Вы тут

Куды падзець машыну ў горадзе?


У сталіцы да 50% плошчаў, на якіх павінны захоўвацца транспартныя сродкі, не выкарыстоўваюцца для гэтага, паведаміў галоўны інжынер ДА «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Пётр ПРУДНІКАЎ. На яго думку, уся справа тут у менталітэце гараджан: калі ёсць бясплатная альтэрнатыва, вядома, аўтаўладальнік скарыстаецца ёй.


Не перахопныя, дык платныя

Але такой альтэрнатывы ў сталіцы паступова будзе станавіцца ўсё менш. Ужо сёлета ў Мінску плануецца абсталяваць каля 8,4 тысячы платных парковачных месцаў.

«Сёння ў Мінску налічваецца каля 1,6 тысячы платных месцаў для паркоўкі. Да канца года іх колькасць плануецца павялічыць да 10 тысяч. Яны з'явяцца ў межах другога транспартнага кольца», — сказаў Пётр Пруднікаў.

Па яго словах, за мяжой распрацоўкай дарожнай інфраструктуры займаюцца навукоўцы. А нашы інстытуты праектуюць яе без глыбокага навуковага падыходу.

«Напрыклад, Токіа па шчыльнасці насельніцтва і колькасці машын большы за Мінск. А затораў там не бывае і ўсе знаходзяць, дзе паставіць аўтамабіль», — разважае спецыяліст.

Па яго словах, за мяжой распрацоўкай дарожнай інфраструктуры займаюцца навукоўцы. А нашы інстытуты праектуюць яе без глыбокага навуковага падыходу.

«Напрыклад, Токіа па шчыльнасці насельніцтва і колькасці машын большы за Мінск. А затораў там не бывае, і ўсе знаходзяць, дзе паставіць аўтамабіль», — разважае спецыяліст.

Па яго словах, у сталічным горадабудаўніцтве не прадугледзелі, што на сённяшні дзень колькасць аўто на 1000 мінчан дасягнула 416, у той час як паводле Генплана 2030 года гэтая лічба складае 380.

У той жа час усе разумеюць, што праблема паркоўкі ў горадзе пакуль што безальтэрнатыўная. Таму да аўтамабілістаў, якія парушаюць правілы паркоўкі, жорсткіх захадаў не прымаюць.

«Мы чалавека выганім з гэтага месца, але для таго, каб прыпаркаваць машыну па правілах, месца няма. Атрымліваецца, мы з аднаго парушэння адправім яго на другое парушэнне», — зазначыў Пётр Пруднікаў.

Летась у горадзе спрабавалі працаваць з так званымі перахопнымі паркоўкамі. Гэта такія інжынерныя комплексы, якія прадастаўляюць паслугі руху па тэрыторыі лепшыя, чым на ўласным аўтамабілі. Іх сэнс у тым, што чалавек пакідае на іх машыну, а далей яму зручна адправіцца па сваіх справах на грамадскім транспарце. Тарыф на такіх паркоўках з 8 да 24 гадзін складае ўсяго 500 рублёў за гадзіну. Аднак мінскі досвед паказаў, што ў сярэднім перахопнымі паркоўкамі карыстаюцца толькі два чалавекі на тыдзень.

Што да платных парковак, то летась у Мінску была запушчана сістэма безнаяўнай аплаты. Такім чынам, сёння можна заплаціць рознымі спосабамі: праз сістэму АРІП, SMS-паведамленні, пры дапамозе пластыкавай карткі альбо гатоўкай. Апошні спосаб будзе выкарыстоўвацца яшчэ некалькі гадоў, затым сістэма аплаты стане цалкам безнаяўнай. Летась аўтааматары заплацілі за паркоўку ў Мінску больш за 15,7 млрд рублёў. У асноўным грамадзяне выкарыстоўвалі безнаяўны разлік. Адметна, што для абсталявання платных парковак было затрачана шэсць мільярдаў рублёў, такім чынам, гарадскі бюджэт атрымаў дзевяць мільярдаў з 1600 машынамесцаў.

Усё празрыста

На думку Пятра Пруднікава, сродкі ад аплаты за паркоўку павінны выкарыстоўвацца празрыста.

Для таго, каб мінчане маглі даведацца, на што ідуць іх грошы, сабраныя за платную паркоўку, ствараецца спецыяльны сэрвіс на сайце parkouka.by.

Пакуль што ён дазваляе кіроўцам кантраляваць, ці не трапілі яны ў спіс даўжнікоў за стаянку. Але неўзабаве сэрвіс пашырыцца.

«Можна будзе ўбачыць, што сродкі накіраваны на абсталяванне дзіцячай пляцоўкі, дадатковых парковачных месцаў або рамонт дарогі. Таксама на сайце мы спрабуем зрабіць карту Мінска са стаянкамі, дзе можна «клікнуць» і ўбачыць адрас стаянкі, колькасць свабодных месцаў, памер платы», — расказаў галоўны інжынер.

Найпершая задача платных парковак, на думку Пятра Пруднікава, — не папаўненне бюджэту, а рэгуляванне транспартных нагрузак. Плата ўводзіцца для таго, каб у любы час на паркоўцы заставаліся свабодныя месцы. Мэтазгоднасць такога падыходу паказала абсталяваная летась платная паркоўка на Прывакзальнай плошчы.

«Калі паркоўка забітая, кошт павінен павышацца. Калі 50 месцаў пустых — кошт павінен зніжацца», — перакананы спецыяліст.

Для тых, хто не плаціць за паркоўку, па сутнасці, ніякай адказнасці на цяперашні момант не існуе. Але распрацоўваецца нарматыўны дакумент, паводле якога даўжнік (які ўсё адно трапіць у базу) наступны раз павінен будзе заплаціць у павялічаным памеры. Калі гэтая мера не падзейнічае, на аўтаўладальніка змогуць падаць у суд.

Падобная мэта — рэгуляваць транспартныя нагрузкі — і ў эвакуацыі аўтамабіляў. Менавіта таму эвакуатары працуюць у месцах з найбольшай транспартнай нагрузкай з пункту гледжання паркоўкі.

Летась у Мінску за няправільную паркоўку было эвакуявана і дастаўлена на ахоўныя стаянкі больш за 17 тысяч аўтамабіляў.

«Усе нядобрасумленныя аўтааматары заплацілі штраф за парушэнне правілаў дарожнага руху (у памеры адной базавай велічыні), паслугі па эвакуацыі транспартнага сродку на ахоўную стаянку (430 тысяч рублёў), захоўванне аўтамабіля (60 тысяч рублёў на тэрмін да сутак)», — прывёў разлікі Пётр Пруднікаў.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац на апошняй прэс-канферэнцыі паведаміў, што паступова ў Мінску пачнуць закрываць двары для паркоўкі. Па словах галоўнага інжынера, рэалізоўваць гэта пачнуць з двароў у раёне Прывакзальнай плошчы.

«Мы вывучылі гэты квартал па кожным жыльцы, па кожнай арганізацыі: калі хто прыязджае, колькі стаіць па гадзінах. Ёсць два шляхі: закрываць дваровыя тэрыторыі шлагбаумам альбо ўводзіць плату. Напрыклад, жылец будзе плаціць адзін гадавы плацеж, а ўсе астатнія будуць лічыцца парушальнікамі», — зазначыў Пётр Пруднікаў.

Раней гучала прапанова ўвесці плату за ўезд у горад, але, па словах спецыяліста, рабіць гэтага не будуць.

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.