Вы тут

У мове адлюстраваныя філасофія, маральныя каштоўнасці і гістарычная памяць


Беларуская мова павінна выступаць сродкам кансалідацыі нацыі. Важна сфарміраваць стаўленне нашых грамадзян да нацыянальнай мовы як да найважнейшага атрыбута дзяржаўнасці і самастойнасці. У гэтым упэўнены дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў.


Захаванне нацыянальнай адметнасці

— Кожная нацыянальная мова — неацэннае багацце асобнага народа. Таксама гэта багацце ўсяго чалавецтва, таму што страта любой мовы азначае страту моўнай разнастайнасці. Абавязак нас усіх — берагчы родную мову, садзейнічаць яе росквіту і развіццю, а таксама з павагай ставіцца да моў іншых народаў, — падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА паважаны мовазнавец. — Мова — гэта і менталітэт народа, а менталітэт — вельмі шырокае паняцце, якое ўключае і філасофію народа, і псіхалогію, і маральныя каштоўнасці, і калектыўную памяць, і нацыянальны характар. Звяртаючыся да нашай гісторыі, можам упэўнена сцвярджаць, што народная гутарковая мова дазволіла беларусам захаваць нацыянальную адметнасць у той час, калі пісьмовая разнавіднасць беларускай мовы аказалася пад забаронай на некалькі стагоддзяў, калі былі прыпынены традыцыі беларускага пісьменства.

У гэтым плане выключную ролю адыграла XІX стагоддзе: дзякуючы пісьменнікам было апрацавана народнае беларускае слова, і яно стала даступнае для ўсіх беларусаў. Беларуская пісьмовая мова пачала адраджацца і адыграла выключна важную ролю ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці. Нягледзячы на ўсе складанасці моўнай сітуацыі, беларуская мова заставалася важным сродкам зносін, асноўным фактарам падтрымання нацыянальнай культуры, фарміравання нацыянальнай свядомасці і самаідэнтычнасці.

Расказваючы пра тое, што робіцца сёння для захавання і развіцця беларускай мовы, Ігар Капылоў паведаміў: летась выйшаў з друку Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы ў двух тамах. Яго аб'ём складае каля 65 тысяч слоў. У ім былі ўлічаны змены, якія адбыліся апошнім часам, зафіксаваны запазычанні, што трапілі ў беларускую мову, тыя словы, за кошт якіх папоўніўся лексічны склад мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.

Працуюць вучоныя НАН і над стварэннем новага фундаментальнага 15-томнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. У найбліжэйшай перспектыве першы том павінен выйсці ў свет. «Слоўнік будзе налічваць больш як 250 тысяч слоў — такога аб'ёму ў нас яшчэ не было, — падкрэсліў дырэктар інстытута. — Думаю, гэта будзе вельмі важнай падзеяй».

Захаванне моўнай спадчыны

У 2017 годзе быў завершаны праект стагоддзя — апублікаваны Гістарычны слоўнік беларускай мовы ў 37 выпусках, які ствараўся на працягу 60 гадоў.

Вядзецца таксама даследаванне мовы ХІХ стагоддзя. «Так адбылося, што да гэтага часу яна была недастаткова даследавана, — канстатаваў Ігар Капылоў. — Ідзе работа па стварэнні тлумачальнага слоўніка ХІХ стагоддзя і ўжо фактычна створаны слоўнікі асобных пісьменнікаў».

Ён дадаў, што вельмі важная задача стаіць перад нашай краінай па вяртанні гістарычнай моўнай спадчыны, якая на сённяшні дзень захоўваецца ў архівах замежных краін: «Я пабываў летам у камандзіроўцы ў Санкт-Пецярбургу і быў надзвычай здзіўлены, колькі там знаходзіцца рукапісаў, створаных на тэрыторыі Беларусі беларускімі краязнаўцамі, настаўнікамі, вучонымі, якія да сённяшняга дня не былі апублікаваныя. Думаю, гэта задача дзяржаўнай важнасці — вярнуць рукапісы на Беларусь і зрабіць іх даступнымі для карыстальнікаў».

Таксама вядзецца работа над Электронным зводным слоўнікам беларускіх народных гаворак.

— Аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства на працягу многіх гадоў займаецца зборам і сістэматызацыяй мовы нашых гаворак. Сёння на іх аказвае ўплыў зменлівы сучасны свет і сродкі масавай інфармацыі. Таму вельмі важна паспець усё зафіксаваць, сабраць у адзін рэсурс, што мы і робім, — растлумачыў Ігар Капылоў. — Электронны зводны слоўнік беларускіх народных гаворак будзе ўключаць мову пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя і да пачатку ХХІ стагоддзя. Экспедыцыі па зборы дыялектнай мовы працягваюцца.

Мінулым летам Ігар Капылоў сам браў удзел у экспедыцыі на тэрыторыі Браншчыны. «Прызнаюся, быў вельмі здзіўлены, што жыхары пагранічнага Суражскага раёна, які мяжуе з Касцюковіцкім раёнам, выдатна захавалі беларускую мову, якая фактычна нічым не адрозніваецца ад гаворак Гомельшчыны і часткова Магілёўшчыны, яны захавалі нашы традыцыі, культ вышыванкі, беларускія песні, фальклорныя ансамблі, — распавёў дырэктар Інстытута мовазнаўства. — Сёння перад намі ставіцца задача папулярызаваць беларускую мову ў даступнай форме, і мы стараемся яе выконваць. У нас падрыхтаваны рукапіс работ, прысвечаных пісьмовым старабеларускім помнікам XІV—XVІІІ стагоддзя, але пра іх напісана не акадэмічнай, а навукова-папулярнай мовай. У 2024 годзе плануем выдаць навукова-папулярную ілюстраваную кнігу з рабочай назвай «Як гавораць беларусы». Яна будзе прысвечана разгляду адметных асаблівасцяў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, характарыстыцы яе дыялектнай асновы, апісанню найбольш яркіх адрозненняў гаворак Беларусі. Адначасова з падрыхтоўкай выдання вядуцца здымкі відэароліка, у якім будзе расказана пра гісторыю стварэння кнігі».

Беларускі N-корпус

Архіважная справа — стварэнне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы, над якім працуе сектар камп'ютарнай лінгвістыкі. «Нам вельмі важна ісці ў нагу з часам, — падкрэслівае Ігар Капылоў. — А электронны рэсурс дапамагае ў значнай ступені аптымізаваць не толькі навуковыя даследаванні, але і працу рэдактараў, настаўнікаў і ўсіх, хто звязаны з нацыянальным словам».

Нацыянальны корпус беларускай мовы складаецца з некалькіх частак. Гэта ўласна корпус тэкстаў (ад XV да XXІ стагоддзя), корпус перакладаў Бібліі на беларускую мову, граматычная база беларускай мовы, асобныя слоўнікавыя артыкулы. Напрыклад, Біблійны корпус змяшчае 16 перакладаў Бібліі на беларускую мову, а таксама тэксты на іншых мовах для параўнання і ўяўляе з сябе зручны і эфектыўны інструмент для перакладчыкаў і даследчыкаў Бібліі. Пры дапамозе Біблійнага корпуса можна супаставіць тэксты
перакладаў, а таксама знайсці патрэбнае слова і паглядзець варыянты яго перакладу ў розных выданнях.

Аб'ём корпуса складае 177 мільёнаў словаўжыванняў, а разам з неразабранымі тэкстамі ён перавышае 1 млрд словаўжыванняў.

Электронны корпус мае вялікае практычнае значэнне ў лічбавую эпоху. Многім будзе карысны анлайн-сэрвіс праверкі правапісу, які дапаможа пазбавіцца ад памылак у тэксце, напісаным па-беларуску. Таксама на старонцы сэрвісу можна спампаваць праграму праверкі арфаграфіі для розных браўзераў.

Яшчэ адзін з новых перспектыўных кірункаў, які асвоены Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, — пераклад міжнародных дагавораў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і актаў органаў ЕАЭС з рускай мовы на беларускую. За 2022 год перакладзена 616 міжнародных дакументаў, агульны аб'ём якіх складае больш за 15 тысяч старонак.

— Таксама па даручэнні Прэзідэнта мы працягваем пераклад кодэксаў на беларускую мову. На сённяшні дзень перакладзена ўжо 17, — праінфармаваў Ігар Капылоў. — У нас створана вялікая база перакладаў. Паралельна вядзецца работа па ўдасканаленні юрыдычнай тэрміналогіі па-беларуску. Яна вельмі адказная і складаная...

У якасці прыкладу пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў самых розных сферах нашага жыцця Ігар Капылоў прывёў абарону ў канцы мінулага года кандыдацкай дысертацыі, якая была напісана на беларускай мове анколагам-хірургам: «Я прысутнічаў на абароне. Пасяджэнне вучонага савета вялося выключна па-беларуску, выступленні апанентаў, навуковага кіраўніка і дысертанта адбываліся на беларускай мове. Усім хапіла і лексічнага запасу, і беларускай медыцынскай тэрміналогіі, каб фармуляваць свае думкі па-беларуску...»

Між іншым, на працягу года супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства адказваюць прыкладна на тры тысячы запытаў ад фізічных і юрыдычных асоб, што датычацца ідэнтычнасці запісу ў дакументах, а таксама правядзення лінгвістычных экспертыз па розных пытаннях, у прыватнасці, па афармленні мемарыяльных дошак (асабліва шмат такіх запытаў было ў Год гістарычнай памяці).

Патэнцыял літаратурнай класікі

Дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка ўпэўнены, што класічная пісьмовая спадчына адыгрывае вялізную ролю ў фарміраванні нацыянальнай літаратурнай мовы і ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці. А літаратура — найважнейшы інструмент захавання гістарычнай памяці кожнага народа.

«Уласцівасць літаратурнай класікі ў тым, што яна не страчвае сваёй актуальнасці. Наадварот, яе ўздзеянне на грамадства і патэнцыял толькі растуць, — тлумачыць ён сваю думку. — Каб захаваць сілу класічнага слова, мы ў нашым інстытуце робім вельмі шмат. Напрыклад, цяпер выходзіць «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» ў 50 тамах. Выдадзены ўжо 24 тамы».

Іван Саверчанка прадставіў і сваё новае літаратурна-мастацкае выданне «Рыцары Белай Русі», прысвечанае гісторыі ІX—XІV стагоддзяў, якое адлюстроўвае этнагенез беларусаў у мастацкай форме. У кнізе ідзе гаворка пра Полацкае княства, пра пачатак Вялікага Княства Літоўскага, пра такіх асоб, як Рагвалод і Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, князі Міндоўг і Трайдзень. Асвятляюцца найважнейшыя сацыяльныя і грамадска-палітычныя падзеі тых часоў, раскрываюцца абставіны ўзнікнення першых дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях, a таксама асабісты ўклад валадароў у іх аб'яднанне.

— Хачу падкрэсліць, што не толькі мы, літаратуразнаўцы, пішам свае працы па-беларуску, але і многія калегі з гуманітарнага аддзялення Нацыянальнай акадэміі навук пры напісанні акадэмічных навуковых даследаванняў, папулярных навуковых работ карыстаюцца сучаснай беларускай літаратурнай мовай. Напрыклад, філосафы выдалі шматтомнае выданне «Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі» на беларускай мове. Нашы этнафілосафы пішуць свае працы на беларускай мове, шмат гісторыкаў выдае навуковыя працы на беларускай мове. Тое ж робяць культуролагі і фалькларысты. А калі зазірнуць у нашы навуковыя часопісы, то можна ўбачыць там навуковыя артыкулы на беларускай мове і фізікаў, і біёлагаў.

Выхаваўчая функцыя падручніка

У верасні мінулага года ў беларускіх школах прайшлі Тыдзень роднай мовы і Рэспубліканская дыктоўка, удзел у якой узяў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыны Булаўкінай, ва ўстановах адукацыі праводзіцца планамерная сістэмная работа па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы. Асноўны акцэнт робіцца на работу з бацькамі, бо рашэнне аб тым, на якой мове будзе вучыцца дзіця, прымаюць яго законныя прадстаўнікі. І менавіта такое рашэнне ўплывае пазней на адкрыццё класаў і школ з беларускай мовай навучання. «Заўважана добрая тэндэнцыя: у школах з рускай мовай навучання сёння па жаданні бацькоў сталі больш актыўна стварацца беларускамоўныя класы, — падкрэсліла Ірына Булаўкіна. — Так, пасля закрыцця малакамплектных селькіх школ, дзе дзеці навучаліся па-беларуску, па жаданні вучняў у школах з рускай мовай навучання, куды яны пераводзяцца, адкрываюцца і класы з беларускай мовай навучання».

Яшчэ адзін дзейсны інструмент папулярызацыі роднай мовы сярод школьнікаў — інтэлектуальныя спаборніцтвы па беларускай мове і літаратуры (конкурс даследчых работ і рэспубліканская алімпіяда), удзел у якіх на розных этапах бярэ штогод каля 40 тысяч навучэнцаў.

— Чым адметны сучасны школьны падручнік па беларускай мове, які дапамагае паспяхова вывучаць і засвойваць родную мову? — разважае намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце Вольга Зелянко. — Пры навучанні беларускай мове мы імкнёмся аб'яднаць у адзін працэс вывучэнне беларускай мовы і культуры, каб сучасны школьнік усведамляў, што родная мова — гэта феномен нацыянальнай культуры. Выхаваўчая функцыя падручніка — функцыя нумар адзін, і нашы падручнікі па беларускай мове гэтую функцыю паспяхова выконваюць.

Сучасныя школьныя падручнікі багатыя на так званыя дадатковыя тэксты, у іх ёсць рубрыкі «Звярніце ўвагу», «Паслухайце мовазнаўцаў», «Скарбы мовы», «Дакладнасць маўлення», «Гавары і пішы правільна».

Што датычыцца зместу школьнай літаратурнай адукацыі, то ён, як запэўнівае Вольга Зелянко, вельмі рухомы ў плане з'яўлення там сучасных аўтараў, перагляду актуальнасці зместу для сучасных дзяцей пэўных літаратурных твораў.

— Мы пастаянна абнаўляем школьную праграму па літаратуры з улікам доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў. Настаўнікі нам падказваюць, што пэўны твор не выклікае эмацыянальнага водгуку ў школьнікаў, нейкі твор дзецям цяжка вывучыць на памяць. Або твор можа быць складаным для ўспрымання і вельмі аб'ёмным, але ён вельмі важны, таму яго пераносяць у спіс літаратуры для дадатковага чытання. У склад рабочай групы, якая пераглядае змест школьнай праграмы па літаратуры, уваходзяць і вучоныя, якія займаюцца методыкай навучання беларускай літаратуры, і настаўнікі, якія працуюць з дзецьмі штодня, і спецыялісты з Інстытута літаратуразнаўства, і пісьменнікі. Калі набліжаецца час перавыдання вучэбнага дапаможніка, мы стараемся абавязкова ўлічыць пажаданні і прапановы і спецыялістаў, і грамадскасці для таго, каб зрабіць змест літаратурнай адукацыі больш адпаведным узроставым, інтэлектуальным і пазнавальным магчымасцям дзяцей», — дадала Вольга Зелянко.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.