Вы тут

Сёння перададуць сімвалічны ключ ад маладзёжнай сталіцы


Урачыстая цырымонія перадачы сімвалічнага ключа ад маладзёжнай сталіцы пройдзе сёння ў Баранавічах.


Маладзёжная сталіца Беларусі — праект, які быў прапанаваны ў Год моладзі.

— Мы доўга выбіралі з усіх прэтэндэнтаў (а на гэтае званне прэтэндавалі першапачаткова 35 гарадоў) самы маладзёжны, цікавы, займальны, адукацыйны і спартыўны горад. Конкурсны адбор ажыццяўляўся на падставе многіх крытэрыяў, у прыватнасці ўлічваліся колькасць моладзі ў населеным пункце, добраўпарадкаванне тэрыторыі горада, магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, баўлення вольнага часу моладдзю і іншыя. У досыць складанай барацьбе перамог горад Баранавічы, — падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК.

Журы былі прэзентаваны шматлікія месцы для баўлення вольнага часу — усе паркавыя зоны горада (летась у Баранавічах адкрыўся парк моладзі «Натхнёныя Перамогай»), стадыён па хакеі на траве «Дубава-Спорт» і стадыён «Лакаматыў», Лядовы палац, востраў закаханых у Паўночным мікрараёне... Абсалютным пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2014» стала пяцікурсніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Малаканава, што таксама ўвайшло ў залік...

— Маладзёжная сталіца падорыць краіне шмат цікавых праектаў, — паабяцаў Віктар Якжык. — Сярод мерапрыемстваў, якія пройдуць у 2016 годзе, — «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», «Лідар года», «Малады спецыяліст», форум «Фестываль маладзёжнай навукі», выставы «100 ідэй для СНД», іншыя буйныя і крэатыўныя праекты.

Учора ў маладзёжнай сталіцы адкрыўся Рэспубліканскі студэнцкі форум «Моладзь — надзея і будучыня Беларусі», які сабраў прадстаўнікоў 43 ВНУ.

Плануецца, што два дні юнакі і дзяўчаты будуць абмяркоўваць праблемы, праекты і ініцыятывы. У горадзе арганізавана дзейнасць культурна-асветніцкіх, эколага-турыстычных і спартыўных пляцовак. Пройдзе маладзёжны танцавальны флэш-моб «Мы з табой разам», фотаконкурс мабільнай фатаграфіі, спаборніцтвы па камп'ютарных гульнях, інтэрактыўны бліц-праект «Рэцытацыя. Багдановіч». Адбудзецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі, Баранавіцкім гарвыканкамам і Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) аб далучэнні Баранавіч да міжнароднай ініцыятывы «Горад, дружалюбны да дзецей». А ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце будзе арганізаваны адкрыты дыялог «Залог поспеху краіны — поспех моладзі» з удзелам міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.

Да слова, званне «маладзёжная сталіца» — пераходнае, і за яго ў будучыні зможа пазмагацца любы абласны ці раённы горад Беларусі.

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У маладзёжнай сталіцы — студэнцкае свята

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.