Вы тут

21 раз... верабей


Каля нашага пад'езда вельмі шмат бяздомных катоў. На днях, калі вярталася дадому, выпадкова пачула, як хлопчык гадоў чатырох усклікнуў: «Ой, тата, паглядзі, колькі коцікаў! Іх трэба пакарміць!» Які цудоўны хлопчык! — парадавалася. Вось, думаю, зараз той тата дастане з пакунка, што трымае ў руках, кавалак каўбасы ці хлеба і падтрымае светлы парыў свайго сына. ...Але мужчына прамаўчаў. Больш за тое, калі адзін з тых паласацікаў пачаў церціся аб яго нагу, адштурхнуў яго з такой злосцю...


Улетку каля заапарка (там бавяць час шмат маладых сем'яў) нярэдка даводзілася бачыць, як бацькі выхоўваюць сваіх капрызных малых. І кожны раз я чамусьці адразу ўзгадвала сябе... Як уцякала па канаве ў чырвонай сукенцы да суседкі цёці Клавы, якая дазваляла мне ўсё і катала на сваім УАЗіку. І як потым бегла назад, аж пяты блішчэлі, бо ззаду з дубцом даганяў тата. Часам мне, вядома, добра перападала тым дубцом, але, як правіла, удавалася ўцячы і перачакаць буру ў надзейных схованках: пад ложкам ці за шафай...

З таго часу прайшло гадоў 25. І вось нядаўна я атрымала кухталя... ад маленькага сына сяброўкі. «Ну, ён у нас такі, — толькі развёў рукамі яго тата. — Калі штосьці не па ягонаму, можа і ўдарыць...» «Ды нічога, — аджартавалася я, — буду ведаць цяпер, як чапаць чужыя цацкі...»

«Адкуль у такога маленькага столькі злосці? — не пакідала мяне думка па дарозе дадому. — Адкуль ён наогул ведае, што можна ўдарыць? Можа, гэта ў нас закладзена на генетычным узроўні?.. Мы ж таксама ў дзяцінстве біліся з сястрой, калі нешта не маглі падзяліць». А потым згадала, як тая сяброўка абразала сыну пазногці. Той плакаў, вырываўся, істэрыў. У нейкі момант яна не вытрывала і з такой жа злосцю, што я дагэтуль бачыла ў вачах яе сына, ударыла малога...

Не сакрэт, што чалавек, які падымае руку на іншага, тым самым прызнае сваю слабасць. Вядома ж, прасцей паддацца эмоцыям, чым набрацца цярпення і паспрабаваць растлумачыць, пашукаць падыход. Але пасля не трэба здзіўляцца, што ваш сын штурхне нагой бяздомнага ката ці, не дай Бог, ударыць сваю жонку або маці...

Як гэта ні парадаксальна, людзі, як правіла, зрываюць злосць не на калегах па працы, не на мінаках на вуліцы, а на самых блізкіх людзях: бацьках, мужу, жонцы, дзецях... Я не выключэнне.

Неяк натрапіла на YouTube на кранальны ролік пра любоў і цярпенне. Сядзяць на лавачцы сын са старэнькім татам.

— Што гэта? — пытаецца дзядуля.

— Верабей.

— Што гэта? — паўтарае ён праз колькі секунд.

— Тата, я ж толькі што сказаў. Гэта верабей.

— Што гэта?

— Гэта верабей, тата, верабей! В-е-р-а-б-е-й! — перайшоў на крык сын.

— Што гэта?

— Чаму ты ўвесь час пытаешся? Колькі я табе магу казаць, што гэта верабей! Ты не можаш гэтага запомніць?

Дзядуля падняўся і пайшоў у бок дома. Праз некалькі хвілін вярнуўся з пажаўцелым сшыткам, спісаным дробным почыркам: «Чытай. Уголас».

— Сёння я са сваім трохгадовым сынам гуляў у парку, і перад намі сеў верабей. Мой сын спытаў мяне 21 раз: «Што гэта?» Я адказаў 21 раз, што гэта верабей. Я абдымаў яго кожны раз, а ён пытаўся ў мяне зноў і зноў. І я зусім не злаваўся на свайго маленькага любімага хлопчыка...

Калі вы чарговы раз выйдзеце з сябе, паглядзіце гэты ролік. Дапамагае! І часцей абдымайце сваіх блізкіх!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.