Вы тут

На сцэне Драмтэатра Беларускай арміі — працяг «Рамэа і Джульеты»


Ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, што было б у славутай шэкспіраўскай трагедыі пасля таго, як яе галоўныя героі — Рамэа і Джульета — загінулі? Ці прымірыла агульнае гора Мантэкі і Капулеці? А можа, наадварот, варожасць паміж двума родамі толькі ўзмацнілася б?


Свой варыянт працягу сусветнай класікі яшчэ больш як 20 гадоў таму прапанаваў расійскі драматург і сцэнарыст Рыгор Горын. Што адбылося ў італьянскім горадзе Верона пасля трагічнай гібелі Рамэа і Джульеты, цяпер можна ўбачыць і на сцэне Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Трагікамедыя ў двух дзеяннях «Чума на абодва вашы дамы» па матывах твора Шэкспіра ўжо каторы раз збірае поўную залу.

Новыя героі — старая праблема

Амаль на дзве гадзіны глядач трапляе ў сярэднявечную Верону. Мантэкі і Капулеці па-ранейшаму варагуюць. Прымірыць дзве сям'і ўзяўся герцаг Вероны. Знайшоўся адзіны правільны выхад: парадніць два кланы. У якасці жаніха Мантэкі прапанавалі Антоніа з Неапаля — далёкага сваяка, ды яшчэ добрага гуляку, ім было не шкада. У якасці нявесты Капулеці выбралі сваю цяжарную пляменніцу Разаліну. Агульная нянавісць да сваякоў і пасаг, на які не паскупіліся Капулеці, зблізілі маладую пару і нават выклікалі ўзаемную сімпатыю. Але, як і ў творы Шэкспіра, саюзу галоўных герояў не наканавана было адбыцца...

— Любая п'еса — нагода для размовы, — лічыць рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Вячаслаў ПАЎЛЮЦЬ. — Твор больш сучасны, чым трагедыя Шэкспіра. Горын нам зноў паказвае на праблему: героі таксама гінуць ад таго, што дзве сям'і не могуць знайсці агульнай мовы. Як той казаў, гарбатага хіба магіла выпрастае. Можа быць, спрэчкі паміж імі скончацца толькі тады, калі яны адзін аднаго пазабіваюць?

Прайграны паядынак

Але не толькі пра вечныя тэмы — каханне і смерць — прапануе паразважаць гледачу Вячаслаў Паўлюць, які, дарэчы, з'яўляецца акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і загадчыкам кафедры майстэрства акцёра Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго рэжысёрскі дэбют на сцэне Драматычнага тэатра Беларускай арміі напоўнены пастаноўкай самых розных злабадзённых праблем. Вечны паядынак паміж двума родамі, які адбываецца на працягу ўсяго сюжэта, рэжысёр выдатна абыграў з дапамогай футбольнага поля, адлюстраванага на падлозе. Толькі пераможца ў гэтай «футбольнай гульні» вызначаецца не колькасцю забітых галоў, а лікам... забітых. Мантэкі і Капулеці страчваюць членаў сваіх сем'яў — спецыяльны таймер, усталяваны пасярэдзіне сцэны, адлічвае, колькі засталося жывых з кожнага боку.

Урэшце лік робіцца роўным. На табло — чатыры нулі. І гэта значыць, што ў паядынку паміж сем'ямі няма пераможцаў, ёсць толькі загінулыя... Антоніа і Разаліну спасціг лёс Рамэа і Джульеты. Замест пярсцёнкаў яны надзяваюць кайданы і галышом крочаць па горадзе. Потым скажуць, што натоўп закідаў іх камянямі. Іншыя ж будуць сцвярджаць, што зрабіць чорную справу перашкодзіў туман, пад покрывам якога закаханыя здолелі ўцячы.

— Чым усё скончылася, няхай гледачы вырашаць самі, — тлумачыць фінальную сцэну Вячаслаў Паўлюць. — Калі вам бліжэй, што галоўных герояў забілі, няхай будзе так. Калі вам іх было шкада і вы на іх баку, уздыхніце спакойна: для вас яны засталіся жывымі. У маёй галаве быў і яшчэ адзін фінал. Калі ўсё скончылася, на сцэну выходзяць двое маленькіх дзетак: сынок галоўнага героя і дачушка галоўнай гераіні. Іх завуць Рамэа і Джульета...

Сплаў вопыту і маладосці

На адной сцэне з прафесійнымі акцёрамі іграюць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як прызнаюцца карыфеі тэатра, яны вельмі ажывілі спектакль.

— Артыст толькі ў тэатры становіцца артыстам, як бы яго ні вучылі, — пераканана мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі Марына ДУДАРАВА. — Гэта вялікі вопыт для студэнтаў. Выконваючы свае першыя ролі, яны глядзяць і на старэйшых калег, вучацца ў іх чамусьці.

Галоўны рэжысёр тэатра Ігар ФІЛЬЧАНКОЎ каторы раз прымярае на сабе акцёрскую мантыю. У спектаклі «Чума на абодва вашы дамы» ён — сіньёр Капулеці. Цікава, што яшчэ падчас працы ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры Ігар Фільчанкоў іграў Рамэа, у трагедыі Шэкспіра на сцэне тэатра Беларускай арміі ён — манах Ларэнца.

— Такога мяне гледачы яшчэ не бачылі, — расказвае пра сваю новую ролю акцёр. — Сіньёр Капулеці ў пастаноўцы мне вельмі падабаецца. Праўда, я выконваю ролю такога падабцасніка. Але разам з тым мне імпануе тое, што як Мантэкі, так і Капулеці ўласцівы моцныя сямейныя традыцыі. Гэта спектакль не толькі пра каханне. Ён і пра сумленне, пра абавязак. Адсюль і злабадзённасць пастаноўкі.

Нягледзячы на тое, што рэжысёр-пастаноўшчык перасякаўся з акцёрамі тэатра на розных пляцоўках, працуе ён з імі ўпершыню. «Акцёры тэатра Беларміі падаліся мне вельмі апантанымі, — прызнаецца Вячаслаў Паўлюць. — Гэта людзі, хворыя на сваю прафесію, — у добрым сэнсе слова. У прынцыпе, і ноты можна навучыць іграць на трамбоне. Але зрабіць якасную працу дапаможа вялікае жаданне, што і адбылося. Я шчаслівы, што з імі працую».

— Калі ў спектаклі «Рамэа і Джульета», які мы ўжо каторы год ставім на гэтай сцэне, харэаграфіі і драматычнага дзеяння — 50 на 50, то ў гэтай пастаноўцы больш драматычнага дзеяння, — гаворыць Марына Дударава. — Але атмасфера нечага прыгнятальнага, небяспечнага — таго, што характэрна для перыяду чумы ў Італіі, — створана менавіта з дапамогай харэаграфіі. Мы наблізілі сюжэт «Рамэа і Джульеты» да нашага часу. І спадзяёмся, перадалі самае галоўнае, што падкрэсліваў у сваім творы Горын: каханне вечнае ва ўсе часы. І як бы ні складваліся падзеі, каханне — адзінае, што важна на гэтым свеце.

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каханне. Адзінае важнае

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.