Вы тут

Чарнобыль. Праз адзін перыяд паўраспаду...


Трыццаць гадоў пасля катастрофы на ЧАЭС — дата знакавая. Адметнасць яе ў тым, што прайшоў адзін перыяд паўраспаду цэзію-137 і стронцыю-90, якімі разбураны выбухам 4-ы энергаблок станцыі шчодра «адарыў» беларускую зямлю. І таму памер забруджанай тэрыторыі істотна скараціўся. Калі раней гэтымі элементамі было «захоплена» 23% плошчы Беларусі, то цяпер гэты паказчык «сціснуўся» да 12-13%. Аднак далей такога істотнага зніжэння не чакаецца. Спецыялісты разлічылі, што праз наступныя трыццаць гадоў ад радыяцыйнага палону вызваліцца толькі два працэнты беларускай зямлі.


— Склалася чамусьці ў грамадстве думка, што хутка не будзе ўжо ні цэзію, ні стронцыю, — расказвае першы намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь Анатоль Загорскі. — Але ж застаюцца так званыя трансуранавыя элементы — плутоній, які па меры распаду ператвараецца ў яшчэ больш небяспечны амерыцый. Два працэнты тэрыторыі краіны забруджана імі. Трэба дакладна разумець: гэтая тэрыторыя будзе закрыта на тысячы гадоў. Перыяд паўраспаду плутонію — 24 тысячы гадоў. Ляжаць там і парэшткі паліва ў выглядзе ўрану-235 і 238. А ў іх перыяд паўраспаду і ўвогуле складае 4,5 мільярда гадоў. Гэты працэс мы ніяк не паскорым. Агулам жа па стане на 2016 год забруджана цэзіем ад 1 да 40 кюры 936 тысяч гектараў, пры гэтым 307 тыс. забруджана стронцыем. За трыццаць гадоў мы вярнулі ў севазварот толькі крыху больш за 17 тысяч гектараў, ды і тое ад агульнай колькасці выведзеных земляў гэтая лічба складае лічаныя працэнты. Перш чым гэта зрабіць, адпаведныя дакументы мусяць прайсці праз некалькі ведамстваў, у тым ліку праз Акадэмію навук і Савет Міністраў.

Спецыялісты кажуць, што перыяд паўраспаду радыеактыўнага элемента — гэта толькі дзясятая частка ад часу яго жыцця. Таму цэзій і стронцый праз 290-300 гадоў ужо не будуць уяўляць істотнай небяспекі. Яшчэ адна асаблівасць: калі ў 1986-м пад радыяцыяй аказалася 23% тэрыторыі, то цяпер — 13%, да 2046 года яна скароціцца да 10%. Адметнасць гэтых радыеактыўных элементаў у тым, што яны назапашваюцца ў донных адкладах і ў балотах.

— У нас ёсць шэраг прадпрыемстваў на пацярпелых тэрыторыях, прадукцыя якіх ідзе на экспарт, — запэўнівае начальнік аддзела навуковага забеспячэння і міжнароднага супрацоўніцтва Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь Ігар Семяненя. — Дзве трэці згушчанага малака з таго ж Рагачова адпраўляецца за мяжу. З Хойнікаў малочныя прадукты ідуць нават у ЗША, Ізраіль, краіны Балтыі, Еўрапейскага саюза. Кандытарскія вырабы прадаём туды ж. Журавіны з Піншчыны ідуць у краіны Захаду на экспарт. Толькі Польшча набыла летась больш за 40 тон ягады. Проста трэба быць вельмі асцярожнымі пры спажыванні дароў лесу. 23% журавін, сабраных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, не прайшлі радыяцыйную праверку. А з грыбоў увогуле забракавалі 40%.

— Зараз на забруджаных радыяцыяй землях жыве 1 мільён 142 тысячы чалавек, — працягвае Анатоль Загорскі. — 260 тысяч з іх — дзеці. Прычым 1860 чалавек засталіся жыць на адселеных тэрыторыях. Яны або адмовіліся перабірацца на новае месца жыхарства, або пасля вярнуліся ў родныя мясціны. Узровень забруджвання цэзіем-137 там — ад 15 да 40 кюры на квадратны кіламетр. Мушу адзначыць, што ім неаднаразова прапаноўвалі перасяліцца ў чыстую мясцовасць. Аднак тое, што яны засталіся там — іх поўнае права, бо ў гэтай зоне эвакуацыі не было. З такіх тэрыторый людзі сыходзілі дабравольна.

Усяго ж месца жыхарства з-за радыяцыйнай небяспекі па краіне вымушана змянілі 138 тысяч чалавек.

Пакінутыя людзьмі мясціны прывабліваюць да сябе нячыстых на руку дзялкоў. Ім і дагэтуль ёсць чым пажывіцца ў колішніх населеных пунктах.

— Сёлета за першыя тры месяцы ў ахоўваемай зоне мы выявілі 57 правапарушэнняў, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы МНС Беларусі Дзмітрый Аўчыннікаў. — У асноўным яны тычацца ўезду транспарту без спецыяльнага дазволу. На гэтым транспарце спрабавалі вывезці металалом. Агулам затрымалі
53 тоны гэтага грузу. Зарэгістравалі і тры выпадкі парушэння правіл палявання і рыбнай лоўлі.

Памяці ліквідатараў

У нашай краіне створаны віртуальны музей чарнобыльскай катастрофы. Афіцыйны запуск яго прымеркаваны да 30-годдзя трагедыі. Ён будзе месціцца адразу па двух інтэрнэт-адрасах — чернобыль.бел і chernobyіl.by.

— Наш рэсурс шмат у чым можна назваць унікальным, — расказвае загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела беларускага аддзялення расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра аб наступствах РНДУП «Інстытут радыялогіі» МНС Ірына Саўчанка. — Фактычна ён азначае беларускі пункт погляду на ўсе падзеі, звязаныя з катастрофай. Мы пацярпелі больш за ўсіх ад яе і выдаткавалі самую вялікую суму грошай на ліквідацыю наступстваў. Разам з тым сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых тэрыторый у нас лепшае ў параўнанні з Расіяй і Украінай.

Віртуальны музей складаецца з трох залаў. Першая з іх прысвечана непасрэдна аварыі. Там сабраны багаты фотаматэрыял, на якім адлюстравана жыццё да выбуху. Шмат у чым нам дапамог Нацыянальны архіў. Асобны раздзел прысвечаны памяці ліквідатараў. Створаны старонкі, прысвечаныя помнікам, звязаным з радыеактыўным выбухам. Але асобна трэба вылучыць раздзел, прысвечаны чарнобыльскай творчасці. Там цяпер можна пагартаць старонкі каталога работ беларускіх мастакоў «Боль, намаляваны пэндзлем», зборніка дзіцячых малюнкаў «Мы так адчуваем». Змешчаны там і паэтычны альбом «Наперакор. На радасць. На ўспамін...», у якім надрукаваны паэтычныя творы дзяцей і моладзі па чарнобыльскай тэматыцы.

Дзве іншыя залы прысвечаны ліквідацыі наступстваў і адраджэнню тэрыторый. Таксама ў віртуальным музеі прадстаўлена дынамічная карта радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі Беларусі, разлічаная да 2056 года. Яшчэ адна «фішка» праекта — расповед пра культурныя, гістарычныя і прыродныя каштоўнасці, якія аказаліся на «радыяцыйных» землях. Змешчаны там і цікавыя фотаэкскурсіі па прадпрыемствах, якія працуюць у пацярпелых раёнах.

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.