Вы тут

Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт адзначае 50-гадовы юбілей


Адзін з найбуйнейшых навуковых і вучэбных цэнтраў у заходнім рэгіёне краіны — Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт вядзе сваю гісторыю ад 1 красавіка 1966 года. За паўстагоддзя ў ВНУ падрыхтавана амаль 72 тысячы спецыялістаў.


Першы прарэктар універсітэта Вячаслаў ДРАГАН (на фота) расказвае, што ў забеспячэнні навуковага і адукацыйнага працэсаў зараз задзейнічаны 20 дактароў і 170 кандыдатаў навук, якія працуюць на 33 кафедрах. Цяпер ва ўніверсітэце займаецца каля 9 тысяч студэнтаў дзённай і завочнай формаў навучання, а таксама 300 замежных грамадзян з Кітая, Туркменістана, Турцыі, Нігерыі, Расіі, Таджыкістана, Казахстана, Егіпта, Марока і Лівана. Адукацыя БрДТУ карыстаецца попытам і папулярнасцю ў свеце, таму геаграфія экспарту адукацыйных паслуг год ад года пашыраецца.

Установа вядзе падрыхтоўку па 29 спецыяльнасцях першай ступені навучання і па 17 спецыяльнасцях другой ступені (магістратура). Цяпер у структуры ўніверсітэта восем факультэтаў: будаўнічы, эканамічны, машынабудаўнічы, электронна-інфармацыйных сістэм, інжынерных сістэм і экалогіі, завочнага навучання, інавацыйнай дзейнасці, кіравання і фінансаў, факультэт давузаўскай падрыхтоўкі. На кафедрах установы выконваюцца фундаментальныя, пошукавыя і прыкладныя даследаванні ў галіне архітэктуры, электронікі, машынабудавання, эканомікі і экалогіі.

У традыцыю Брэсцкага тэхнічнага даўно ўвайшло міжнароднае супрацоўніцтва. БрДТУ падтрымлівае сувязі з установамі Германіі, Францыі, Польшчы, Украіны, Расіі і іншых краін. Практыкуюцца сумесныя навуковыя даследаванні, абмен групамі студэнтаў, стажыроўкі выкладчыкаў і навучэнцаў. Установа ўключана ў сетку Універсітэтаў рэгіёна Балтыйскага мора (Thе Bаltіс Sеа Асаdеmу), якая створана па ініцыятыве Ганзейскага парламента (Гамбург, Германія). Зараз сетка аб'ядноўвае каля трох дзясяткаў універсітэтаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Фінляндыі.

Літаральна нядаўна на навукова-практычную канферэнцыю па актуальных праблемах захавання навакольнага асяроддзя даклады прадставілі 120 вучоных з васьмі краін свету. Большасць з іх прынялі ўдзел у навуковых дыскусіях форуму.

Выстава робатаў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Робататэхніка».

Варта сказаць, што актыўную дзейнасць па розных кірунках вядуць і студэнты ВНУ. Гаворка ідзе найперш пра дзевяць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і творчых аб'яднанняў. Напрыклад, лабараторыя «Робататэхніка» распрацоўвае метады і алгарытмы кіравання аўтаномнымі мабільнымі робатамі. Летась яна заняла першае месца на чэмпіянаце Wоrld Skіlls у Беларусі, другое месца сярод каманд краін СНД і прыняла ўдзел у сусветным чэмпіянаце, што праходзіў у Бразіліі.

Студэнцкае жыццё навучальнай установы можна назваць цікавым і змястоўным. Маладыя людзі маюць самыя розныя магчымасці для самаразвіцця. Вялікай папулярнасцю ў юнакоў і дзяўчат карыстаюцца студэнцкія атрады. У Брэсцкім тэхнічным універсітэце першымі ў Беларусі адрадзілі будатрадаўскі рух. На рахунку ўніверсітэцкага атрада значыцца ўдзел ва ўзвядзенні дзясяткаў аб'ектаў і не толькі ў нашай краіне. Напрыклад, пачынаючы з 2014 года кожнае лета накіроўваюцца атрады ў Астравец на будоўлю Беларускай АЭС. Там ужо папрацавалі больш за 350 студэнтаў. А некалькі гадоў таму атрад у складзе 26 студэнтаў-старшакурснікаў выязджаў у Венесуэлу. Два месяцы хлопцы працавалі памочнікамі майстроў і прарабаў на будаўніцтве жылых дамоў і аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння ў Каракасе.

У справе падрыхтоўкі спецыялістаў тэхнічнага профілю студэнцкія атрады маюць асаблівае значэнне, яны становяцца выдатнай практыкай для будучых інжынераў.

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Цэнтр адукацыі і навукі заходняга рэгіёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.