Вы тут

Без чаргі і аператара: Як працуюць «разумныя» тэрміналы


Нядаўна ў сталічных аддзяленнях паштовай сувязі сталі з'яўляцца новыя тэрміналы, з дапамогай якіх можна самастойна адпраўляць карэспандэнцыю вагой да двух кілаграмаў. «Звязда» апрабавала новую прыладу самаабслугоўвання.

22-4

— Тэрміналы SMАRT-роst мы ўстанаўліваем для зручнасці нашых кліентаў, каб яны маглі з камфортам і без чаргі дасылаць свае адпраўленні, — расказвае начальнік упраўлення паштовых і фінансавых паслуг Алена ДРАЗДОВІЧ.

Першы тэрмінал самаабслугоўвання ўсталявалі на мінскім Галоўпаштамце яшчэ сёлета ў чэрвені, але паўнавартаснае выкарыстанне такіх прылад пачынаецца толькі цяпер. За гэты час па Мінску ўжо паставілі 40 тэрміналаў у розных, пераважна буйных, аддзяленнях паштовай сувязі. Пакуль што яшчэ спецыялісты адсочваюць водгукі кліентаў, але плануецца, што неўзабаве такія апараты з'явяцца і ў іншых рэгіёнах.

Новы сэрвіс уяўляе сабой прыстасаванне, аснашчанае вагай, прынтарам, накапляльнік для захоўвання паштовых адпраўленняў з праграмным забеспячэннем, якое звязана з плацежна-даведачным тэрміналам.

Усё афармленне пісьма ўкладаецца ў пяць немудрагелістых крокаў. Начальнік упраўлення дэманструе нам, як працуе навінка.

— Па-першае, неабходна ліст пакласці на вагу, — гаворыць Алена Драздовіч і кладзе канверт на паверхню прылады. Тут жа высвечваецца яго вага, і мы працягваем аперацыю.

На экране плацежна-даведачнага тэрмінала тым часам трэба выбраць рэжым: «Паштовыя паслугі» і «Прыём заказнога пісьма». Далей камп'ютар папросіць указаць адпраўніка: фізічную ці юрыдычную асобу. Паколькі мы здзяйсняем індывідуальную адпраўку, то, як фізічная асоба, павінны ўказаць звесткі пра сябе: прозвішча, імя, імя па бацьку, а таксама адрасы — спачатку адпраўніка, пасля атрымальніка. Усё тое самае, што мы звычайна пішам на канвертах, цяпер набіраем на экране тэрмінала.

— Калі 10 лістоў трэба даслаць, то нямала ўводзіць давядзецца, — заўважае мужчына, які назірае за дэманстрацыяй. Начальнік упраўлення пагаджаецца, але ж ці менш нам даводзіцца пісаць, калі мы пазначаем адрасы ўручную?

Далей неабходна выбраць спосаб аплаты. Разлічвацца за такую паслугу можна як наяўнымі грашыма праз купюрапрымальнік, так і плацежнай карткай. Алена Драздовіч выбірае апошні варыянт і аплачвае аперацыю. Дарэчы, каштуе яна столькі ж, колькі тая самая паслуга пры апрацоўцы аператарам: да 20 грамаў — 13200 рублёў, а пасля за кожны наступны грам налічваецца 300 рублёў.

Заўважаю, што купюрапрымальнік разлічаны на асігнацыі наміналам ад адной да 200 тысяч рублёў. Рэшты аўтамат не выдае.

— Як жа можна ўнесці 200 рублёў? — запытваю ў Алены Драздовіч.

— Неабходна ўнесці 14000, а астатняя сума залічваецца на мабільны тэлефон. Пры афармленні ліста на тэрмінале адкрываецца дадатковае акенца, дзе неабходна ўвесці нумар тэлефона, і рэшта залічваецца на яго.

Пасля ўвядзення рэквізітаў і афармлення ліста раздрукоўваюцца квітанцыя і адрасны ярлык, які трэба наклеіць на канверт. На гэтым ярлыку ўказваецца штрых-код, пры дапамозе якога можна адсочваць шлях ліста ў анлайн-рэжыме на сайце www.bеlроst.bу альбо праз тэрмінал. Цяпер ліст гатовы да адпраўкі і яго трэба ўкінуць у накапляльнік для захоўвання адпраўленняў.

— Тэрміны перасылкі такіх адпраўленняў не адрозніваюцца ад тых, якія афармляе аператар, — заўважае Алена Драздовіч.

Начальнік упраўлення тлумачыць, што выемка лістоў з накапляльніка адбываецца да моманту абмену з поштай: прасцей кажучы, пакуль па заказныя лісты не прыедзе паштовая машына, якая павязе іх на сартаванне.

Дарэчы, хутка мінчане змогуць не толькі самастойна адпраўляць карэспандэнцыю, але і атрымліваць яе — пры дапамозе паштаматаў. Першую такую прыладу ўжо ўстанаўліваюць на прадпрыемстве «Мінская пошта». Сутнасць сэрвісу заключаецца ў тым, што, калі пасылка паступае на гэты тэрмінал, атрымальніку прыходзіць SMS-паведамленне з нумарам доступу да ячэйкі. Кліент прыходзіць да паштамата, выбірае паслугу «Выдача паштовага адпраўлення», уводзіць код, які прыйшоў яму на тэлефон. Пасля гэтага ячэйка адчыняецца і адпраўленне можна забіраць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

sеrаdzуuk@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.