Прадстаўніца нашай краіны паспяхова выступае на прэстыжным тэнісным турніры ў Аўстраліі, беларускія футбалісты дабраліся да фіналу Кубка развіцця, а айчынныя заўзятары ў мінулыя выхадныя атрымалі шанц убачыць галоўны трафей Кантынентальнай хакейнай лігі. Пра самыя актуальныя спартыўныя падзеі — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».
1. Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі ў Мельбурне. для гэтага беларускай тэнісістцы прыйшлося абыграць чэшку Барбару Стрыкаву — 6:2, 6:4. У першым туры Вікторыя была мацнейшая за бельгійку Элісан Ван Эйтванк — 6:0, 6:0, затым упэўнена перайграла чарнагорку Данку Ковініч — 6:1, 6:2, а потым перамагла японку Наомі Асака — 6:1, 6:1.
У матчы за выхад у паўфінал Азаранка згуляе з нямецкай тэнісісткай Ангелікай Кербер.
— Мне заўсёды падабалася гуляць з Кербер. Яна прымушае мяне папрацаваць. І я рыхтуюся да вельмі складанага матча, таму што яна вельмі стабільная і заўсёды змагаецца да канца. Я павінна буду паказаць усё, на што здольная, у гэтым матчы, — адзначыла Вікторыя.
2. Футбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-18) занялі другое месца ў розыгрышы Кубка развіцця-2016. У фінальным паядынку яны не змаглі перайграць аднагодкаў з Украіны, лік сустрэчы — 1:3.
Адзначым, што гэта ўжо трэці поспех украінскай зборнай на турніры ў Мінску. Галоўны трафей спаборніцтваў яны ўжо выйгравалі ў 2009 і 2012 гадах.
3. У мінулыя выхадныя ў Мінску можна было ўбачыць галоўны прыз чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі — Кубак Гагарына. Ганаровы трафей быў выстаўлены ў спецыяльнай зоне ў гандлёвым цэнтры «Замак» і сабраў каля сябе нямала аматараў хакея. Дакрануцца да кубка было немагчыма, а вось сфатаграфавацца — лёгка.
Нагадаем, Кубак Гагарына ўручаецца пераможцу плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, трафей выраблены з 19 кг серабра 925-й пробы. Звонку ён пакрыты пазалотай, па крузе ўпрыгожаны маленькімі шайбамі, на якіх выгравіраваны назвы камандаў-пераможцаў, а на спецыяльных таблічках — імёны і прозвішчы хакеістаў, трэнераў і кіраўнікоў клубаў, якія станавіліся ўладальнікам кубка.
4. Шосты этап Кубка свету па біятлоне ў Антхольцы завяршыўся эстафетамі. Сярод мужчын у гэтым відзе спаборніцкай праграмы наймацнейшымі сталі расіяне, у жаночай гонцы першынствавала каманда Францыі. Мужчынская зборная з Беларусі ў складзе Уладзіміра Чапеліна, Рамана Елетнёва, Дзмітрыя Абашава і Дзмітрыя Дзюжава заняла толькі 13-е месца. Беларускія дзяўчаты (Надзея Скардзіна, Ганна Сола, Дар'я Юркевіч і Ірына Крыўко) фінішавалі сёмымі.
Наступны, сёмы, этап Кубка свету па біятлоне пройдзе з 4 па 7 лютага ў канадскім Кенмеры.
lobazhevich@zviazda.by
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?