Вы тут

Дом, які хочацца з'есці


Можна пабачыць у казачным Гомелі, што раней быў Гоміем.

Збіраецеся ў падарожжа? Самы час. Вышукваеце ў даведніках, назбіраных па турыстычных выстаўках, куды вам лепш падацца? Дарэмна губляеце час.


Са­бор Пят­ра і Паў­ла. Фо­та Ула­дзі­мі­ра Цвір­кі.

Справа ў тым, што, як бы самавіта ні выглядалі турыстычныя буклеты, у іх пра адно і тое. Паводле няхітрых зместаў кожны стары беларускі горад — «маўклівы сведка былой велічы мінулай эпохі». Кожны культурны парк — «візітная картка», а яго «куточкі» — адно з двух: або «рамантычныя», або «жывапісныя», і, маючы «кампазіцыйны цэнтр», іх нязменна ўнікальныя прыродныя ансамблі ў сукупнасці з палацамі ўтвараюць «найлепшыя ўзоры высокамастацкіх увасабленняў».

Кожны апісаны ў даведніку палац — «жамчужына», ці не так? Кожная яго зала мае «інтэр'ерныя рашэнні», падпарадкаваныя «класічным тэндэнцыям». Кожныя дзверы — «гасцінна расчынены», а ў фондах захоўваюцца спрэс «гісторыка-культурныя каштоўнасці», назбіраныя «не адным пакаленнем музейных работнікаў». Вам гэта вельмі цікава?

Не купляйце турыстычных буклетаў, спадарства, не чытайце іх на згаладалы па падарожных прыгодах розум і ненатолены інтарэс. Бо не пішуць у іх такія тэксты, як у гэты вось, наш з вамі, «Падарожнік».

Адкрывальнікам

Архітэктура бывае смачнай, і нават вельмі. Няўжо гэты дом вам не хочацца з'есці? Накладныя калоны — як міндальныя мерэнгі, ліштвы — быццам з крэму-безэ, пад імі — не сценка, а мядовы коржык. Дом-пернічак, дом-каравай. Былы даходны дом купца Лейбы Маянца. На першым паверсе ў гэтай будыніне варта было б адкрыць цукерню і гандляваць такімі ж, толькі мініяцюрнымі — як два разы ўкусіць. Каб казачны Гомель адчуць і на смак.

***

Значыцца, Гомель. Памятае сябе ад 1142 года. Але цьмяна: як усе старыя гарады, ён шмат на што забыўся і шмат што разгубіў. Палац Румянцавых і Паскевічаў (якім вы абавязкова захопіцеся і пра які ў асноўным пойдзе тут гаворка) стаіць на месцы, дзе стаяў калісьці феадальны замак — з ровам, валам, сценамі, варотамі і спічастымі вежамі. Але Гомель не забыўся галоўнага і не страціў сябе. Вы ўбачыце, ледзь уехаўшы ў горад, як фарсуніста ён выглядае, як спрытна бягуць пад коламі машын яго вуліцы, як гайдаюцца, здароўкаючыся, яго ліхтары і дрэвы, якія зграбненькія, акуратненькія, нейкія, я б сказала, таварыскія яго домікі, вялікія і маленькія: блішчаць вачыма-вокнамі, усміхаюцца, падміргваюць... Ну, Сож, вядома, важнічае: як жа Гомелю без яго? А між іншым... Трапіцца вам у старым парку сажалка — дык ведайце не толькі тое, што яна завецца Лебядзінай, але і тое, што гэта след ад ракі Гаміюк, і Гомель раней быў не Гомель, а Гомій. А «гом», тым часам, па-старажытнаславянску — «пагорак». А калі верыць аўтарам розных міфаў, дык Гом — гэта першы тамтэйшы жыхар. Як хто побач з вамі, стоячы ў парку, спытае (хутчэй, сам сябе), навошта гэты Гом, фігура якога, адлітая з бронзы, застыла ў лодцы па-над вадою, узяў з сабою плаваць рысь, а не якую-небудзь прыгажуню, дык вы яму смела адказвайце: «Ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много». Спасылка на гербоўнік Вінклера, ні больш ні менш, таму блісніце ведамі, не саромцеся.

Чыр­во­ная гас­цёў­ня. «Вы­кра­дан­не...» і «Але­го­рыя на­ву­кі» — тут.

Рамантыкам

Хто другі на Зямлі пасля Зыгмунда Фрэйда? Леў Сямёнавіч Выгоцкі, аўтар культурна-гістарычнай тэорыі ў псіхалогіі, гамяльчанін. Яго «наскасць» вядомая не кожнаму, але ён ад гэтага быць нашым не перастае. Нарадзіўся ў Оршы, праз год сям'я пераехала ў Гомель, дзе ён з медалём скончыў гімназію і шмат у якіх установах выкладаў: у педтэхнікуме — логіку і псіхалогію, у прафтэхшколах друкароў і металістаў — рускую мову і літаратуру, на курсах культурных работнікаў вёскі — эстэтыку, у народнай кансерваторыі — тэорыю мастацтваў і філасофію. Льва Выгоцкага павінны тут памятаць шмат якія вулкі і будыніны. Зірніце на іх іншымі вачыма — і, хто ведае, можа і вы для сябе па-новаму вырашыце праблему лакалізацыі вышэйшых псіхічных функцый.

Ад Гома з рыссю пойдзеце дарожкай да палаца — і ўбачыце гарматы. Тут трэба ведаць, што гэта сметніцы. Абгорткам вашага марозіва — сюды. А вам далей — да дзюпонаўскага Вальтэра і таміраўскіх Карыялана з Валумніяй. Знайдзіце іх у раскошных памяшканнях палаца — вам будзе вельмі цікава ўбачыць мармуровага «апостала лібералізма» і бронзавага заваёўніка горада Карыёлы з яго такой жа бронзавай жонкай. Вы думаеце, што фігурка Вальтэра тут проста так, для прэстыжу? Ну, не зусім. Мікалай Пятровіч Румянцаў з Вальтэрам быў знаёмы. Васьмідзесяцігадовы, той прыняў юнака прыхільна, а потым яшчэ і напісаў: «Тым, хто народжаны, каб служыць апорай улады неабмежаванай, не пашкодзіць зірнуць на рэспубліку». Карыялан і Валумнія — наадварот: ні з Румянцавымі, ні з Паскевічамі, вядомая рэч, не зналіся. Валумнія на каленях, як бачыце, упрошвала мужа не нападаць на Рым, ён паслухаўся, але народны сход затоўк яго за гэта камянямі. Такая гісторыя. Хадзем далей?

Вы, спадарства, у чырвонай гасцёўні. Што прыцягнула б вашу ўвагу перш за ўсё? Фігурка з белага мармуру на драўляным пасудніку, справа ад кандэлябра, які трымае над галавой пазалочаная бронзавая Ніка? Цікавы сюжэт: рымскі воін у тыповым для сябе шлеме, плашчы і з мячом на баку, пераступаючы праз лысага мужчыну, рашуча трымае ў руках жанчыну з прыгожай прычоскай. Адназначна, што гэта нейкае «Выкраданне», якіх у свеце скульптуры і жывапісу на сюжэт пра сабінянак, гвалтоўна павыкраданых рымлянамі, напладзілася шмат.

Паслядоўнікам

Паскевічы па нараджэнні і па жыцці: Іван Фёдаравіч і Лізавета Аляксееўна (у дзявоцтве Грыбаедава), Фёдар Рыгоравіч і Ганна Восіпаўна (у дзявоцтве Карабанькова), Фёдар Іванавіч Паскевіч-Эрыванскі, Ганна Іванаўна Валконская, Настасся Іванаўна Лабанава-Растоўская, Аляксандра Мікалаеўна Балашава — усяго восем чалавек з тытуламі князёў і графаў. Відавочна, што месца, назва якога заўсёды гучыць рамантычна — фамільная крыпта — ніяк не мінуць. Знаходзіцца ў парку, амаль ля палаца, паміж Свята-Петра-Паўлаўскім саборам і каплічкай, якая нагадвае сабою ці то рускі сарафан, ці то какошнік.

Трошкі правей — камінны гадзіннік з назвай «Алегорыя навукі». Алегорыя — гэта такая жанчынка з пацініраванай бронзы ў антычнай сукенцы. Правай рукою, па локаць аголенай, падтрымлівае разгорнутую на каленях кнігу, левай абапіраецца на гадзіннік. І цікавае тут — гадзіннік. Знешняе кола яго цыферблата адлічвае пяціхвілінкі: 5, 10, 15, 20... Вы яшчэ недзе такі ці бачылі? Дакладна такая ж мадэль належала філосафу Дзідро.

А вось у вежы палаца — імператрыца Аляксандра Фёдараўна на кані. Ці то гладзіць яму грыўку, ці то падганяе. Сукенка прыгожая.

Куфар чырвонага дрэва з фларэнтыйскай мазаікай. Ці хавала ў ім што гаспадыня палаца, не вядома.

Вось незвычайная прыгажуня — «Купальшчыца». Бязрукай Венеры Мілосскай да гэтай фігуркі ой як далёка...

Фі­гур­ная гру­па «Вы­кра­дан­не...»  на ста­рым здым­ку.

***

Мае падарожныя мары — шматлікія і разнастайныя. Напрыклад, мару, што аднойчы ў мае рукі трапіць незвычайны даведнік. З-пад радкоў яго будуць выкочвацца таямніцы; за словамі, дразнячыся, будуць хавацца прыгоды, а варта яго патрэсці, як пасыплюцца са старонак уражанні. А пакуль такое не здарылася, я таксама мару, што ў адзін незвычайны дзень мяне запросяць пісаць турыстычныя даведнікі. Я падумаю: «Чаму не?» і адразу вазьмуся за справу.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.