Вы тут

У Мінску стартавала свята роднай мовы і культуры


Раніца суботняга дня ў сталіцы выдалася цёплай і сонечнай, здавалася, само надвор'е вабіла мінчан не сядзець дома, а выйсці ў цэнтр горада. А там іх чакала такая атмасфера любові, што і хмары, якія набеглі былі пасля абеду, не здолелі яе сапсаваць. Жыхары і госці Мінска горача прызнаваліся ў самых шчырых пачуццях — да краіны і горада, і, вядома ж, да сваіх «палавінак».


Такім чынам у краіне стартавала рэспубліканская акцыя «Беларусь, я люблю цябе», прымеркаваная да Дня ўсіх закаханых, Міжнароднага дня роднай мовы і Года культуры, якім абвешчаны 2016-ты.

«Мы проста яшчэ раз падкрэсліваем нашу любоў да радзімы, да маці, да нашых каханых жанчын. Усё гэта робіць падмурак, на якім будуюцца ўсе астатнія пачуцці», — зазначыў на ўрачыстым адкрыцці імпрэзы міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ.

Прапанаваная ў Год культуры творчай моладдзю ініцыятыва правесці такое «свята любові» стала выдатным працягам акцыі «Мы — разам», якая праходзіла летась са жніўня па кастрычнік. Дарэчы, менавіта з падвядзення яе вынікаў пачаліся святочныя мерапрыемствы ў межах новай акцыі. У гарадской ратушы прайшла цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў акцыі «Мы — разам»: кіраўнікоў устаноў культуры, артыстаў эстрады, музыкантаў філарманічных калектываў. Міністр культуры выказаў словы падзякі ўдзельнікам акцыі і ўручыў ганаровыя дыпломы і граматы.

На думку Барыса Святлова, важна своечасова закладваць цікавыя ідэі, якія адгукнуцца ў душах і сэрцах беларусаў. Таму акцыя «Беларусь, я люблю цябе» мае на мэце прышчапіць грамадзянам любоў да свайго, роднага: культуры, мовы, песні, кнігі, кухні...

Варта адзначыць, што ўсяго гэтага на свяце было ўдосталь: падчас канцэрта гучалі песні на беларускай мове, а ў спецыяльных павільёнах можна было пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні — дранікі, мачанку, бліны.

Былі і інтэрактыўныя стэнды, на якіх можна было напісаць валянцінку з прызнаннем у любові да сваёй краіны ці проста з добрымі пажаданнямі і нават прыдумаць верш, як гэта зрабіла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ.

«У нашай краіне зроблена столькі прыгожага, добрага, што не толькі госці захапляюцца тым, якая сёння Беларусь, але і кожны з нас павінен сказаць: наша родная Беларусь, мы любім цябе, беражом гэтак жа, як беражом і любім родную мову. Будучыня краіны — гэта згуртаванасць, гэта калі мы разам будуем нашу краіну», — сказала міністр, вітаючы ўдзельнікаў свята.

Першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (менавіта гэтая арганізацыя ініцыявала мерапрыемства) Андрэй БЕЛЯКОЎ падкрэсліў, што такія святы дазваляюць сказаць цёплыя словы, прызнацца ў любові да Айчыны.

Апроч духоўнай і цалкам сабе матэрыяльнай ежы на кірмашы можна было набыць і адзенне беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Тут жа шырока былі прадстаўлены тавары, якія сталі пераможцамі конкурсу «Народная марка».

Тэмы нацыянальнай літаратуры, творчасці беларускіх пісьменнікаў, песень, напісаных на вершы беларускіх аўтараў, сталі асновай канцэртнай праграмы. Кампазіцыі на вершы айчынных паэтаў выконвалі маладыя, але ўжо вядомыя артысты, а таксама маладзёжныя, дзіцячыя калектывы з усіх раёнаў Мінска. На свяце працаваў і кніжны павільён: сюды цягам дня завіталі беларускія літаратары, якія прэзентавалі свае кнігі і раздавалі аўтографы. Так, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл ПАЗНЯКОЎ зазначыў, што кніга ў наш час — запатрабаваная, яна працуе на росквіт нашай краіны. Па яго словах, беларуская літаратура сёння чытаецца больш як у 20 краінах свету.

Свята разгарнулася не толькі каля ратушы, але і непадалёк ад яе, каля Палаца спорту. А ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» творчыя калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прадставілі канцэртную праграму «Моладзь — за родную песню», дзе гучалі беларускія народныя песні.

Арганізатары акцыі «Беларусь, я люблю цябе» абяцаюць даць ёй працяг, прычым не толькі ў Мінску, але і ў іншых рэгіёнах краіны. Пачаўшыся напярэдадні Дня ўсіх закаханых, яна прадоўжыцца мерапрыемствамі да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Падобныя святы будуць праводзіцца цягам усяго Года культуры.

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Пачынаецца ўсё з любові

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.