Вы тут

Мэр Мінска пра будучыню і праблемы сталіцы


Мэр Мінска — пра планы ў будаўніцтве жылля і сацыяльных аб'ектаў, платныя паркоўкі і культурныя падзеі.

Колькі жылля пабудуюць у Мінску? Калі вырашацца праблемы з дашкольнымі і амбулаторнымі ўстановамі? Якія святы прывабяць сёлета мінчан і турыстаў? Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй ШОРАЦ расказаў журналістам, чым будзе жыць сталіца ў 2016 годзе.


Новыя «метры», але не арэндныя

Сёлета ў сталіцы плануецца пабудаваць 735 тысяч кв.м жылля. Пры гэтым для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаяць на спецыяльным уліку, пабудуюць 390 тысяч кв.м жылля. Для тых, хто будуецца з дзяржаўнай падтрымкай — 97 тысяч кв.м (у тым ліку па дзяржзаказе — 15 тысяч кв.м). Для шматдзетных сем'яў у Мінску плануецца ўзвесці 51,4 тысячы кв.м жылля. На гэта будаўніцтва выдаткуюць 380 млрд рублёў.

Таксама ў 2016-м у Мінску збіраюцца пабудаваць 3 тысячы кв.м жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. Для гэтага са сродкаў гарадскога бюджэту выдзеляць
30,2 млрд рублёў.

А вось арэнднае жыллё сёлета будаваць не будуць праз адсутнасць сродкаў у бюджэце. Хіба што ўвядуць у эксплуатацыю два шматпавярховікі на вуліцы Солтыса, узвядзенне якіх пачалося летась. Пры наяўнасці сродкаў гарадскія ўлады абяцаюць вярнуцца да будаўніцтва арэнднага жылля ў 2017 годзе.

Разам з тым сёлета ў сталіцы пачнуць працаваць адразу чатыры гатэлі. Гэта будуць гасцініцы Hіlton і Marrіott, яшчэ па адным гатэлі з'явіцца на вуліцы Кастрычніцкай і каля аквапарку.

Многіх хвалюе пытанне завяршэння будаўніцтва гасцініцы каля цырка, якую планавалася здаць яшчэ да чэмпіянату свету па хакеі два гады таму. Аднак пакуль, па словах Андрэя Шорца, добрых навін не чуваць. «Сродкаў на тое, каб дабудаваць аб'ект, у інвестара няма. А з іншымі кампаніямі, нягледзячы на шэраг перамоў на розных узроўнях, пакуль канкрэтных дамоўленасцяў няма», — паведаміў старшыня Мінгарвыканкама.

Пра садкі, паліклінікі і паркоўкі

Па словах Андрэя Шорца, у бліжэйшыя некалькі гадоў у Мінску знікне праблема недахопу дзіцячых садкоў і паліклінік. Да 2020 года ў буйных жылых мікрараёнах сталіцы павінны пабудаваць 15 дзіцячых дашкольных устаноў. Тры дзіцячыя садкі сёлета з'явяцца ў мікрараёнах Міхалова-2, Каменная Горка-3 і жылым квартале «Магістр». Таксама да 2020 года плануецца ўзвесці восем школ (з іх дзве ўжо сёлета: у мікрараёнах Дружба-1 і Масюкоўшчына-3) і столькі ж паліклінік.

У горадзе ёсць яшчэ адна праблема: паркоўкі. Дакладней, празмерная загружанасць аўтамабілямі двароў пры пустых перахопных стаянках у горадзе.

«Нельга пабудаваць каля кожнага пад'езда паркоўку, — заявіў Андрэй Шорац. — У той час, калі ля дамоў у некалькі шэрагаў прыпаркаваны машыны, паркінгі пустуюць. Каб сітуацыя змянілася, неабходна мяняць свядомасць грамадзян».

У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні адказнасці за няплату платнай паркоўкі. Кіраўнік горада паабяцаў, што колькасць платных месцаў для паркоўкі ў цэнтры Мінска будзе расці, і разам з тым будуць закрывацца двары для пабочных машын. Аднак гэта адбудзецца не бліжэйшым часам, бо трэба стварыць неабходную нарматыўна-прававую базу.

Пільная ўвага спорту

Гарадскія сродкі плануецца накіраваць і на будаўніцтва спартыўных аб'ектаў, у прыватнасці, басейнаў. Адзін з іх плануюць пачаць будаваць ужо сёлета. Таксама да канца гэтага лета ў горадзе павінен быць пабудаваны шматпрофільны парк, у якім змогуць практыкавацца прадстаўнікі розных вулічных кірункаў.

Сродкі на фінансаванне будаўніцтва гэтага праекта таксама будуць выдзелены з гарадскога бюджэту. Цэнтр размесціцца на вуліцы Сталетава, а ў яго структуры будуць знаходзіцца пляцоўкі для заняткаў воркаутам, паркур-гарадок, скейт-парк, дзіцячыя пляцоўкі з абсталяваннем для фізічнага развіцця. Таксама плануецца ўладкаваць пляцоўкі для заняткаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, для міні-футбола, стрытбола, брэйк-данса.

Шоу байкераў, нацыянальныя фестывалі і асаблівае свята

Мінчан і гасцей сталіцы сёлета чакаюць як традыцыйныя, так і новыя культурныя мерапрыемствы. Ужо ў красавіку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мотасезона (а ў верасні — закрыццё).

У маі ў Верхнім горадзе адкрыецца летні музычна-турыстычны сезон, які так палюбіўся мінчанам і гасцям сталіцы. А для аматараў актыўнага адпачынку сёлета зноў арганізуюць Мінскі «Polo марафон», хіба што гарадскія ўлады прагназуюць двухразовае павелічэнне яго ўдзельнікаў.

У мінулым годзе разам з грузінскай дыяспарай упершыню правялі  свята культуры гэтай краіны «Тбілісоба». Старшыня Мінгарвыканкама прапанаваў усім дыяспарам прыняць удзел у 2016 годзе ў такіх мерапрыемствах і правесці Дні нацыянальных культур. «Цяпер гэта пытанне прапрацоўваецца. Цікавасць ужо праявілі армянская і азербайджанская дыяспары», — паведаміў Андрэй Шорац.

А яшчэ Мінгарвыканкам гатовы разгледзець прапановы гараджан па святкаванні асаблівага дня Мінска.

«Калі атрымаецца арганізаваць такое значнае мерапрыемства, якое прыцягне ў сталіцу вялікую колькасць турыстаў і значна павялічыць паступленне сродкаў у бюджэт ад турыстычнай галіны, то мы заахвоцім аўтараў гэтага праекта каштоўным падарункам», — паабяцаў кіраўнік горада.

seradzyuk@zviazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Клопат у межах бюджэту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.