Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Захапляльны фінал Лігі чэмпіёнаў, вынікі таварыскай гульні футбольнай зборнай і поспехі суайчыннікаў на чэмпіянаце свету па муай-тай. Пра самыя актуальныя спартыўныя падзеі расказваем у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Футбалісты мадрыдскага «Рэала» 11-ы раз выйгралі Лігу чэмпіёнаў, у фінале яны сустрэліся з «Атлетыка». Лік быў адкрыты ўжо на 15-й хвіліне, Серхіа Рамас адправіў мяч у вароты — 1:0 на карысць «Рэала». Пасля перапынку «Атлетыка» атрымаў выдатную магчымасць зраўняцца з сапернікам, але Антуан Грызман з 11-метровай адзнакі паслаў мяч у перакладзіну. Раўнавага ў гульні была адноўлена на 79-й хвіліне, а асноўны час сустрэчы так і скончыўся з лікам 1:1. У дадатковыя паўгадзіны сапернікі таксама не дамагліся поспеху, а ў серыі пасляматчавых пенальці ўдача была на баку «Рэала», вырашальны ўдар нанёс Крышціяну Раналду.

Адзначым, што два гады таму «Рэал» і «Атлетыка» таксама гулялі ў фінале Лігі чэмпіёнаў. Тады ў Лісабоне «Атлетыка» выйграваў амаль да самага фінальнага свістка, але прапусціў гол у кампенсаваны час, а потым не ўстаяў у авертайме — 1:4.


2. Футбалісты нацыянальнай зборнай у Белфасце прайгралі ў таварыскім матчы камандзе Паўночнай Ірландыі — 0:3. Гаспадары дамінавалі на полі на працягу ўсяго першага тайма, пасля перапынку сітуацыя змянілася, беларусы наносілі небяспечныя ўдары па варотах ірландцаў, але так і не дасягнулі сваёй мэты.

— Цяжка казаць пра матч, які мы прайгралі з лікам 0:3. Мы гулялі ў нейкі інтэлігентны футбол, без прапаноў наперад, хоць дамаўляліся зусім пра іншае. Да таго ж у нас было шмат памылак пры пераходзе з абароны ў атаку. Што тычыцца галоў, якія мы прапусцілі, — гэта тэхнічныя памылкі асобных футбалістаў, — адзначыў пасля гульні галоўны трэнер беларускай зборнай Аляксандр Хацкевіч. Сёння наша каманда правядзе спарынг са зборнай Ірландыі. Нагадаем, напярэдадні ірландскія футбалісты прымалі ў Дубліне каманду Нідэрландаў і завяршылі сустрэчу ўнічыю — 1:1.


3. Дзесяць узнагарод выйгралі беларускія атлеты на чэмпіянаце свету па муай-тай, які завяршыўся ў Швецыі. Залатыя ўзнагароды заваявалі: Віталь Гуркоў (вагавая катэгорыя да 75 кг), ён, дарэчы ўжо 11-ы раз стаў чэмпіёнам свету, Дзмітрый Валент (81 кг), Анатоль Ванакоў (86 кг) і Андрэй Герасімчук (звыш 91 кг). У катэгорыі да 91 кг з-за праблем са здароўем не змог прыняць удзел у фінальным баі Дзяніс Ганчаронак, які атрымаў сярэбраны медаль. Пераможцай чэмпіянату свету стала таксама беларуска Алена Ляшкевіч (45 кг).

Адзначым, што ў медальным заліку беларускія атлеты занялі другое месца (5 залатых, 1 сярэбраная і 4 бронзавыя ўзнагароды), прапусціўшы наперад толькі сапернікаў з Тайланда.


4. Ілья Палазкоў і Настасся Пракапенка сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату свету па сучасным пяцібор'і ў змяшанай эстафеце. Пасля двух стартавых відаў праграмы беларусы не ўваходзілі ў дзясятку наймацнейшых, няўдала выступіўшы ў плаванні. Аднак наступныя віды праграмы Ілья Палазкоў і Настасся Пракапенка выканалі значна лепш. У верхавой яздзе дуэт заняў трэцяе месца і перад заключным відам (бег і стральба) займаў восьмае месца. Беларусы выдатна правялі стральбу і хутчэй за сапернікаў пераадолелі дыстанцыю, атрымаўшы 647 балаў — лепшы вынік сярод 23 каманд.

Такім чынам, у актыве беларускіх пяціборцаў па выніках чэмпіянату свету ў Маскве два медалі. На старце чэмпіянату свету беларускі Кацярына Арол і Ірына Прасянцова сталі бронзавымі прызёрамі ў эстафеце.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: РЭАЛьная перамога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.