Вы тут

Лучынская зорка


Наша чытачка Соф'я Кусянкова ў раённы вузел паштовай сувязі прыехала са сваёй вёскі Лучын, каб падтрымаць журналістаў пры правядзенні падпісной кампаніі. Сама жанчына ўжо шмат гадоў з'яўляецца не толькі пастаяннай падпісчыцай, але і аўтаркай нашай газеты.


— Гэта спачатку я была звычайнай чытачкай. Потым — дзесьці з 2001 года — пазнаёмілася з многімі журналістамі і стала пісаць у газету. А далей, як той казаў, пайшло і паехала. Дзякуючы таму, што стала друкавацца ў «Звяздзе», пачала пісаць розныя творы ўвогуле, нават прыпеўкі. Збіраю інфармацыю пра нашы мясцовыя гаворкі, тапонімы і гідронімы... Дарэчы, зусім нядаўна гісторыі, якія раней друкаваліся ў «Звяздзе», былі аб'яднаныя пад вокладкай вялікай кнігі. Яе мне дапамаглі стварыць і надрукаваць у межах адной з ініцыятыў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца Праграмай развіцця ПРААН і фінансуецца ЕС.

Соф'я Парфір'еўна ўпэўнена, што яе родная вёска Лучын, дзе яна ўсё жыццё прапрацавала бухгалтаркай, магла б стаць новай сталіцай гумару ўсёй Беларусі.

— Больш за 10 гадоў я пішу ў рубрыку «Алё, народ на провадзе». Напісала каля 90 гісторый пра Лучын — вельмі смешных. Калі з'явілася рубрыка Валянціны Доўнар «Простая мова», яна была нечым незвычайным. Гэта ж пра наша жыццё, і менавіта таму мне падабалася. Вельмі крыўдна, калі гавораць, што наша мова непрыгожая, грубая, хамская. Нельга так ставіцца да сябе, да сваёй спадчыны. Не любіць мову — значыць, не любіць не толькі сябе, але і сваіх продкаў, якія размаўлялі на гэтай мове. У «Звяздзе» ёсць усё, што патрэбна: інфармацыя і пра палітыку, і пра кухарства, і пра гародніцтва. Таму я ўсім прапаную падпісвацца на родную газету на роднай мове і нават пісаць у яе свае гісторыі. Я ж увогуле ваша фанатка.

Між тым, аматаркай нашай газеты з'яўляецца і начальнік Рагачоўскага раённага вузла паштовай сувязі Святлана Зайцава. Яна выпісвае газету разам з маці і карыстаецца слушнымі парадамі. Напрыклад, вычытала, як зрабіць «смажаны боршч», і цяпер яго робіць толькі па «звяздоўскім» рэцэпце.

— Так гадамі склалася, што ў вас ёсць пастаянныя падпісчыкі. Газета «Звязда» для многіх — самы галоўны крытэрый праўды. Гавораць: калі ў «Звяздзе» напісана — можна верыць.

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.