Вы тут

Пяць свойскіх сабак загрызла ваўчыца ў Івацэвіцкім раёне


Пяць свойскіх сабак загрызла ваўчыца ў вёсках Святая Воля і Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна. Яна забягала проста на падворкі і нападала на прывязаных ля будак рэксаў і шарыкаў.


— Нарабіла перапалоху тая драпежніца, — расказала карэспандэнту газеты кіраўнік справамі Святавольскага сельскага Савета Валянціна САГАНОВІЧ. — Нярэдка ўсё адбывалася на вачах у людзей, вяскоўцы ганялі ваўчыцу, пужалі рознымі прыстасаваннямі. А яна перабягала на іншы падворак, накіроўвалася ў суседнюю вёску і чыніла сваю расправу далей. Праўда, на людзей не спрабавала кідацца.

Мясцовыя паляўнічыя адсачылі і ліквідавалі небяспечнага звера. Галава ваўчыцы накіравана ў лабараторыю на аналіз, вынікаў пакуль няма, але спецыялісты падазраюць, што жывёліна хворая на шаленства, — працягвае Валянціна Віктараўна. — Таму ветслужбы правялі неабходную прафілактычную работу, зроблены прышчэпкі свойскім жывёлам, якія маглі б кантактаваць з няпрошанай лясной госцяй.

Паводле слоў кіраўніка справамі сельвыканкама, такое здарэнне ў вёсках сельсавета адбылося ўпершыню. Названыя населеныя пункты знаходзяцца блізка ад лесу. Бывала, што забягалі лісы, сярод якіх былі і шалёныя. А ваўкі ніколі раней не набліжаліся да чалавечага жытла.

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ваўчыца нападала на сабак

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.