Вы тут

Што зменіцца з 1 лютага?


З 1 лютага гэтага года павялічваюцца ўсе віды пенсій і дзяржаўныя дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Рост многіх з гэтых выплат звязаны з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Расказваем, што мяняецца з лютага.


Фота: pexels.com

Вырасце памер БПМ

Як паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, павялічваюцца памеры бюджэту пражытачнага мінімуму, якія будуць дзейнічаць да 30 красавіка 2024 года. Такім чынам, БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў параўнанні з яго значэннем, устаноўленым з 1 лістапада 2023 года, павялічыцца на 10,6 працэнта і складзе 406,74 рубля. Для працаздольнага насельніцтва ён вырасце да 434,60 рубля, для пенсіянераў — да 298,43 рубля, дзяцей да трох гадоў — да 260,39 рубля, дзяцей ад трох да шасці гадоў — да 349,09 рубля, для дзяцей ад шасці да 18 гадоў — да 406,03 рубля.

Рост гэтага сацыяльнага нарматыву абумоўлены, у першую чаргу, змяненнем якаснага складу мінімальнага набору прадуктаў харчавання, які ўваходзіць у пражытачны мінімум, зацверджаным рашэннем урада, патлумачылі ў Мінпрацы.

Змяненні закрануць каля 1,5 мільёна атрымальнікаў сацыяльных выплат, устаноўленых ад БПМ. Такім чынам, аўтаматычна пераглядаюцца ўбудаваныя ў сістэму сацыяльнай абароны розныя надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца ад памеру БПМ, а менавіта памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пенсій, дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі.

Падымуцца дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей

З лютага гэтыя дапамогі складуць:

  • на першае дзіця — 724,85 рубля;
  • на другога і наступных дзяцей — 828,40 рубля;
  • на дзіця-інваліда — 931,95 рубля.

Памеры дапамог выраслі на 11,3 працэнта.

Нагадаем, што ў адпаведнасці з Законам «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў пераразлічваюцца два разы на год: з 1 лютага і 1 жніўня.

Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў на першае дзіця складае 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за квартал, на другога і наступных дзяцей — 40 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за квартал, на дзіця-інваліда незалежна ад чарговасці яго нараджэння — 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне за квартал.

Акрамя памераў дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, якія вылічваюцца з сярэднямесячнай заработнай платы, з 1 лютага на 10,6 працэнта павялічваюцца памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, што вылічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці зараз складзе 4067,40 рубля (павялічыцца на 389,5 рубля), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 5694,36 (рост на 545,3 рубля).

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лютага будзе выплачвацца ў памеры 406,74 рубля, штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў — у памеры 203,37 рубля.

Памер штомесячнай дапамогі сем’ям на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем’яў на дзіця-інваліда складзе 284,72 рубля, на іншых дзяцей у сям’і — 203,37 рубля.

Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складзе 406,74 рубля (з І і ІІ ступенню страты здароўя і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту трох гадоў) і 488,09 рубля (з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту трох гадоў), штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага ВІЧ, — 284,72 рубля.

Пры выхаванні ў сям’і дваіх і больш дзяцей, адно з якіх ва ўзросце да трох гадоў, выплачваюцца дзве дапамогі: на дзіця да трох гадоў (40% сярэдняй заработнай платы) і дзіця (дзяцей) ад трох да 18 гадоў (50% БПМ). Сумарны памер дзвюх дапамог складзе 1031,77 рубля.

У бягучым годзе на выплату дапамог па мацярынстве і сямейных дапамог плануецца накіраваць 3,4 мільярда рублёў, з іх 1,8 мільярда — на выплату дапамог па доглядзе дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.

Павышаюцца ўсе віды пенсій

Згодна з рашэннем кіраўніка дзяржавы, з 1 лютага на 10 працэнтаў павышаюцца ўсе віды працоўных пенсій (па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з прычыны страты карміцеля).

З улікам росту бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва на 10,6 працэнта павялічацца даплаты да пенсій і сацыяльныя пенсіі інвалідам і дзецям-інвалідам.

Паводле папярэдняй ацэнкі сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў лютым бягучага года складзе 811 рублёў і павялічыцца да студзеня бягучага года на 75 рублёў. Гадавое павелічэнне (люты 2023 да лютага 2024) складзе 140 рублёў, або 21 працэнт.

Памер павелічэння працоўнай пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і велічыні заработку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі.

Дадаткова на павышэнне пенсій у лютым будзе накіравана 166 мільёнаў рублёў. У цэлым у лютым расходы на выплату пенсій складуць 1,8 мільярда рублёў.

Атрымальнікамі пенсій з’яўляюцца 2,4 мільёна чалавек.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.