыхароў таго часу — стральцоў, млынароў, аратых, купцоў...

Прадстаўнікі латвійскай Ліепаі таксама пакінулі цікавы падарунак: скульптуру электраманцёра на слупе. Такая ж стаіць у самой Ліепаі, аднак у арыгінале на «правадах» напісаны радкі з гімна горада.

Яшчэ адзін падарунак з Латвіі, ужо ад Рыгі, — бурштынавы карабель. Ён сімвалізуе сабой легендарны Бурштынавы шлях, які ішоў паралельна шляху «з варагаў у грэкі».

Калі ад марскога транспарту перайсці да сухапутнага, то адзін з цікавых экспанатаў — мадэль першага аўтамабіля, выпушчанага ў Кітаі ў 1958 годзе, называецца ён «Залаты Дракон». Адметнасць гэтага аўто ў тым, што яго «аб'язджаў» Маа Цзэдун: такім чынам, гэта першы ўрадавы лімузін у Кітаі.

Расказаць пра ўсе цікавінкі выставы ў межах аднаго матэрыялу проста немагчыма. Так што раім вам схадзіць у ратушу і хаця б адзін раз на свае вочы ўбачыць экспанаты і паглыбіцца ў чароўны калейдаскоп культур свету.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.