Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра выступленне гандбольнага СКА ў Кубку ЕГФ, хакейнай зборнай на турніры ў Славакіі і перамогу Аліны Талай у Лінцы.


Аляксей Хадкевіч у нападзенні. Фота pressball.by.

1. Гандбольны СКА з вікторыі стартаваў у групавым этапе Кубка ЕГФ. У першым матчы армейцы сустракаліся з швейцарскім «Вінтэртурам» і на сваёй пляцоўцы былі мацнейшыя 31:27. Самым выніковым у складзе беларускіх гандбалістаў стаў Уладзіслаў Кулеш, на яго рахунку 9 закінутых мячоў.

— Перамаглі ў першую чаргу дзякуючы абароне, важна, што «зачапіўся» за мяч Слава Салдаценка. Дзякуючы гэтаму, у самым пачатку гульні мы стварылі невялікі зачын, а затым паспяхова яго адстойвалі, — адзначыў пасля фінальнага свістка Уладзіслаў.

Паядынак праходзіў у абноўленым Палацы спорту «Уручча», гульню наведалі 2300 заўзятараў. Наперадзе ў каманды Спартака Мірановіча два матчы на выездзе, каманда адправіцца спачатку ў Францыю (20 лютага), а затым у Данію (27 лютага). 6 сакавіка СКА вернецца дадому, дзе згуляе з Б'ерынгбро (Данія).

— Сёння ў нас шмат унутраных клопатаў. У клуба юбілей — 40 гадоў, мы адкрылі новую арэну. Упершыню на яе прыйшло столькі гледачоў, і гэта накладвала на нас вялікую адказнасць, хацелася згуляць як мага лепш.

Добра, што некаторыя нашы гульцы атрымалі вопыт выступлення на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы. Бо ў чэмпіянаце Беларусі ў нас няма такіх паядынкаў, і мы не маглі дакладна вызначыць свае магчымасці. Нягледзячы на перамогу, у нас паўстала шмат праблем у матчы. Думаю, мы выправім недахопы ў ходзе работы. Усё ж такі ў нас маладая перспектыўная каманда, — сказаў галоўны трэнер СКА Спартак МІРАНОВІЧ.

2. Аліна Талай перамагла ў бегу на 60 м з бар'ерамі на міжнародным турніры ў Лінцы. У фінальным забегу беларуска паказала час 7,97 сек. і апярэдзіла славенку Марыну Томіч — 8,21 сек.

Наступным стартам для Аліны стане чэмпіянат Беларусі, які пройдзе з 19 па 21 лютага ў магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец».

3. Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі заняла другое месца на турніры Slоvаkіа сuр, які завяршыўся ў Жыліне. У першым матчы падапечныя Дэйва Льюіса саступілі славакам 1:2, а ў наступнай гульні былі мацнейшыя за швейцарцаў — 3:1.

— Не турбуюся з нагоды колькасці закінутых намі шайбаў. Галоўнае, што мы выйграем. У кожным матчы стараемся забіць больш галоў, але моманты не заўсёды рэалізуюцца. Задаволены дзеяннямі маладзёжнага звяна. Казаў хлопцам, што на чэмпіянаце свету яны павінны быць гатовыя да штодзённых матчаў. Важна было паглядзець, як яны сябе адчуваюць у такім рэжыме. Мы хочам пашырыць рэестр зборнай. Таму на маючым адбыцца чэмпіянаце свету будуць новыя прозвішчы, — падвёў вынік галоўны трэнер зборнай Дэйв Льюіс.

4. Вікторыя Азаранка апусцілася на адзін радок у абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (ВТА) і цяпер займае 15-е месца.

Адзначым, што ў першую сотню сусветнага рэйтынгу ўваходзяць яшчэ дзве беларускі — 74-е месца ў Вольгі Гаварцовай, на 98-й пазіцыі Аляксандра Сасновіч.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Змагацца і перамагаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.