Вы тут

Дубы і іх імёны


На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

Спадзяёмся дзякуючы рэдакцыі даведацца паходжанне назвы вёскі Дуброва Чашніцкага раёна.

Алена Медзюк, Таццяна Гурко

Вёска Дуброва ў пісьмовых крыніцах канца XVІІІ стагоддзя згадваецца ў паланізаванай форме Дамброва. У той час паселішча адносілася да маёнтка Пачаевічы Аршанскага павета Вялікага Княства Літоўскага, належала езуітам. Этымалогія гэтай назвы празрыстая — месца, дзе раслі дубы, быў дубовы лес. Аднайменных паселішчаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі вельмі многа, амаль у кожным раёне знойдзеце назву Дуброва, Дубрава, а часта і не адну. Такая папулярнасць слова дуб у асновах тапонімаў у старажытнасці была звязана ў першую чаргу з вераваннямі ўсходніх славян, у якіх дуб лічыўся свяшчэнным дрэвам і служыў культам продкаў. Акрамя таго, дуб меў найбольшае гаспадарчае значэнне. Паводле слоў гісторыка П.Д. Бранцава, «пры будаўніцтве літоўцы сачылі, каб першыя бярвёны, што служылі асновай хаты, абапіраліся на дубовыя слупы; гэтага патрабавала як сама трываласць пабудовы, так і нейкае рэлігійнае павер'е». Людзі звярталі ўвагу і на іншыя якасці і гаспадарчыя характарыстыкі гэтага дрэва: дуб з'яўляўся паказчыкам урадлівай глебы, драўніна яго доўгі час не падвяргалася гніенню, яе прымянялі для сталярных вырабаў, кару дубу выкарыстоўвалі для дублення шкур. Як паказваюць матэрыялы помнікаў перыяду ВКЛ, многія дубы нават мелі ўласныя імёны.

P.S. Шаноўныя чытачы!

Вас цікавіць, што азначае назва горада, вёскі ці мястэчка, у якіх вы жывяце? А можа, той мясцовасці, адкуль вы родам? Вам хочацца ведаць, адкуль пайшлі найменні пэўных урочышчаў, лясоў, азёр, што размяшчаюцца ў вашай мясцовасці? Тады дасылайце свае лісты з пытаннямі на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, газета «Звязда». Або па электроннай пошце: іgumenskі@maіl.ru з пазнакай «Родныя тапонімы»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.