Вы тут

Як стаць вышывальшчыцай?


У былыя часы не існавала такой дзяўчыны, якая не магла б вышываць. Бо зрабіць самой сабе пасаг было справай гонару. Сорамна прызнацца, але для мяне веданне гэтага рамяства да нядаўняга часу абмяжоўвалася адным крыжыкам. Народны майстар Беларусі Галіна Рудніцкая хутка выправіла гэты прабел.


Ах­вот­ных на­ву­чыц­ца вы­шы­ваць на Ма­гі­лёў­шчы­не ня­ма­ла.

З інжынера-металурга — у вышывальшчыцы

Сама Галіна Рудніцкая ў свой час у жаданні дасягнуць дасканаласці не саромелася звяртацца да самых аўтарытэтных настаўнікаў. Яшчэ ў пачатку сваёй творчай кар'еры брала парады ў вялікага знаўца народных рамёстваў Яўгена Міхайлавіча Сахуты. Дарэчы, да таго, як крута павярнуць сваё жыццё і стаць майстрыхай, яна была паспяховым інжынерам-металургам. А на спецыяльнасць «народныя рамёствы» ў інстытут паступіла ў 42 гады. Вучылася ў Зінаіды Зіміной, якая разам з Вольгай Лабачэўскай з'яўляецца аўтарам кнігі пра беларускі народны касцюм.

— Крыжыкам я вышываць умела і прыйшла да Зінаіды Іванаўны на першыя заняткі з упэўненасцю, што я ўжо ўсё ведаю, — усміхаецца яна. — Але хутка зразумела, што нічога не ведаю, нічога не ўмею, мне трэба закрыць рот і вучыцца. Бо тут такое багацце, такая разнастайнасць. І гэта пры тым, што давалі нам, завочнікам, не так і шмат. Але ў завочнай адукацыі ёсць плюс. Калі ты чагосьці хочаш, ты таго выкладчыка дастанеш. А я вельмі прагла ведаў.

Спачатку яна перарабіла ўсе тыя швы, што знайшла ў кнізе сваёй настаўніцы «Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы». Потым адправілася шукаць па музеях тыя, што не ўвайшлі ў кнігу. І не перастае здзіўляцца таму, колькі іх яшчэ існуе. Яе знаёмы выкладчык па вышыўцы з Кіева кажа, што ў прыродзе існуе каля 800 швоў. Рудніцкая ведае пакуль 200.

Вы­шыў­ка Га­лі­ны Руд­ніц­кай.

І пачала калекцыянаваць швы

Яна дэманструе альбом са швамі, характэрнымі для Магілёўшчыны. Калекцыя ўражвае.

— Я нават дакладна не ведаю, колькі іх у мяне, бо не перастаю знаходзіць нешта новае. Пакуль складваю па геаграфічным прынцыпе і музеях. Потым буду сістэматызаваць па тэхніках і варыянтах. У адным вырабе можа сустракацца да 15 швоў, — кажа яна.

Майстрыха перажывае, што паступова знікаюць складаныя тэхнікі, працаёмкія. Напрыклад, злучальныя швы, дзе трэба нацягваць ніткі, потым іх пераплятаць, навязаць вузельчыкі. Вельмі шмат выпадкаў, калі ў даваенных і пасляваенных кашулях на тым самым месцы, дзе павінна быць злучальнае шво, — такога ж малюнку ромбікі, вышытыя крыжыкам. Гэта ўжо імітацыя. Галіна Рудніцкая старанна вышуквае ў музеях рэдкія швы, каб зафіксаваць іх на фота і запісаць, як яны робяцца.

Вышыўка як народнае рамяство існуе даўно, але старадаўнія ўзоры — вялікая рэдкасць. Спецыялісты сведчаць, што нават з рэчаў ХІХ стагоддзя ў нас амаль нічога няма. На пачатку ХХ стагоддзя яны збіраліся этнографамі і вывозіліся ў Пецярбург. Таму калекцыі там як мінімум на стагоддзе старэйшыя за нашы. «Вось толькі дабрацца да іх складана, — уздыхае Галіна Рудніцкая. — Даведалася, што ў пецярбургскім музеі ёсць касцюм з вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна. Хацелася паглядзець. Загадчыца музея дазволіла, а вось захавальніца адмовіла. Паленавалася шукаць яго ў сховішчах. Там столькі сабрана ўсякага вышыванага дабра, што, як мне здаецца, да беларускага ў іх наогул ніколі рукі не дойдуць. А ў Кракаве зусім іншы падыход быў. Прыехала туды са сваімі вучаніцамі паглядзець беларускі матэрыял, дык намі два чалавекі тры дні займаліся. Завялі ў сховішчы, і мы там усё, што можна было, рукамі перабралі, швы пералічылі і сфатаграфавалі. Вельмі нам спадабалася тамтэйшае стаўленне.

У беларускіх музеях таксама хапае цікавага. І Магілёўшчына не выключэнне. Асабліва майстрыху захапіла калекцыя Касцюковіцкага раёна. Там вельмі прыгожыя кашулі, ручнікі. Тэхнікі таксама разнастайныя. Шмат лічанай гладзі, прыгожыя ўзоры процягам, цікавыя злучальныя швы. «Бывае, глядзіш на кашулю, нічога асаблівага, але адна маленькая дэталь настолькі прыгожая і цікавая, што ўжо толькі дзеля гэтага трэба прыехаць», — кажа Рудніцкая.

Вось што яе засмучае, дык гэта вялікае «засілле» крыжыка. Знаўцы называюць такія працы «карцінкамі» і лічаць, што гэта дэвальвацыя мастацтва. Усе гэтыя ружачкі, Алёнушкі, Іваны-царэвічы, зробленыя крыжыкам у пачатку і сярэдзіне ХХ стагоддзя, вялікай каштоўнасці не ўяўляюць.

Вось такія цуды выходзяць з-пад «іголкі» народнага майстра.

Наперад іголку — гэта проста!

Іголка, ніткі, канва, нажніцы — вось прыкладны набор «маладой» вышывальшчыцы. Але спачатку ўводзіны ў прафесію.

— Першыя швы, якія я даю, — аздобныя (Сахута называе іх аздабляльныя), — пачынае Рудніцкая практычны ўрок. — Швы, якія не выкарыстоўваюцца асобна, называюцца простыя, а ў спалучэнні з рознымі тэхнікамі — дапаможныя. Асноўная традыцыйная тэхніка — процяг. Шво «наперад іголку» — самы просты від шва. Іншая тэхніка — лічаная гладзь, калі вышываюцца асобныя матывы — кветачкі, зорачкі і гэтак далей. У нас, дарэчы, вельмі шмат лічанай гладзі. Роспіс у асноўным прымяняецца на Віцебшчыне. Далей — крыжык, ён павінен выглядаць справа і злева аднолькава. У гэтых тэхніках выканана асноўная маса нашых традыцыйных вырабаў. Яшчэ сустракаюцца мярэжкі, але не часта.

Калі гучыць прапанова браць у рукі іголку, далучаюся да астатніх майстрых. Але хутка разумею, што пакуль не хапае ўседлівасці і ўважлівасці. З непрывычкі або прапускаю клеткі на канве, або бяру на адну далей. І арнамент скажаецца.

— Некаторыя прыязджалі да мяне ў Мінск з Віцебска і з Лунінца. Вышывалі крыжыкам карцінкі, і ім надакучыла — захацелася большага, — падбадзёрыла Галіна Рудніцкая. — Калі пастарацца, абавязкова атрымаецца!

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Лёгкіх вам крыжыкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.