Вы тут

Вучоныя разлічылі ідэальны градус жаночай прывабнасці


Далёка не ўсе мужчыны, ацэньваючы постаць паненак, кіруюцца правілам «не бывае непрыгожых жанчын, бывае мала гарэлкі» ці ўспамінаюць пра славуты стандарт 90-60-90. Даследчыкі ўсялякіх гендарных цікавостак вывелі новую формулу жаночай прыгажосці: вугал паміж падоўжнай воссю цела і ягадзіцамі павінен складаць 45 градусаў. Напрыклад, Джэніфер Лопес цалкам адпавядае гэтаму ідэалу — чым, мабыць, не ў апошнюю чаргу тлумачыцца нязгасная папулярнасць спявачкі і актрысы.


Зрэшты, нагадваюць даследчыкі, вызначаны імі новы канон жаночай прыгажосці насамрэч далёка не новы. А ногі, як высветлілася, растуць з даўніны. Яшчэ ў першабытную эпоху выгнутасць пазваночніка была эвалюцыйнай перавагай самак. Вугал у 45 градусаў паміж спінай і ягадзіцамі набываў асаблівую важнасць падчас цяжарнасці — калі цэнтр цяжару цела змяшчаецца рэзка наперад і цісне на тазавыя суставы, выклікаючы мышачную стомленасць і нярэдка траўмы. Такім чынам, нашы пра-пра-прамаці з выгнутым пазваночнікам былі здольныя даўжэй сябе пракарміць і перанесці больш цяжарнасцяў без асаблівай рызыкі. Акрамя таго, вучоныя прызналі вугал у 45 градусаў «залатой сярэдзінай», якая дапамагае лягчэй рухацца і адначасова абараняе жанчын ад хранічных боляў у спіне і зберагае іхні пазваночнік ад рызыкі грыжы.

Удзельнікам даследавання паказвалі некалькі розных тыпаў жаночых сілуэтаў, у якіх вугал паміж спінай і ягадзіцамі складаў ад 26 да 61 градуса. Але вугал у 45,5 градуса «перамог» са значным адрывам. Мужчыны і не падазравалі, што ўся справа ў пазваночніку — думалі, іх брату проста падабаюцца выпуклыя формы. Навукоўцы ж пераканалі іх у эвалюцыйнай прыродзе такой прыхільнасці.

Але, пагадзіцеся, было б надзвычай сумна жыць, калі б усё падганялася пад адзіны стандарт ці канон, незалежна ад таго, будзе гэта знакамітая Венера Мілоская або Твігі. Усе мы людзі, а хіба гэта па-чалавечы — раз і назаўжды ведаць, чаго хочаш, не мяняць густы? Сёння ты рашучы і адважны, а назаўтра цябе разрываюць сумненні і супярэчнасці, у юнацтве табе падабаюцца бландзінкі, а праз дзесяцігоддзі ты без памяці закахаешся ў брунетку...

Узяць хоць бы, напрыклад, партрэт «ідэальнай жанчыны», які склаў аднойчы мужчынскі часопіс Men's Health на падставе добрага дзясятка розных даследаванняў. Паводле яго ідэальная жанчына:

1. Смяецца над жартамі мужчыны. 2. На 2—4 гады маладзейшая за мужчыну. 3. Усміхаецца (гэта заводзіць). 4. У яе вялікія грудзі. 5. Доўгія ногі. 6. Можа будаваць кар'еру і зарабляць. 7. Мае маленькі памер нагі. 8. З вышэйшай адукацыяй. 9. Колер бялізны ці памады ў яе чырвоны! 10. Лепш вузкія сцёгны. 11. Брунетка.

Забаўна, праўда? Ці не гэтаму ідэалу імкнулася адпавядаць амерыканская тэлезорка Хайдзі Монтаг? Аднойчы яна настолькі ўзненавідзела сваю знешнасць, якая быццам бы не адпавядала «стандартам», што ў 21 год павялічыла грудзі і вусны і змяніла нос, а ў 23 гады за адзін дзень (!) перанесла яшчэ 10 аперацый — ад падцяжкі скуры на твары (каб лінія броваў стала больш выгнутай) да адпампоўкі лішняга тлушчу і яшчэ аднаго павелічэння грудзей. Пазней яна распавяла часопісу «People», што ўсё гэта перажыла ў пакутах, але «яно таго каштавала». А вы як думаеце? (Злева — фота Хайдзі да другой порцыі аперацый, справа — пасля).

Што цікава, многія мужчыны ў каментарыях да гэтых фота асудзілі дзяўчыну. Ды і наогул, як сведчаць гарачыя віртуальныя спрэчкі ў сацыяльных сетках, хлопцаў зусім не чапляюць «сіліконавыя красуні». «Штучныя грудзі, штучны зад, перароблены нос, нарошчаныя валасы і вейкі — і яна яшчэ прэтэндуе на мужчыну!» — абураюцца яны.

Дзяўчаты, вядома, крыўдзяцца. «Вы кажаце, што любіце светлыя валасы, — але ў той жа час смеяцеся з фарбаваных бландзінак. Вы цэніце пышныя бюсты, — але пагарджаеце тымі, хто вырашаецца на імплантацыю. Вы хочаце, каб наша скура была чыстай і гладкай, — але трываць не можаце, калі мы карыстаемся танальнымі сродкамі», — заўважаюць яны ў адказ. Каб не прымнажаць дыскусіі на тэму сапраўднай жаночай прыгажосці, прыгадаем рэкамендацыі прызнаных прыгажунь: «Перадусім палюбіце сябе такой, якая вы ёсць, клапаціцеся і даглядайце сябе з дапамогай спорту, харчавання, псіхалагічнага настрою і г.д. Калі ж усё адно вам штосьці ў сабе не падабаецца і вы гатовыя змяніцца, рабіце гэта, але не для мужчын, а перш за ўсё для сябе!»

Загаловак у газеце: Адкуль ногі растуць?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.