Вы тут

Без афіцыйнага даходу — любыя расходы сумніўныя


Учора ў рэдакцыі газеты «Звязда» адбылася «прамая лінія» з начальнікам галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Міхаілам Міхайлавічам РАСОЛЬКАМ.


Галоўным чынам спецыяліст адказваў на пытанні нашых чытачоў, якія былі звязаны з дзеяннем з першых дзён красавіка асобных падпунктаў Дэкрэта кіраўніка дзяржавы №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)». Тут маецца на ўвазе парадак абкладання падаходным падаткам даходаў у выглядзе працэнтаў, атрыманых па банкаўскіх укладах. Акрамя таго, спецыяліст патлумачыў нюансы адносін паміж бакамі пры арэндзе кватэр у прыватнікаў, а таксама расказаў пра асобныя моманты, што тычацца плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў.

Закрануў наш эксперт і тэму так званых заробкаў у канвертах, а таксама сітуацыю, калі чалавек афіцыйнага заробку не мае, але выдаткі ў апошняга — як у сур'ёзнага багацея.

Напрыклад, наш чытач Андрэй Віктаравіч з Гродна ўдакладняе, ці сапраўды банкі сёння павінны прадастаўляць інфармацыю ў падатковую службу аб тых сваіх кліентах, якія купляюць шмат валюты або маюць на дэпазітах вялікія сумы грошай, пры гэтым дакладная крыніца даходу невядомая? Аб якіх сумах у гэтых выпадках ідзе гаворка?

— У падатковыя органы будзе паступаць інфармацыя аб любых здзелках па набыцці валюты незалежна ад сумы, — адказвае Міхаіл Расолька. — Нейкая мінімальная ці максімальная сума валюты пры гэтым для спецыялістаў падатковай службы не прапісана. Напрыклад, калі чалавек па дакументах нідзе не працуе (не плаціць падаходны падатак), але адначасова мае пэўныя выдаткі, тады падатковая інспекцыя мае поўнае права пацікавіцца ў яго, адкуль былі атрыманы гэтыя фінансавыя сродкі. Гэта тычыцца і набыцця валюты. Калі чалавеку ўсяго 20 гадоў, ён студэнт і нідзе не працуе, тады ў падатковай інспекцыі ўзнікнуць пытанні нават у тым выпадку, калі апошні вырашыць набыць у абменніку тысячу ці нават 500 долараў.

Зразумела, што гаворка звычайна не ідзе пра мінімальныя сумы грошай. Падатковая інспекцыя заўсёды адсочвае буйныя пакупкі, набыццё нейкай нерухомасці або дарагога аўтамабіля. У падатковай інспекцыі ёсць інфармацыя аб такіх людзях, якія на працягу многіх гадоў нідзе не працуюць, але выглядаюць вельмі забяспечанымі. Падобную сітуацыю апошнія тлумачаць тым, што жывуць яны за кошт немаладых бацькоў. Аднак часам у падатковай службы ўзнікаюць сумненні наконт рэальнай крыніцы даходаў пры такіх выдатках.

— У рэдакцыйнай пошце апісваўся такі выпадак, калі жанчына пасля продажу дома на вёсцы перадавала грошы зяцю. Апошні клаў гэтыя грошы на дэпазіт у банку, пасля чаго з пытаннямі да яго звярталася ўжо падатковая. Сітуацыя крыху нервовая атрымліваецца...

— Нейкі дакумент аб крыніцы сур'ёзных грошай у чалавека павінен быць абавязкова. Гэта можа быць распіска ад родзіча або нават ад добрага сябра. Калі гэта легальныя грошы, то пытанняў аб рэальнай крыніцы іх набыцця не ўзнікне. У іншым выпадку на такі даход падатковая служба налічыць падаходны падатак у памеры 13% ад сумы.

— У эру электронных плацяжоў усе нашы сур'ёзныя пакупкі магчыма прасачыць. І яны сапраўды фіксуюцца. Але не трэба на конт гэтага хвалявацца. Штогод у Мінску купляецца вялікая колькасць дарагіх аўтамабіляў. Падатковыя органы ўсе такія здзелкі адсочваюць і ўдакладняюць крыніцы даходаў пакупнікоў. Падатковая інспекцыя ніколі не патурбуе тых, чые даходы маюць празрыстую крыніцу.

Цалкам тэкст «прамой лініі» з Міхаілам Расолькам чытайце ў найбліжэйшых нумарах «Звязды».

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.