Вы тут

«Звязда» разбіралася, чаму сям'і не пашыраюць жылплошчу


— Тут дзіцячы ложак стаіць, канапа, раскладное крэсла, тумбачка, шафа і камп'ютарны стол. Калі канапа раскладваецца, у мяне застаецца менш за паўкрока прасторы, — расказвае Аляксандр Бандаровіч. Пералічаныя рэчы займаюць увесь інтэрнатны пакойчык плошчай менш за 12 квадратных метраў, дзе жывуць чацвёра. Атрымліваецца менш за тры «квадраты» на чалавека... Кожны дзень сям'я Бандаровіч вымушана есці, спаць, бавіць час, рабіць урокі, тулячыся ў адным маленькім памяшканні, прадастаўленым Мінскім заводам аўтаматычных ліній. Ужо хутка год, як яны спрабуюць «выбіць» належныя ёй «метры», але паразуменне з кіраўніцтвам завода знайсці не атрымліваецца.

Гэ­тае па­мяш­кан­не пра­па­на­ва­лі сям'і ў ін­тэр­на­це на Ба­та­ніч­най

«Бярыце, што даюць, або здымайце кватэру!»

Ірына Бандаровіч больш за 13 гадоў адпрацавала на МЗАЛ. У 2007 годзе яна, маючы дзіця ад першага шлюбу, падала заяву на пашырэнне жылплошчы. Але на той момант на жанчыну з дзіцем прыпадала якраз па 6 належных на чалавека «квадратаў».

Мінулай зімой Ірына пабралася шлюбам з Аляксандрам, і з сакавіка сям'я спрабуе палепшыць жыллёвыя ўмовы. Некалькі разоў падавалі дакументы ў жыллёвую камісію, а замест адказу атрымалі пытанне: а на якой падставе Аляксандру не выдзяляе жылплошчу трактарны завод, на якім мужчына працуе?

— А пры чым тут трактарны завод, калі я для сябе і дзяцей гэтае жыллё выбіваю? Я ж стаю на чарзе, пры чым тут муж? Раптам я з ім жыць не буду, калі так меркаваць? — запытваецца Ірына.

Аляксандр тлумачыць, што ён таксама стаў на чаргу на сваім прадпрыемстве, але, па-першае, працуе ён там не так даўно, а па-другое, яго імя значыцца 568-м у агульным спісе ахвотнікаў атрымаць пакой.

Калі адбылося новае пасяджэнне жыллёвай камісіі, адмову ў пашырэнні плошчы патлумачылі адсутнасцю ў інтэрнаце вольных блокаў.

— Блокі тут ёсць, але яны з'яўляюцца жыллём для тых, хто працуе ў адміністрацыі, і іх набліжаных, — мяркуе Аляксандр. Ён расказвае, што ў іх блоку ў суседнім пакоі на такой жа плошчы жыве адна жанчына.

Пасля чарговай адмовы ў пашырэнні сям'я звярнулася ў адміністрацыю Партызанскага раёна сталіцы. Адтуль таксама неаднаразова адпраўлялі запыты на завод, падключылі нават кіраўніка адміністрацыі Дзяніса Аўсяннікава, які ад свайго імя прасіў выдзеліць сям'і блок. Аднак і гэта аказалася безвыніковым.

Дайшлі да пракуратуры

У верасні ў Бандаровічаў нарадзіўся яшчэ адзін сын, і плошчы ў пакойчыку катастрафічна стала не хапаць. Нарэшце ім прапанавалі пакой у 18 квадратных метраў у іншым інтэрнаце на вуліцы Батанічнай.

— Мы прыехалі паглядзець той пакой, убачылі, што ён у крытычным стане — там правады тырчаць са сцен, шпалеры і падлога абадраныя. У тым пакоі чалавек павесіўся. А калі МНС з праверкай туды прыехала, выпісала штраф, — расказвае Аляксандр. — Калі мы прыехалі на завод і спыталі ў начальніка аддзела кадраў: «Што вы нам прапануеце?», нам каротка адказалі: «Бярыце, што даюць, або здымайце кватэру!»

— Як мне патлумачылі ў федэрацыі прафсаюзаў, нас не маюць права перасяляць у іншае месца, калі ёсць жыллё ў нашым інтэрнаце, — заўважае Ірына.

Апроч таго, па нормах прапанаванага памяшкання таксама было недастаткова: чатыры чалавекі павінны жыць на 24 метрах. У якасці кампрамісу сям'і прапанавалі два пакоі па 18 метраў, аднак тады атрымліваецца, што за лішнюю плошчу таксама трэба плаціць. Да таго ж Аляксандр з Ірынай не хочуць пераязджаць у іншы інтэрнат: тут увесь рамонт зроблены рукамі жонкі, старэйшы сын ходзіць у школу, малодшага запісалі ў садок...

Яшчэ адна праблема ў тым, што дырэктар завода адмаўляецца ўключаць Аляксандра ў склад сям'і Ірыны. Вось такі парадокс: штамп у пашпарце ёсць, дзіця ёсць, а ў сям'ю чалавек не ўваходзіць!

У Бандаровічаў сталі ўзнікаць канфлікты з суседзямі: маўляў, тыя не хочуць прыбірацца ў блоку, і ўсё даводзіцца рабіць Ірыне, нават падчас цяжарнасці яна наводзіла чысціню адна. Гэта дайшло да заводскага аддзела кадраў, і цяпер адмову ўключаць Аляксандра ў дагавор найму і выдзяляць яму жылплошчу матывуюць тым, што ён сварыцца з суседзямі.

— Загадчыца інтэрната мне ўвогуле аднойчы сказала, што мае права трымаць мяне тут да дзесяці гадзін, а пасля — да пабачэння, — абураецца Аляксандр.

Тады мужчына звярнуўся да ўчастковага, і той растлумачыў, што ён мае права пражываць на плошчы сваёй жонкі, пры гэтым можа быць зарэгістраваны дзе заўгодна.

Дарэчы, нованароджанага сына Ірыны і Аляксандра таксама дагэтуль не зарэгістравалі ў інтэрнаце — дакументы ўжо чатыры месяцы ляжаць на стале дырэктара без подпісу.

Сям'я ўжо дайшла да пракуратуры і Міністэрства прамысловасці. Цяпер пракуратура праводзіць праверку, і міністэрства чакае яе вынікаў.

— У мяне апошняя інстанцыя — суд, таму што гэту беззаконнасць трэба спыняць.

Па­кой, дзе жы­ве сям'я Бан­да­ро­віч. Ця­пер тут ста­іць яшчэ і дзі­ця­чы ло­жак

«Трэба жыць па законе»

«Звязда» не магла прадставіць сітуацыю аднабакова і звянулася па каментар на завод. Вось што нам расказаў намеснік дырэктара МЗАЛ па ідэалагічнай працы Ягор ЖУРАЎ:

— У іншым інтэрнаце мы выдзелілі пакой плошчай у 18 квадратных метраў для сям'і з трох чалавек, як было ўказана ў заяве. Ніякіх кепскіх умоў там няма, ён адрамантаваны, са шклопакетамі, шпалерамі, добрае памяшканне. Яны (Бандаровічы. — Аўт.) настойваюць на цэлым блоку там, дзе цяпер пражываюць, але такой магчымасці пакуль няма. Я не буду, як яны прапануюць, высяляць з блока людзей, каб засяліць іх.

— Але ж кажуць, што за стан пакоя ў іншым інтэрнаце МНС выпісала штраф?

— Гэта не за той пакой, — заяўляе намеснік дырэктарара і ў той жа час запэўнівае, што ўвесь інтэрнат добры. (Але, выходзіць, усё ж ёсць у ім нешта ў нездавальняючым стане?)

— Мы нават стварылі спецыяльную камісію, якая з'ездзіла, паглядзела тое памяшканне, зацвердзіла, — працягвае суразмоўца. — Але сям'я пастаянна нечым незадаволеная. Вы можаце самі з'ездзіць паглядзець пакой 6А, які мы прадаставілі сям'і Бандаровіч. Добры інтэрнат, там жывуць нашы начальнікі.

Ад прапановы мы адмовіцца не змаглі і паехалі ў інтэрнат на вуліцы Батанічнай. Тым больш што той пакой, дзе цяпер жыве сям'я Бандаровіч, Аляксандр папрасіў не фатаграфаваць: аднойчы туды ўжо прыязджалі журналісты, і, паводле яго слоў, пасля выхаду матэрыялу праходзіць да Бандаровічаў з камерай забаранілі.

Нас сустракае загадчыца інтэрната Вольга САБІНСКАЯ і паказвае сваю «вотчыну» — актавую залу, пакой школьніка, дзіцячы, заводзіць у агульную кухню, дазваляе нават сфатаграфаваць прыбіральню і расказвае, што патроху ў інтэрнаце робіцца рамонт. Затым загадчыца паказвае той самы пакой 6А плошчай 18,5 квадратнага метра, які нібыта прапаноўвалі сям'і Бандаровіч. Памяшканне са шклопакетамі, просценькімі шпалерамі на сценах і «лямпачкай Ільіча» выглядае не тое, каб на катэгорыю «люкс», але і непрыдатным для жыцця яго не назавеш.

— У адміністрацыі раёна паведамілі, што МНС наклала штраф на дырэктара завода за стан вашага інтэрната...

— Ведаеце, да чаго прычапіліся? Да таго, што ў мяне кветка замінала падысці да пажарнай скрыні. Я зрабіла часовую ілюмінацыю, правяла провад і туды паклала. Мне сказалі прыбраць — і я прыбрала. Ну і не былі пранумараваныя пажарныя скрыні.

Не пацвердзіла Вольга Сабінская і інфармацыю, што інтэрнат перадаюць Мінгазу (пра гэта карэспандэнту «Звязды» распавёў Аляксандр Бандаровіч праз нейкі час пасля сустрэчы).

— Суседні інтэрнат перадаюць, не наш, — запэўніла загадчыца.

Затое гісторыю пра тое, што ў інтэрнаце павесіўся чалавек, Вольга Анатолеўна не стала адмаўляць. Але, паводле яе слоў, гэта здарылася не ў тым пакоі, які прапаноўвалі Бандаровічам.

— Магчыма, Бандаровічаў засмучае, што ў іх блочная сістэма, там свой туалет, а ў нас кухня, рукамыйнік і прыбіральня агульныя, — гаворыць Вольга Сабінская.

Па яе словах, сям'я не прыязджала глядзець прапанаваны пакой.

Ва ўсёй гэтай гісторыі зразумела адно: як заўсёды, абодва канфліктуючыя бакі імкнуцца перацягнуць коўдру на свой бок. Але калі б у гэтай сітуацыі вяршэнстваваў закон, то і канфлікту ніякага не было б.

Старшыня Партызанскага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў г. Мінска Святлана КУПЦОВА:

— Сітуацыя такая, што наймальнік чамусьці адмаўляецца рэгістраваць мужа Бандаровіч, хоць ён абавязаны гэта зрабіць, мы ўсе дакументы праверылі. І пашыраць жылплошчу таксама адмаўляецца — але ж трэба жыць па законе!

На кіраўніка прадпрыемства ўжо і штраф МНС накладала, і ў адміністрацыю яго выклікалі, ён усё адно робіць тое, што хоча. Сям'і Бандаровіч прапанавалі пакой у інтэрнаце на Батанічнай, але ён быў у неналежным стане, там умовы горшыя, і Ірына напісала афіцыйную адмову ад яго. А кіраўніцтва па метражы быццам бы пытанне вырашыла, а па сутнасці — не. Я напісала на адрас дырэктара афіцыйную паперу, што праблема застаецца нявырашанай. Цяпер ідзе праверка пракуратуры, і яшчэ чакаем адказ ад жыллёвай камісіі. Хоць апошняя так рэагуе на запыты: некаторыя ўвогуле выкідае.

Фота Надзеі Бужан, Максіма Тарналіцкага, onlіner.by

sеrаdzуuk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калі жывеш на трох «квадратах»...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.