Вы тут

Як пакатацца на ровары і прынесці карысць грамадству


«Не твая палоса — не сунь носа», гаворыць народная прымаўка. Але каб была тая паласа для веласіпедыстаў па ўсім горадзе, дык яны б з задавальненнем ездзілі толькі па ёй. У Мінску, праўда, велаінфраструктура актыўна развіваецца. І ў гэтым гарадскім уладам можа дапамагчы кожны веласіпедыст.


«Летась пад патрэбы веласіпедыстаў было адаптавана каля двухсот кіламетраў мінскіх дарог. Гэта значыць на сямідзесяці трох вуліцах нашага горада павінны былі зрабіць нізкія бардзюры, адкрэсліць роварныя сцежкі і паставіць адпаведныя знакі», — расказвае старшыня Мінскага веласіпеднага таварыства Павел Гарбуноў, з якім мы катаемся па горадзе. «Большая частка гэтых вуліц зроблена. Але хібаў і недаробак сустракаецца даволі шмат».

Каб праехаць праз пару бардзюраў па вуліцы Смалячкова, давялося злезці з ровара. Павел працягвае свой расказ: «Мы маніторым тое, што ўжо зроблена і правяраем, наколькі якасна ажыццявілі праект. На першым этапе мы давалі спіс адаптаваных вуліц усім ахвотным, кожны чалавек браў на сябе адну вуліцу і рабіў справаздачу па ёй. Цяпер у нас засталіся неправеранымі трыццаць сем вуліц, але вельмі хочацца спрасціць працэс праверкі».

Калі ёсць жаданне дапамагчы з веламаніторынгам, можна пазваніць у Мінскае веласіпеднае таварыства і даведацца пра вуліцы, якія па плане ўжо мусяць быць прыдатнымі для катання. Калі ў сваёй вандроўцы па горадзе вы заўважыце велазнак, акрэсленую велалінію, але, напрыклад, непаніжаны бардзюр, гэты хіб варта сфатаграфаваць і вылажыць у інтэрнэт. Можна – на сайт Мінскага веласіпеднага таварыства альбо на партал 115.бел, які робіць Мін-
гарвыканкам.

«На 115.бел гэта нават зручней, — кажа Павел. — Там ёсць раздзел, прысвечаны праблемам з веласіпеднай інфраструктурай. Можна зрабіць фотку гэтага бардзюра, прывязаць да каардынат і «заліць» яе. Калі вы прадублюеце інфармацыю яшчэ і для нашага сайта, будзе зусім добра».

Чаму гэта важна — выявіць і зафіксаваць усе недаробкі і памылкі? «Яшчэ семдзесят кіламетраў дарог плануецца прыстасаваць пад двухколавы транспарт», — тлумачыць Павел. «Калі гэтая праца будзе зроблена, то асноўная сетка мінскіх вуліц будзе ўжо ў веласіпедных палосах. Хочацца, каб другі кавалак працы па ўзроўні быў зроблены больш якасна, і для гэтага лепш сёння паказаць выканаўцам тыповыя недахопы».

Апроч іх, відавочных, праз такі маніторынг выяўляюцца і іншыя рэчы. Напрыклад, калі тратуар вельмі вузкі і там не шмат ездзіць веласіпедыстаў, магчыма, не заўсёды варта акрэсліваць лінію альбо ставіць знакі. Па існуючых стандартах, роварная сцежка павінна быць шырынёю два з паловай метры. Зразумела, што шмат у якіх месцах ажыццявіць гэта немагчыма.

«Усе гэтыя прапановы для праекціроўшчыкаў мы падрыхтавалі. Яшчэ хочацца зрабіць такую рэч, якую мы назвалі «куратар вуліцы». Каб два ці тры чалавекі, якія тут жывуць і ўвесь час ездзяць, неслі за яе адказнасць: пісалі скаргі, глядзелі, ці адрэгавалі на іх, люкі паднятыя адсочвалі», — дзеліцца планамі Павел Гарбуноў.

Такім чынам, спадарства, далучайцеся да веламаніторынгу! Ёсць пэўныя магчымасці і для тых, хто яшчэ не мае ўласнага велатранспарту, але мае жаданне паспрабаваць так перасоўвацца па гораду. Адзін з праектаў таварыства называецца «Добры ровар» і ўяўляе сабой бясплатны пракат каля дваццаці веласіпедаў. «Валанцёры самі адшукалі гэтыя ровары, адрамантавалі іх і выставілі на стаянкі па ўсім горадзе», — расказвае Павел. — Папярэдне атрымаўшы код праз бясплатны анлайн-сэрвіс, кожны можа пакатацца на іх і пакінуць у іншым месцы».

Алена Хурс

Загаловак у газеце: Бардзюры напералік

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.