Вы тут

Два медалі — такі вынік чэмпіянату свету па фрыстайле ў Раўбічах


Двое выхадных запар Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту прымаў спаборніцтвы сусветнага ўзроўню. Услед за этапам Кубка свету па фрыстайле ў Раўбічах прайшоў юніёрскі чэмпіянат. За галоўныя прызы турніру змагаліся 30 лыжных акрабатаў з 7 краін свету, Беларусь была прадстаўлена максімальным лікам удзельнікаў — 8 спартсменаў.


Наша краіна вызначылася не толькі колькасцю, але і якасцю: Аляксандра Раманоўская па суме двух скачкоў змагла апярэдзіць галоўных канкурэнтак — расіянак — і выйграла залаты медаль. Годам раней Аляксандра ўжо станавілася чэмпіёнкай свету сярод юніёрак, а тыдзень таму беларуска была ўдастоена бронзавай узнагароды на дарослым этапе Кубка свету. Не падвялі і нашы хлопцы: Дзмітрый Мазуркевіч стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату, лепш за яго выступіў толькі расіянін Максім Бураў.

Добрым вынікам вызначыліся не толькі беларускія спартсмены, але і арганізатары спаборніцтваў. Гэта адзначыў спартыўны дырэктар лыжнага саюза Беларусі Канстанцін Грыбаў:

— Арганізацыя абодвух турніраў па фрыстайле ў Раўбічах прайшла на высокім узроўні, гэта падкрэслілі замежныя госці. Рэйс-дырэктар спаборніцтваў выказаў вялікую ўдзячнасць за якасць правядзення турніру і многія спадарожныя моманты. Парадавалі і заўзятары, якія, нягледзячы на халоднае надвор'е, дабраліся да месца спаборніцтваў і горача падтрымлівалі нашых спартсменаў. FІS пацвердзіў давер да якасці правядзення міжнародных стартаў па фрыстайле ў Беларусі, таму мы плануем праводзіць этап Кубка свету штогод.

Адзначым, што наступныя старты беларускіх лыжных акрабатаў адбудуцца ў сакавіку ў Швейцарыі, дзе пройдуць тры этапы Кубка Еўропы.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Перамагаць у паветры і на зямлі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.