Вы тут

Па кожную драбязу — у раён? Забудзьце!


Мінскі раён своеасаблівы ва ўсіх адносінах. Тут жыве больш як 200 тысяч чалавек. З наступленнем цяпла колькасць жыхароў павялічваецца ў некалькі разоў: дачнікі, садаводы, аматары адпачынку на вадасховішчах і азёрах. І кожны з іх хоча (і патрабуе!) камфорту і выгод: каб своечасова вывозілася смецце, каб былі ўладкаваныя дарогі і вуліцы. Лашанскі сельсавет не выключэнне.


Стар­шы­ня сель­вы­кан­ка­ма Ві­таль Кар­ка­чоў.

Клопатаў па жыццезабеспячэнні карэнных жыхароў і дачнікаў тут хапае круглы год. На тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі знаходзіцца 30 населеных пунктаў і 28 садоўніцкіх таварыстваў. Бясспрэчна, кола праблем, якія даводзіцца вырашаць, залежыць ад зладжаных дзеянняў усіх службаў і падраздзяленняў: камунальных, дарожных, гандлёвых. А вось скаардынаваць іх работу — справа старшыні сельскага Савета.

— Калі мяне выбралі на гэтую пасаду, я адразу ўбачыў, што не ўсё тут проста. У раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі клопатаў шмат — аб'ёмы работы вялікія. І, вядома, удзяляць шмат часу праблемам усіх праблематычна. Параіўшыся са старшынёй Мінскага райвыканкама, вырашылі стварыць пры сельскім Савеце камунальнае ўнітарнае прадпрыемства (КУП), — расказаў старшыня Лашанскага сельвыканкама Віталь Каркачоў.

Спачатку хваляваліся, што цяжкавата будзе — не хопіць сродкаў. Але, як той казаў, вочы баяцца, а рукі робяць.

Пасадзейнічаў задуме начальнік ЖКГ: перадаў два трактары, два прычэпы і касілку. Хоць і старыя, але адпрацавалі яны спраўна цэлы год. А далей сельвыканкам набыў новы трактар, прычэп і абсталяванне для ачысткі дарог і вывазу смецця. Гэта стала магчымым таму, што мы перавыканалі план па правядзенні аўкцыёнаў.

— Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства працуе штодня, як дзяжурны «спецназ», — усміхаецца мой суразмоўца.

Зімой на тэрыторыі сельсавета не было праблем з расчысткай дарог. Падчас завірухі прызначалі дзяжурных трактарыстаў, якія пускалі тэхніку наперадзе школьнага аўтобуса ці аўтакрамы.

— Акрамя таго, мы ліквідавалі дзве несанкцыянаваныя звалкі. Шмат працуем з людзьмі па вывазе смецця, добраўпарадкуем населеныя пункты. З мясцовымі жыхарамі, як правіла, знаходзім паразуменне, цяжэй з уладальнікамі садоўніцкіх таварыстваў, — прызнаецца Віталь Валер'евіч. — Але ж выручае КУП — добра, што яго стварылі. Напрыклад, могілкі прыбраць, агароджу паставіць, зрэзаць аварыйныя дрэвы — не трэба выклікаць спецыялістаў, прасіць адпаведныя службы, усё робім сваімі рукамі. А гэта значыць, эканомім дадатковыя сродкі. Разам з тым мы знайшлі спонсараў і навялі парадак на грамадскіх пахаваннях у вёсках Вышкава і Агаркі. Сёлета думаем давесці да канца пытанне з рэканструкцыяй помнікаў. Раней могілкі належалі камбінату рытуальных паслуг Мінскага раёна, а пасля закрыцця арганізацыі іх перадалі на наш баланс. А мы ў сваю чаргу — у гаспадарчае распараджэнне КУПа, у якога ёсць магчымасць і пясок туды падвезці, і смецце вывезці, і агароджу зрабіць, і паваленыя дрэвы прыбраць.

Сельвыканкам актыўна займаецца і асвятленнем населеных пунктаў, а ў саміх Лашанах паставілі знак абмежавання хуткасці ў месцы, дзе здараліся аварыі, з 90 да 70 кіламетраў у гадзіну. На цэнтральнай сядзібе ўладкавалі тратуарную дарожку, на якую выдаткавана 800 млн рублёў. Не забываюць і пра дзяцей. Для Броўкаўскай школы пералічылі 60 млн рублёў для закупкі мэблі, Лашанскай — 100 млн рублёў для абсталявання музычнага класа.

— Сёлета складана з аўкцыёнамі — актыўнасць людзей пайшла на спад. Але ж праводзім інвентарызацыю зямельных участкаў, выстаўляем прыдатныя на аўкцыён. Мы ўсё ж такі жывём на самаакупнасці, таму чакаць дапамогі аднекуль не прыходзіцца, самі зарабляем. Паставілі перад сабой канкрэтныя мэты, якія паспрабуем выканаць, — кажа Віталь Каркачоў.

Дадам, старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра паставіў задачу стварыць у Мінскім раёне максімальную колькасць КУПаў пры сельсаветах — пры ўмове, што яны будуць рэальна працаваць. Значна хутчэй і прасцей вырашаць пытанні, калі маеш сваю тэхніку і рэсурсы. Ды пры гэтым яшчэ і грошы зарабляеш, як гэта робяць у Лашанскім сельскім Савеце.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.