Вы тут

Паэтычны тэатр «Арт.С» ужо 10 гадоў працуе ў сталіцы


У красавіку 2006 года, роўна 10 гадоў таму, з'явіўся Паэтычны тэатр «Арт.С». Пачаткам яго нараджэння стала промаакцыя «Моладзь ідзе», якую зладзілі ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі творцы Аксана Спрынчан і Зміцер Арцюх. Жаданне стварыць уласную прастору, дзе можна было б праявіць сябе, вызначыць адметную плынь у літаратурным працэсе, і паслужыла штуршком для гэтага. Відаць, што сама Цётка (Алаіза Пашкевіч), і загадчыца бібліятэкі Рэгіна Багамолава натхнілі і паспрыялі таму, што тэатр «Арт.С» застаўся жыць пад дахам бібліятэкі. Некаторыя праекты тэатра ладзіліся і ладзяцца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.


Чаму менавіта такая назва? З азначэннем «Паэтычны» ўсё зразумела. А «Арт.С»? Па словах дырэктара тэатра Аксаны Спрынчан, у назве — свабода творчасці, таму можна расшыфраваць яе і як артыстычная свабода, і як свята, святло, сустрэча, сяброўства, сонца, супадзенне...

І ў выступленнях удзельнікаў, і ў назве тэатра кожны можа знайсці сваё тлумачэнне.

На пляцоўцы тэатра праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, адбываюцца прэм'еры кніг, праходзяць выстаўкі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва. Так, да 10-годдзя тэатра запланавана фотавыстаўка «Свята 10-годдзя» Міколы Лінніка і Васіля Кузьмічкіна. За перыяд, што існуе тэатр, тут выступілі каля 200 беларускіх творцаў. Аксана Спрынчан дакладна ведае, хто ўразіць гледачоў экстравагантнасцю, а хто — сціпласцю, хто прыцягне філасафічнасцю, а хто — лірыкай кахання.

Шэраг вядомых беларускіх творцаў стала супрацоўнічаюць з тэатрам: Віктар Шніп, Ірына і Максім Клімковічы, Людміла Рублеўская, Таццяна Барадуля-Будовіч, Мікола Кандратаў, Рагнед Малахоўскі, Алесь Емяльянаў, Таццяна Барысюк, Вадзім Клімовіч, Таццяна Пратасевіч, Юлія Новік і многія-многія іншыя. На прасторы тэатра разгортваюцца цэлыя спектаклі-прэзентацыі аўтараў кніг. Гледачы могуць патрапіць і на «Вечарыну інтэлектуальных зданяў» (прэзентацыя кнігі Людмілы Рублеўскай «З'яўленне Інфанты»), і на «Прэзентацыю кнігі, якая ёсць» (Віктара Шніпа «Заўтра была адліга»). Казачная атмасфера панавала падчас прэзентацыі зборніка казак «Зорная Кася».

Уражваюць і тэатральныя праекты. Так, на працягу года праходзіў задыякальна-паэтычны праект «12 сузор'яў», калі са снежня 2007-га па лістапад 2008-га штомесяц тэатр ладзіў вечарыны, прысвечаныя пэўнаму знаку задыяка — Ільву, Рыбам, Скарпіёну... Таксама былі ў тэатры «Арт.С» і свае «Сем цудаў Беларусі» — вандроўна-эстэтычны праект, сем вечарын пра самыя адметныя і каштоўныя цуды Беларусі: Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Сафійскі сабор, возера Нарач, раку Нёман, балоты, Белавежскую пушчу.

Яшчэ «Арт.С» на сваёй прасторы пастанавіў жыць паводле ўласнага, а не ўсходняга календара. І з таго часу так і жыве, распачаўшы 12-гадовы праект «Святкуйма беларускае!» І ў 2016-м, у год юбілею, сябры тэатра лётаюць над беларускай зямлёй з Чорна-белым буслам.

Усё, да чаго дакранаюцца сваёй душой удзельнікі Паэтычнага тэатра «Арт.С», — па-мастацку светлае і святое, у ім жывуць Паэзія і Музыка, Любоў і Каханне.

Алег ГРУШЭЦКІ

Загаловак у газеце: Пад знакам творчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.