Вы тут

Пад маскамі лялек


Свята для тэатралаў: спектакль «Ваня» тэатра Karlsson Haus з Санкт-Пецярбурга паказалі ў Мінску на Міжанродным фестывалі тэатраў лялек.


Гэта ж проста падарунак — спектакль усяго месяц таму быў адзначаны Нацыянальнай прэміяй Раіі «Залатая маска». Прэміяй за лепшую работу рэжысёра быў адзначаны пастаноўшчык «Вані» беларускі мэтр тэатра Аляксей Ляляўскі. Як жа гэта прапусціць? Але не толькі таму, што нехта адзначае нашых рэжысёраў прэстыжнымі прэміямі (сёлета яшчэ адзін выдатны спектакль з «маскай» быў паказаны — «Забіць Караля» Пермскага тэатра лялек), але і таму трэба глядзець, што ў гэтым відзе тэатра ў Беларусі адбываюцца вельмі цікавыя працэсы.

Лялькі ў тэатры — наша ўсё і яшчэ крыху. Што неаднойчы пацвярджалася на той жа «Залатой масцы» і іншых міжнародных фестывалях, дзе вылучалі работы і Аляксея Ляляўскага, Алега Жугжды, Аляксандра Янушкевіча (сёлета яго пастаноўка ў Пермскім тэатры лялек таксама адзначана прэміяй). Між іншым, уявіць, што могуць нашы рэжысёры, можна было якраз паводле праграмы фестывалю, дзе было сабрана суквецце нашых (!) імёнаў, панарама апошніх, самых гучных прэм’ер беларускіх тэатраў, дзе былі пастаноўкі як дзіцячыя, так і для дарослых. Мы ў сваіх публікацыяй звернем увагу на самыя адметныя спектаклі фестывалю, да якіх прыклалі руку беларускія стваральнікі, вылучым некалькі кірункаў, калі за рэжысурай можна ўбачыць больш, чым толькі тэатр. Таму што за любымі лялькамі заўсёды стаяць людзі. Але дзеля пралога ўсё ж — казачны падарунак, які невядома, ці атрымаецца яшчэ паглядзець у Беларусі.

Разгадка

Такім чынам, «Ваня». Руская народная казка, у тэатры Санкт-Пецярбурга з назвай у гонар Карлсана. Гучыць іранічна. Але гэта супадзенне, як кажуць, тряпляе ў яблычак, таму што казка і пра час, і пра людзей з іх паходжаннем, адпаведна, пра патрыятызм. Гэта паводле прачытання Аляксея Ляляўскага. Уявіце, як трэба ўмець чытаць казкі! А як трэба адчуваць свой час! Таму што казка — цудоўная форма размовы з людзьмі, калі нешта трэба сказаць не прама, а іншым чынам, намёкам, паўтонам, алегорыяй. І разам з тым — вельмі проста і зразумела. Казкі ж заўсёды гавораць пра складанае проста. Ці не самая складаная тэма ў наш час — барацьба дабра са злом. Столькі пра гэта ўжо ўсяго сказана (а колькі гаворыцца цяпер), што не паўтарацца і быць небанальным амаль немагчыма.

Можна. У гэтым дапамагаюць не столькі лялькі — яны вельмі прышпільныя, хоць і маленькія. Сапраўды лялькі, якімі распараджаецца (гуляе) больш уплывовая сіла. У дадзеным выпадку Чалавек. Адзін. Акцёр Міхаіл Шаломенцаў — гэта казачны распавядальнік. Звычайна ў казках усе распавядальнікі ўяўляюцца тыпавымі прадстаўнікамі свайго казачнага свету (у залежнасці ад таго, пра які вядзецца расповед). Распавядальнік гэтай казкі апрануты ва ўніформу з лётным шлемам (можа, адбіліся ўніфікацыя і глабалізацыя?). Казка ўсё ж сучасная (разумее глядач), а тое, што яна руская, выдатна адчуваецца дзякуючы балалайцы, ня якой бранчыць акцёр. Ён больш, чым распавядальнік (праз вусны яго нам даводзяць, як усё было насамрэч), па меры развіцця дзеяння мы бачым яго выдатным лялькаводам.

У акцёра свой падыход і тон у дачыненні да кожнага з персанажаў: можа быць рашучы, злы, непрымірымы, абыякавы ці пяшчотны, з любоўю, сімпатыяй і лёгкім сумам. Ён гаворыць і паказвае дзеянні адначасова ўсіх персанажаў (таму Міхаіл Шаломенцаў быў адзначаны сёлета «Залатой маскай» за лепшую акцёрскую работу ў тэатры лялек). Ён гаворыць за дзеда і бабу, у якіх была шчаслівая сям’я, пакуль дракон не паглынуў усіх людзей, і старыя засталіся адны, таму што нясмачныя. За Ваню, які чароўным чынам прыходзіць у свет, і толькі дзеля таго, каб вызваліць сыноў дзеда з бабай. За братоў, прыгожую дзеўку і нават ваўкоў, якія так і вартуюць, каго «зачысціць» у лесе. Слова «лес» хоць і абазначае нешта бязмежнае, у дадзеных умовах падаецца замкнёнай прасторай: увесь кавалачак тэатральнай прасторы — гэта, па сутнасці, машына, якая задае тон усяму, што адбываецца: вызначае ўмовы жыцця, прымушае рухацца ў пэўным кірунку, нават спараджае герояў, калі трэба. І дзесьці на ўскраіне гэтага абмежаванага свету (на задворках гісторыі) размяшчаецца чэрава Дракона (Парыжа?). Дракон высмоктвае з людзей душу (праз трубку процівагаза, нібыта сам баіцца прасякнуцца духам рускага жыцця). У ім знікаюць усе людзі (ці без душы яны ўжо зомбі?)

Усім, каго паглынуў Дракон, нядрэнна, нават утульна і прыемна. Вяртацца дадому па сваёй волі ніхто не хоча. Хіба толькі нейкі засланы Ваня вызваліць і верне сілай. Ён і сам не спакушаецца прыгожым жыццём, не тоне і не гіне ў розных выпрабаваннях (бо хто ён такі, каб проста так прападаць?). Ён адшуквае сваіх братоў, дастае сілай, вяртае дамоў — і прарывае рука артыста чорную нацягнутую столь сцэнічнай канструкцыі, вырываецца на волю свабодны дух героя (заадно і наш — перажываем жа).

Зразумела, чаму за такім ідзе прыгажуня, скароная дзіўнай адданасцю радзіме. А вось браты, выцягнутыя з чэрава Парыжа дзеля вяртання ў сумную вёску, расчараваныя. Дык хоць бы дзеўка Ваніна падарыла ім радасць (у якасці кампенсацыі). Герой толькі і перашкаджае. Дык а ў чым жа праблема? Сваю місію вызвалення братоў Ваня выканаў. Можа сысці — у гісторыю.

Забытага і выкінутага з жыццёвай прасторы Ваню шкада толькі прыгажуні, якая ператвараецца ў птушку. За ёю адлятае і душа Вані. Прыгожа. У лепшы свет. Каб жыць вечна. На радзіме. Усёй душой. Вось ён казачны хэпі-энд сучаснай казкі для дарослых. Пра ўсё падрабязна, каб была зразумелая мараль казкі, якую мы, можа, больш і не пабачым у Беларусі. А шкада — праца рэжысёра цудоўная. Для перадачы сэнсу ён знаходзіць безліч простых прыёмаў. Такіх простых, але не банальных, што гэта сапраўды геніяльна. Акрамя таго, казка пастаўлена на маленькую залу — яна камерная. Таму што пра такое і так можна размаўляць у вузкім коле. Можна гучна гаварыць пра тое, што дракон пераможаны, і шэптам аб тым, што ён пры гэтым застаецца «загніваць» на сваім месцы і ў сваёй прасторы. Можна перажываць за Ваню, калі ён праходзіць усе перашкоды — мы бачым як акцёр праціскваецца скрозь вузкія тунэлі і праходы. Можна спачуваць адзінокаму герою ў тым, што няма нікога, хто б дапамог яму ў выкананні ягонай місіі, але пры гэтым задавацца пытаннем: а ці ёсць гэты дракон насамрэч, ці не выдумка ўсё дзеда з бабай, якіх пакінулі ўласныя сыны (але ж пра іх дрэнна не скажаш, значыць, трэба шукаць, каго абвінаваціць у асабістай бядзе)? Вось яшчэ раз падумаеш пра тое, што казкі — гэта своеасаблівая форма адлюстравання псіхалогіі, ментальнай асаблівасці тых, кім яны створаны. Казкі розных народаў нездарма ж розныя па сутнасці. Праз іх лягчэй разумець рысы нацыянальнага характару, механізмы, на якіх грунтуецца грамадства і культурныя прыярытэты народаў.

Механізм

Не тэхнічны, але вельмі ўплывовы. Механізм ідэалогіі апынуўся пад увагай Брэсцкага тэатра лялек у разглядзе Руслана Кудашова, рэжысёра з Санкт-Пецярбурга і таксама лаўрэата вышэйшай тэатральнай прэміі «Залатая маска» і шэрагу іншых. З Брэсцкім тэатрам лялек галоўны рэжысёр піцерскага Вялікага тэатра лялек супрацоўнічае не першы год і вядомы шэрагам пастановак у Беларусі, якія адзначаліся на розных фестывалях. Спектакль «Фро» пастаўлены паводле апавядання Андрэя Платонава, да прозы якога рэжысёр нераўнадушны. Ён сам стварыў інсцэніроўку і, адчуваецца, перажыў і глыбока асэнсаваў тэму, таму што ў назвы спектакля (паводле задумы аўтара) ёсць вельмі доўгі, але красамоўны працяг: «Хаджэнне Ефрасінні Яўстаф’евай, маладой жанчыны, пакінутай мужам, які з’ехаў будаваць камунізм ці нешта яшчэ».

Нам таксама распавядаюць гісторыю, назіраем за ёй нібыта збоку, але пакрысе ўцягваемся. Рэжысёр паступова расстаўляе прыманкі, на якія глядач павінен клюнуць. І не памыляецца.

Спачатку, зразумела, прыманкай з’яўляецца гісторыя кахання маладой жанчыны Фросі і Фёдара. Мы чакаем, што прыгожая (да гэтага звяртае метафара напачатку). Але каханыя вымушаны развітацца: Фёдар едзе выконваць сваю місію — якое запатрабаванае паняцце, нават у наш час, хоць гісторыя пра 30-я гады мінулага стагоддзя, калі ў рускім свеце (і каля яго) актыўна абмяркоўвалася тэма сусветнай рэвалюцыі. Фёдар марыць пра глабальнае, ён хоча змяніць свет. А Фрося ўвесь час думае толькі пра мужа (вось жа несвядомая!). Яна маладая, ёй хочацца кахання і асабістага жаночага шчасця. А бачыць яна толькі чыгуначныя шляхі, якія праходзяць праз чыесьці лёсы. Ды і людзі ў гэтай сістэме — «калёсікі і вінцікі адзінага механізму»… Таму лялькі — маленькія. Людзі, як рухавікі механізму, вялікія.

Гэта таксама спектакль, дзе акцёрская частка істотная. Акцёры ствараюць дух і вобраз эпохі з яе ідэямі, рытмам: усё хутка, зменліва. І пластычна паводле вырашэння. Шэрая ўніформа, але вельмі гучная ў спалучэнні з яркімі акцэнтамі. Напрыклад, «чырвоным куточкам» (яшчэ не ўсе забыліся, што гэта такое, калі меркаваць па рэакцыі залы). Ці аптымістычнымі спевамі (напрыклад, «Бэла чао»), рытмамі танцаў — усё захоплівае. Амаль як ідэя героя. Спектакль нібыта пра прыватнае, але густа населены: тут і тата Фросі — чыгуначнік, яе сяброўкі, кавалеры. Ды і Фрося — не толькі лялька. Гэта актрыса, якая можа быць як сабой (чалавекам, душой), так і маленькай, кранальнай лялькай у руках лёсу. Метафар у спектаклі шмат, яны даюць уяўленне пра час і пра чалавека, якому ў любы час хочацца адчуваць сябе жывым і атрымліваць лісты шчасця (няхай і ў выглядзе самалёцікаў). На фоне маштабу праблем, якія павінны вырашыць гэтыя людзі ў гісторыі, шкадаваць хочацца маленькіх лялек, якія так лёгка могуць зламацца ці згубіцца ў самоце свайго лялечнага ложка. Шкада людзей-лялек, таму што ў іх ёсць душа. Нешта такое, што не ўпісваецца ў рамкі механізму. Таму імкнецца (і так бывае) яго зламаць.

Пра гэта разважалі беларускія рэжысёры і ў іншых спектаклях фестывалю. Але яны патрабуюць асобнай размовы менавіта таму, што таксама імкнуцца зламаць пэўныя стэрэатыпы: як тэатральныя, так і чалавечыя.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.