Вы тут

Змены ў пенсійнай сістэме: няпростыя, але неабходныя


Павышэнне пенсійнага ўзросту — справа для краіны непазбежная, гэта пасля нарады ў Прэзідэнта зразумелі ўсе. Тэма абмяркоўваецца ў паліклініках, на прыпынках грамадскага транспарту, на кухні... Мы таксама стараемся трымаць руку на пульсе. Штодзень са старонак газеты гучаць думкі простых людзей, экспертаў. А напрыканцы мінулага тыдня ў нашу рэдакцыю завіталі на «круглы стол» Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях; Алена ГОМАРАВА, начальнік упраўлення пенсійнага заканадаўства галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ, начальнік аддзела даследаванняў рынку працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Навукова-даследчага інстытута працы, член Бюро працоўнай групы па пытаннях старэння ААН; Вольга ШЫШЛО, кіраўнік навучальных напрамкаў Універсітэта трэцяга ўзросту. Спецыялісты гаварылі не толькі пра тое, чаму ўзнікла неабходнасць змен у пенсійнай сістэме і на што варта звяртаць увагу, праектуючы гэтыя змены на рынак працы, але і пра псіхалогію беларусаў, пра стэрэатыпы, ад якіх настаў час адмовіцца.


«Звязда»: Павышэнне пенсійнага ўзросту — патрабаванне часу і выжывання эканомікі, яно непазбежнае — гэта зразумелі ўсе. А калі тлумачыць гэту неабходнасць аргументавана, з пазіцыі спецыялістаў, якія аргументы будуць самыя важкія?

Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ: Святы абавязак любой дзяржавы — выплата пенсій у поўным аб'ёме і ў адпаведныя тэрміны. Адкуль бяруцца пенсіі? Гэта доля ўнутранага валавага прадукту, які ствараюць працоўныя. Любая пенсійная сістэма залежыць ад суадносін працоўных і асоб пажылога ўзросту. У нас апошнія гады гэта сітуацыя змянілася не ў лепшы бок. Калі ў 1960 годзе было 13,6% пенсіянераў, то ў 2015-м — іх амаль 25%. А да 2030 года прагназуецца парадку 30%. Відавочна, растуць пенсійныя выдаткі, паколькі колькасць пенсіянераў павялічваецца. Чакаецца, што да 2030 года дадатковая патрэба ў сродках на пенсіі можа дасягнуць амаль 2%. Гэта будзе 20% плюс да сённяшніх выдаткаў. Сёння на 100 працоўных прыпадае 61 пенсіянер. У 2020 годзе прагназуецца 66 пенсіянераў на 100 працоўных. А да 2030 года, калі мы не будзем нічога мяняць, іх будзе 78 да 100. На 2016 год памер фонду сацыяльнай абароны — 92,3 трлн рублёў — сума вельмі вялікая. Але з яе выплачваюцца і дапамогі на дзяцей, і дапамогі па інваліднасці, і пенсіі. А колькасць пенсіянераў павялічваецца. Калі нічога не мяняць, у фондзе сацабароны проста не хопіць сродкаў. Адкуль іх узяць?

Ёсць два шляхі вырашэння праблемы. Альбо павялічваць нагрузку на наймальніка (г.зн. павялічваць страхавыя ўзносы тых, хто працуе), альбо павышаць пенсійны ўзрост. З гэтых двух варыянтаў павышэнне пенсійнага ўзросту — больш аптымальны і для эканомікі, і для людзей. Ёсць яшчэ трэці варыянт: памяншаць памер пенсіі. Але наўрад ці гэтая мера камусьці спадабаецца.

Калі браць сусветны вопыт, фактычна толькі наша краіна, Узбекістан і Расія засталіся з такім невысокім пенсійным узростам. Яго павысілі нават усе астатнія постсавецкія дзяржавы.

Алена ГОМАРАВА: Пенсійны ўзрост у былым СССР быў устаноўлены больш чым паўстагоддзя таму. Але сёння зусім іншая дэмаграфічная сітуацыя. Расце колькасць пенсіянераў, змяншаецца колькасць працаздольнага насельніцтва, за лік узносаў якіх фінансуецца выплата пенсій. Таксама нельга не ўлічваць, што ў нас расце працягласць жыцця. Так, з 2005 года працягласць жыцця пры нараджэнні павялічылася ў мужчын на 5 гадоў і складае 67,8 года; у жанчын — на 3 гады і складае 78,4 года. Расце і перыяд атрымання пенсіі. З 2008 года ў мужчын ён павялічыўся на 1 год і складае 15,5 года, у жанчын — на 2 гады і складае 26 гадоў). Такім чынам, назіраецца рост патрэбы ў сродках на пенсіі пры змяншэнні колькасці асоб, якія фінансуюць выплату пенсій. Усё гэта сведчыць на карысць таго, што трэба штосьці думаць, каб захаваць той узровень пенсійнага забеспячэння, які сёння маецца, а таксама не дапусціць павелічэння нагрузкі на наймальніка і работнікаў.

Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ: Думаю, што нашы людзі ўжо прывыкаюць да думкі, што пенсійны ўзрост павышаць неабходна. Іх пачынае хваляваць іншае пытанне — з каго і калі пачынаць? Тое, што з 1 студзеня 2017 года — гэта апраўдана. Каляндарны фінансавы год пачынаецца.

Але што рабіць тым людзям, у якіх перадпенсійны ўзрост і засталося зусім мала да пенсіі? Погляды тут розныя. Першы: людзі, чый пенсійны ўзрост наступае з 1 студзеня 2017 года (хай сабе і непасрэдна 1 студзеня) — яны ўжо ідуць па новай сістэме. Другі погляд: можа быць, людзям перадпенсійнага ўзросту (тым, каму застаўся год-два) даць магчымасць аформіць пенсіі па-старому?

Алена ГОМАРАВА: Але ж з якойсьці кагорты людзей трэба пачынаць. І з якога года мы б ні пачыналі — з 2017-га, з 2018-га, з 2019-га — будуць людзі, якія будуць лічыць, што яны павінны трапіць у нейкую льготную катэгорыю, пайсці на пенсію па ранейшых правілах. Чаму прапанаваны варыянт пачаць з 2017 года? Таму што з 2017 па 2020 год у нас колькасць асоб, якія дасягаюць пенсійнага ўзросту (55/60 год), у 1,5-1,6 раза будзе большая за колькасць асоб, якія дасягнуць 16-гадовага ўзросту, — гэта значыць уступяць у кагорту працаздольных. І, калі нічога не мяняць, менавіта ў гэты перыяд нагрузка на пенсійную сістэму павялічыцца найбольш адчувальна.

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ: У сувязі з тым, што ў нашай краіне доля пажылых людзей у агульнай колькасці насельніцтва пастаянна расце (сёння ў краіне больш за чвэрць насельніцтва — пенсіянеры), значная колькасць насельніцтва сёння знаходзіцца напярэдадні пенсійнага ўзросту (найбольшая колькасць насельніцтва сёння — людзі ў перадпенсійным і пачатковым пенсійным узросце і ад 25 да 34 гадоў), пытанне павышэння пенсійнага ўзросту для дзяржавы з'яўляецца вельмі актуальным.

Зразумела, што нельга павышаць пенсійны ўзрост рэзка: за адзін год — на 5 або на 3 гады. Гэта паступовы працэс, паступовы пераход.

Калі гаварыць пра 3 гады, як пра самы мяккі варыянт сярод тых, што абмяркоўваюцца ўрадам, то гэта зойме як мінімум 6 гадоў. Калі ў 2017 годзе мужчыну спаўняецца 60, то на пенсію ён пойдзе ў 60,5. Калі ў 2018-м — дадаецца яшчэ 6 месяцаў, і чалавек выйдзе на пенсію ў 61 год.

Вольга ШЫШЛО: Незадаволеныя заўсёды будуць. З якога года ні пачыналі б. Ужо, мне здаецца, маральна людзі рыхтуюцца. Адзінае, што ёсць разумовая работа і фізічная, людзі, якія працуюць на шкодных вытворчасцях...

Алена ГОМАРАВА: Практыка паказвае, што на рынку працы пасля дасягнення пенсійнага ўзросту застаецца амаль 68% жанчын. Так, ёсць катэгорыя асоб, якія ў сілу стану здароўя не могуць працаваць. Але ж у нас прадугледжана прызначэнне пенсій па інваліднасці. А інтарэсы той катэгорыі, якая сёння карыстаецца правам на датэрміновы выхад на пенсію (на 5-10 гадоў раней за дасягненне агульнага пенсійнага ўзросту), у прыватнасці тых, хто працуе ў шкодных умовах, будуць улічаны. Калі будзе павышацца пенсійны ўзрост, то для гэтых людзей яго таксама павысяць, але суразмерна — застанецца тая ж розніца 5-10 гадоў з агульнаўстаноўленым пенсійным узростам.

Вольга ШЫШЛО: Праблема яшчэ ў тым, што людзі, якім засталося зусім мала да пенсіі, да яе ўжо маральна падрыхтаваліся. А цяпер, асабліва пакуль невядома, як, на колькі будзе адбывацца павышэнне пенсійнага ўзросту, яны ў разгубленасці. У цэлым жа людзі, якім дазваляе здароўе працягваць працоўную дзейнасць, працуюць і на пенсіі. Гэта могуць быць розныя прычыны: не толькі дзеля дадатковага заробку, але і праз нежаданне пакідаць соцыум, сядзець дома, займацца толькі ўнукамі. Таму, калі павышаць пенсійны ўзрост, трэба думаць пра перападрыхтоўку людзей, якія набліжаюцца да пенсіі, каб яны былі канкурэнтаздольнымі на сваіх працоўных месцах.

«Звязда»: Стварэнне новых магчымасцяў для развіцця рынку працы — адна з галоўных задач, якія належыць вырашыць. Павышэнне пенсійнага ўзросту цягне за сабой і неабходнасць стварэння новых працоўных месцаў, і найбольш эфектыўнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў. Бо, акрамя людзей, якія застануцца працаваць у сувязі з павышэннем пенсійнага ўзросту, у самым росквіце працоўных сіл знаходзяцца дзеці бэбі-буму 80-х гадоў. Нездарма на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы пытанню стварэння новых працоўных месцаў была нададзена асаблівая ўвага...

Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ: Гэтае пытанне трэба вырашаць комплексна. Несумненна, неабходна развіваць малы і сярэдні бізнес. Але прыватны бізнес — гэта не асноўны спажывец працоўнай сілы, ён глабальна пытанне не вырашыць, толькі часткова. Трэба думаць, як развіваць любымі шляхамі дзяржаўны сектар, таму што асноўныя працоўныя рэсурсы там. Шукаць новыя рынкі збыту, выпускаць новыя віды прадукцыі, павышаць яе якасць — пасылы відавочныя, але сёння надзвычай актуальныя.

Пенсійны ўзрост павялічыцца, і чалавек павінен быць упэўнены, што будзе мець працоўнае месца. І моладзь, якая падрастае да працаздольнага ўзросту, таксама мусіць мець гарантыю працаўладкавання.

«Звязда»: Ніхто не спрачаецца сёння з тым, што трэба развіваць дзяржаўны сектар эканомікі ў першую чаргу. Але шмат што залежыць ад актыўнасці саміх людзей, якія — што ўтойваць — у большасці сваёй пасіўныя. Многія чакаюць, што дзяржава ўсё прыдумае, усё «паднясе на сподачку». А сёння час патрабуе ідэй і дзеянняў. Менавіта таму Прэзідэнт так шмат гаворыць пра развіццё прыватнай ініцыятывы, прыватнага бізнесу, малых прадпрыемстваў. Яшчэ адзін аспект, які варта агучваць пры абмеркаванні павышэння пенсійнага ўзросту — эфектыўнае выкарыстанне працоўных рэсурсаў. Тут, напэўна, павінны падключацца тыя інстытуты, якія вывучаюць запатрабаванні рынку працы і аператыўна на іх рэагуюць.

Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ: Праблема ў тым, што сёння ніводзін з дзяржаўных інстытутаў не валодае такімі паўнамоцтвамі. У савецкія часы ў нас быў орган, які называўся Дзяржплан; ён вызначаў патрэбу ў працоўных рэсурсах пэўных спецыяльнасцяў, робячы запыты па галіновых міністэрствах. Трэба падумаць пра тое, хто будзе ў нас у сённяшніх умовах вызначаць каардынацыю, планаванне і прагназаванне, калі гаворка ідзе пра эфектыўнае выкарыстанне, пераразмеркаванне і падрыхтоўку працоўных рэсурсаў.

«Звязда»: Сапраўды, пытанні перападрыхтоўкі і прафпрыдатнасці асабліва актуальныя. Не толькі таму, што колькасць работнікаў на рынку працы павялічыцца. Напэўна, трэба гаварыць пра іх у кантэксце менавіта старэйшага пакалення. Мы праводзілі апытанне пра варыянты павышэння пенсійнага ўзросту. І рэспандэнты казалі: «Я ў прынцыпе не супраць, але кіроўцы тралейбуса — 60-гадовай жанчыне — я сваю бяспеку не даверу»...

Алена ГОМАРАВА: Калі казаць канкрэтна пра кіроўцаў гарадскога транспарту, яны ў нас ідуць на датэрміновую пенсію. Як я ўжо казала, гэта будзе ўлічвацца і пры павышэнні пенсійнага ўзросту.

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ: У кожнай сферы свая асаблівасць. Напрыклад, у навуцы, у нашым навукова-даследчым інстытуце, чым старэйшы чалавек, тым ён больш кваліфікаваны. Таму мы імкнёмся захоўваць такіх спецыялістаў, яны на працягу дзясяткаў гадоў працуюць у інстытуце і ведаюць сферу «ад а да я», таму мы зацікаўлены, каб такі чалавек — скарбніца ведаў, залаты фонд вопыту, методык — знаходзіўся побач. Мы для іх стараемся стварыць спрыяльныя ўмовы. Вопытныя спецыялісты неабходны і ў адукацыі, і ў медыцыне, і ў культуры, і ў дзяржслужбе.

«Звязда»: І ўсё ж ці змогуць людзі, якім сёння 55, скласці годны працоўны рэсурс, улічваючы новыя тэхналогіі, якія актыўна ўкараняюцца ва ўсе сферы жыцця? Наколькі здольныя яны скласці канкурэнцыю маладзейшым?

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ: Вельмі актуальнае пытанне — пастаяннае павышэнне кваліфікацыі, на працягу ўсяго жыцця. Калі мы распрацоўвалі дзяржаўную праграму занятасці, вывучалі перыядычнасць праходжання перападрыхтоўкі павышэння кваліфікацыі работнікаў у наймальнікаў у цэлым па краіне. Гэты перыяд складае ў сярэднім недзе 7 гадоў. Гэта вельмі мала сёння. Бо ўдасканальванне ведаў узмацняецца, працэс становіцца больш інтэнсіўным, як і пранікненне розных сучасных тэхналогій.

Трэба часцей праводзіць перападрыхтоўку, каб забяспечыць адпаведнасць ведаў, навыкаў і ўменняў патрабаванням эканомікі. І гэта тычыцца не толькі людзей старэйшых узроставых груп, а ўсяго занятага насельніцтва.

Вольга ШЫШЛО: Перападрыхтоўка сапраўды патрэбна. Ёсць медыкі, якія працуюць на пенсіі. Але ім патрэбен камп'ютар для працы. А яны яго не ведаюць. Прыходзяць да нас, кажуць: «Нам трэба для работы».

Калі летась ва ўніверсітэт прыйшло 714 чалавек, мінулай восенню — 1,5 тысячы. Што тычыцца камп'ютарных курсаў, то сёння мінімум 10 чалавек, якія тэлефануюць, каб запісацца на іх. Ёсць сярод іх і такія, каму гэта трэба для работы. Тое ж самае англійская мова — сёлета ў нас 28 груп, больш за 300 чалавек. І ўсе нашы студэнты — пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту.

«Звязда»: Так у сталіцы. А з гэтым сутыкнуцца ўсе: і ў раённых гарадах, і нават у вёсцы. Ужо сёння не на кожнай ферме карову без камп'ютара падоіш. Атрымліваецца, варта задумацца аб тым, каб ствараць аналаг Універсітэта трэцяга ўзросту на дзяржаўным узроўні з філіяламі ва ўсіх рэгіёнах.

Вольга ШЫШЛО: Наш універсітэт працуе трэці год. У нас сёння займаецца больш за 1000 чалавек пажылога ўзросту, больш як 100 валанцёраў бясплатна вядуць заняткі. Да нас паступаюць пытанні з раённых, абласных цэнтраў, людзі хочуць нешта падобнае ў сваіх гарадах. У Віцебску, наколькі я ведаю, адкрыўся Народны ўніверсітэт, там рыхтуюць да выхаду на пенсію. Людзі перадпенсійнага ўзросту да нас таксама звяртаюцца, жанчыны прыходзяць актыўна, але мы, на жаль, не можам ахапіць усіх ахвотных...

 

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ: Агульнавядома, што навучанне пажылых новым ведам, навыкам работы з камп'ютарам, асновам замежных моў і здаровага ладу жыцця, прастораваму арыентаванню і інш. выкарыстоўваецца ў еўрапейскіх краінах як папярэджанне дэменцыі ў першую чаргу, працягненне актыўнага доўгажыцця пажылых людзей. Такія прэвентыўныя меры рэалізуюцца за мяжой у першую чаргу на базе ўстаноў сацабслугоўвання, на базе грамадскіх аб'яднанняў.

Іншая справа, калі трэба выпрацаваць механізм па актуалізацыі ведаў, навыкаў і ўменняў тых, хто працуе. Гэта ўжо іншая сістэма, пра гэта павінны клапаціцца ў першую чаргу галіновыя органы. Яны і наймальнікі з'яўляюцца галоўнымі ў гэтым механізме, бо менавіта яны перш за ўсё патрабуюць пэўных ведаў, навыкаў і ўменняў ад работніка.

Вольга ШЫШЛО: Тут яшчэ пытанне, ці ўсе наймальнікі гатовы бачыць у сябе на працы чалавека, якому 60 гадоў і больш. Гэтая праблема ёсць. Нават у 45 гадоў многія трымаюцца за месца, баяцца нешта памяняць, бо знайсці працу ў такім узросце вельмі складана. Мне здаецца, што людзі баяцца гэтых размоў аб павышэнні пенсійнага ўзросту, бо ў многіх ёсць страх, што яны застануцца без працы перад пенсіяй.

Аляксандр ВАЛЧАНКОЎ: Баяцца, што застануцца без працы, не варта. Бо, згодна з 29-м Указам Прэзідэнта аб кантрактнай форме найму за 2 гады да пенсіі адназначна з чалавекам заключаецца кантракт.

«Звязда»: Мы зараз закранулі вельмі важны момант — псіхалогію людзей. Ужо казалі пра тое, што ў нас больш як паўстагоддзя не мяняўся пенсійны ўзрост і за гэты час у людзей паспеў скласціся стэрэатып: у 45-50 гадоў яны падсвядома пачынаюць лічыць, колькі засталося да пенсіі...

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ: У высокаразвітых еўрапейскіх краінах улічваюць такі паказчык, як індэкс актыўнага старэння. Ён у сваю чаргу ўключае і паказчыкі суб'ектыўнай ацэнкі пажылымі свайго стану. Сярод іх, напрыклад, як чалавек сам да сябе ставіцца, ці падабаецца ён сам сабе, ці не саромеецца выйсці некуды. Безумоўна, у людзей пажылога ўзросту такія паказчыкі знаходзяцца на дастаткова нізкім узроўні. Шэраг захадаў дзяржаўнай палітыкі і грамадскай ініцыятывы накіраваны там на папярэджанне гэтага псіхалагічна складанага стану. Бо часцяком менавіта ён з'яўляецца перашкодай для актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Калі на працу чалавек прыходзіць і думае: тут вакол усе маладыя, а я сяджу і займаю чыёсьці месца, выглядаю горш за іншых, горш запамінаю, павольна вучуся — гэта адна з перашкод для актыўнасці і працаздольнасці.

Вольга ШЫШЛО: У нас былі такія прыклады. Жанчына не на пенсіі яшчэ, але не магла знайсці працу ў сферы турызму. Паўсюль атрымала адмовы. Прыйшла да нас на заняткі, а пасля пачала ў нас працаваць — весці экскурсіі для слухачоў. Цяпер яна перастала хадзіць да нас, бо няма калі. Адразу ад дзвюх турфірмаў атрымала прапановы — там даведаліся, якую бурную дзейнасць яна развяла па турызме сярод пенсіянераў... Сярод нашых слухачоў вельмі шмат энергічных і ініцыятыўных жанчын і мужчын ва ўзросце 60+. Гэтыя людзі не толькі глядзяць унукаў ды вырошчваюць гародніну. Хтосьці ёгай займаецца, хтосьці танцамі. Многія працягваюць працаваць, сочаць за сітуацыяй у эканоміцы, палітыцы. Нашы слухачы цяпер бачаць, што ў нашай краіны актыўна развіваюцца адносіны з Кітаем. І яны хадзілі паўгода і пыталіся: ці будзе ў вас кітайская мова? І што вы думаеце, мы з лютага адкрылі гэты напрамак. Больш за тое, сама наша слухачка Людміла Іванова звярнулася ў Пасольства Кітая. І ў нас цяпер валанцёрам працуе носьбіт кітайскай мовы: Інстытут Канфуцыя нам даў бясплатна выкладчыка. Гэтыя курсы карыстаюцца папулярнасцю. Іх наведвае больш як 10 чалавек.

Алена ГОМАРАВА: Сучасныя 55-гадовыя жанчыны і 60-гадовыя мужчыны істотна (па многіх паказчыках) адрозніваюцца ад жанчын і мужчын у такім узросце
50 гадоў таму. Безумоўна, гэта людзі новага пакалення, з іншымі прыярытэтамі і інтарэсамі.

Сёння для многіх не пенсія галоўнае, а магчымасць займацца любімай справай і быць запатрабаваным як прафесіянал.

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ: У адрозненне ад іншых катэгорый людзей, у іх каласальны жыццёвы вопыт, гэтыя людзі, як правіла, свабодныя ад абавязкаў (унукі дарослыя, дзеці жывуць сваім жыццём). Калі паглядзець на полаўзроставую структуру беларускага грамадства, то пажылы чалавек — гэта ў большасці выпадкаў жанчына, і яна, як правіла, ужо адзінокая (з прычыны больш высокага ўзроўню смяротнасці мужчын). Яна можа быць актыўнай. І сваю актыўнасць, замест таго, каб прымяняць з карысцю, яна пераўтварае ў дэпрэсію... Таму ў нашай краіне трэба ствараць умовы для прымянення актыўнасці пажылых людзей і накіроўваць такую актыўнасць у стваральнае станоўчае рэчышча.

Вольга ШЫШЛО: Мы жартуем, што зніжаем нагрузку на паліклінікі, бо людзі ходзяць не па ўрачах, а да нас на заняткі. Я згодна, назваць пажылымі людзей 60-70 гадоў вельмі складана сёння. Бо гэта людзі, у якіх гараць вочы, шмат сіл і энергіі, прафесійных навыкаў, яны гатовы імі дзяліцца... У еўрапейскіх краінах пры звароце да людзей няма акцэнту на іх узрост. А ў нас усіх, каму 60-65, называюць бабкамі і дзядамі. А чаму не спадарыня і спадар — прыгожыя, паважлівыя беларускія словы. А ў нас у лепшым выпадку — «пажылая дама», «жанчына ва ўзросце»... Зразумела, чалавека гэта ўводзіць у псіхалагічна негатыўны стан. Каб гэтага пазбегнуць, трэба паказваць станоўчыя прыклады. Расказваць пра актыўнасць гэтых людзей, гаварыць пра іх магчымасці. Бо калі чалавек пачаў (ці збіраецца) жыць па схеме «тэлевізар-канапа-лецішча-ўнукі», то застацца ў актыўным рэчышчы ці вярнуцца ў яго будзе значна цяжэй.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: У «залатым» узросце ўсё толькі пачынаецца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.