Вы тут

Эх, маладая!..


На гэтай думцы сышліся ўдзельнікі «круглага стала», прысвечанага нядаўняму 95-годдзю «Чырвонай змены» — газеты, з якой пачалася ўся маладзёжная прэса на савецкай прасторы.

За доўгія гады чаго толькі не было: змены назвы, мовы, колеру... Месцы ветэранаў займалі прадстаўнікі наступнага пакалення... Учарашнія пачаткоўцы, атрымаўшы дзякуючы газеце пуцёўку ў жыццё, станавіліся масцітымі аўтарамі... Чытачы, якія на пачатку існавання «Чырвонай змены» вучыліся чытаць па яе артыкулах, рабіліся сябрамі-аднадумцамі... Мянялася сама некалі вялікая дзяржава, і гэтыя змены — і трагічныя, і радасныя — знаходзілі адлюстраванне на старонках выдання... Мяняліся нават не часы — эпохі. Нязменным на працягу ўсяго гэтага часу было толькі адно: маладзёжны задор газеты! І, як сышліся на думцы ўдзельнікі «круглага стала», цяперашняя «Чырвонка. Чырвоная змена» як мае быць працягвае тую слаўную традыцыю. Дэвіз дадатку: маладыя пішуць для маладых і пра маладых!

Пра гісторыю, повязь часоў і пакаленняў, ролю газеты ў выхаванні маладога пакалення і яе нішу ў віртуальнай прасторы, «партрэт» маладога сучасніка гаварылі ветэраны выдання, прадстаўнікі ўлады, шэрагу міністэрстваў, БРСМ, а таксама тыя, хто напаўняе матэрыяламі старонкі сённяшняй «Чырвонкі. Чырвонай змены».


Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, дырэктар — галоўны рэдактар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда», цёпла павітаў прысутных, падзякаваў ім, што змаглі знайсці час, каб трапіць на сустрэчу, і прадставіў удзельнікаў «круглага стала» адно аднаму, хоць гэта, хутчэй, быў крок ветлівасці: большасць з тых, хто сабраўся ў зале грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы, даўно знаёмыя па сумеснай працы. У тым ліку — і па стварэнні сённяшняга твару «Чырвонкі».

— Наш «круглы стол» прымеркаваны да 95-годдзя выхаду першага нумара «Чырвонай змены», і назвалі мы яго «Гісторыя і сучасная прастора маладзёжнай газеты». Сёння мы не толькі павіншуем адно аднаго з юбілеем камсамольскай і маладзёжнай газеты, але і пашукаем новыя трэнды. Асноўная частка гісторыі выдання звязана з камсамолам, з галоўнай маладзёжнай арганізацыяй на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Сёння яно зарэгістравана менавіта як «Чырвонка. Чырвоная змена». І ў самой гэтай назве — повязь часоў і пакаленняў. Такім чынам, што засталося ў мінулым і што запатрабавана сёння?

Валянціна МЯШЧЭРСКАЯ, галоўны спецыяліст упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі:

— У маім разуменні 95 гадоў — вялікі жыццёвы адрэзак. Колькі за гэты час адбылося важных гістарычных падзей, якія змянілі лёс усёй краіны! І ва ўсіх іх моладзь прымала самы непасрэдны ўдзел.

Выхад 21 красавіка 1921 года першага нумара азначаў не проста з'яўленне новай газеты: на свет нарадзілася роданачальніца маладзёжнай прэсы Беларусі.

Я з вялікім задавальненнем прачытала юбілейны нумар «Чырвонкі». Ён змяшчае столькі цікавых звестак! І вялікі дзякуй журналістам, якія робяць газету сёння, — за тое, што знайшлі супрацоўнікаў, якія стваралі «Чырвоную змену» раней. Расказалі пра невядомых літаратараў, якія гуртаваліся спачатку вакол «Красной смены», а потым «Чырвонай змены» і якія пазней сталі славутымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Гэта была цэлая плеяда! Добра ўяўляю сабе вечары, на якіх у 1920-я гады моладзь збіралася і спрачалася да хрыпаты наконт таго, якой павінна быць газета. І ў выніку яна была жывой, таму што ў кожны нумар укладвалася душа. Вельмі важнай падзеяй, лічу, стаў пераход газеты праз тры гады на беларускую мову.

«Чырвоная змена» і сёння захоўвае ўсе традыцыі: як раней яна не пакідала без увагі ніводзін допіс, што прыходзіў у рэдакцыю, давала пуцёўку ў жыццё тым, хто яшчэ толькі марыў стаць журналістам і пісаў у газету як юнкар, так і сёння падтрымлівае юных аўтараў, дае ім магчымасць выказацца на сваіх старонках. У журналістаў газеты ёсць выразная грамадзянская пазіцыя, яны захоўваюць найлепшыя традыцыі айчыннай журналістыкі, іх матэрыялы вызначаюцца глыбінёй і актуальнасцю. «Чырвонка. Чырвоная змена» мае свой твар, што дазваляе з ўпэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень.

Ганаровую грамату ад Міністэрства інфармацыі атрымлівае Сяргей Расолька.

Дзмітрый ШАЎЦОЎ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:

— «Чырвоную змену» я памятаю яшчэ са свайго юнацтва, калі выпісваў яе школьнікам у старшых класах. Газета заўсёды была цікавай: і калі была галоўным друкаваным органам камсамола, і ў пераходныя часы, застаецца такой яна і сёння. Новае пакаленне ідзе ў нагу з часам, і «Чырвонка» ад яго не адстае.

Наша парламенцкая камісія зацікаўлена ў тым, каб у моладзі прысутнічаў пэўны маральны стрыжань. Моладзь без ідэалагічных установак існаваць не можа, таму што вакуум абавязкова запоўніцца. Але хто і чым яго запоўніць? Што гэта будзе: пазітыў ці негатыў? Пагадзіцеся, ёсць прынцыповая розніца...

Мы павінны даваць маладым людзям правільны ідэалагічны пасыл, зараджаць іх, скіроўваць у правільным напрамку. І, вядома, здорава, калі гэта будзе рабіць маладзёжная газета, якой давяраюць яе чытачы.

На жаль, сёння падпіска зніжаецца на ўсе друкаваныя выданні. Ды і моладзь у асноўным жыве ў віртуальнай прасторы. Інтэрнэт-рэсурсы, якія існуюць за кошт рэкламы, моцна падрываюць тыражы. Але за сваю нішу ў інтэрнэт-прасторы абавязкова трэба змагацца. Няхай гэта будзе электронная падпіска, але падпіска платная (па гэтым шляху ідуць СМІ ў еўрапейскіх краінах). Разумею, што аднаму выданню змяніць сітуацыю не пад сілу, таму гэта павінен быць калектыўны крок з боку друкаваных СМІ.

Зычу вашаму караблю з яго моцнай прафесійнай камандай упэўнена рухацца на хвалях інфармацыі наперад і працаваць на карысць моладзі, каб яна стала падаўжальніцай цудоўных традыцый. У тым ліку і традыцый у журналістыцы. Няхай маладыя людзі, як і мы ў свой час, выхоўваюцца на такіх цудоўных газетах, як «Чырвоная змена».

Ілона НЕМАВА, начальнік аддзела арганізацыйнай работы і інфармацыі Міністэрства культуры:

— Ад імя міністра культуры і ўсяго калектыву нашага ведамства хацелася б падзякаваць супрацоўнікам холдынга «Звязда» і газеты «Чырвонка. Чырвоная змена». Вы нашы даўнія сябры і інфармацыйныя партнёры. Зразумела, мы зацікаўлены ў тым, каб газета яшчэ больш пісала пра культурныя мерапрыемствы, тым больш у Год культуры. Мы чакаем ад журналістаў экспертных ацэнак нашых мерапрыемстваў і ўсяго таго, што робіць культурная галіна краіны.

Таццяна ДРАПАКОВА, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі:

— У рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі «Чырвонка.Чырвоная змена» — наш галоўны партнёр. Усе мерапрыемствы, што рэалізоўваліся ў Год моладзі, аператыўна адлюстроўваліся на старонках газеты. Але Год моладзі ў нас не заканчваецца ніколі. Таму мы вельмі спадзяёмся і на далейшае плённае супрацоўніцтва. Упэўнены, што заўсёды можам разлічваць на дапамогу прафесіяналаў.

Нагрудным знакам БРСМ «За поспехі ў працы» ўзнагароджаны Яраслаў Лыскавец.

Уладзімір КАСЬКО, дацэнт кафедры перыядычнага друку Інстытута журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, рэдактар газеты ў 1974 — 1981 гадах:

— Трэба сказаць, што «Чырвонка» была найстарэйшай камсамольскай газетай ва ўсім былым СССР. Першы нумар колішняй «Красной смены» выйшаў на тры гады раней за «Комсомольскую правду». У свой час газета пабывала нават у космасе, куды быў «камандзіраваны» яе «спецыяльны карэспандэнт» Пётр Клімук. Я памятаю, як любіў і паважаў выданне Пётр Міронавіч Машэраў. Таму гэтая газета, без перабольшання, з вялікай гісторыяй. Цяжка нават уявіць, колькі спраў і пачынанняў было ініцыявана «Чырвонкай» у савецкія часы, прычым як у маштабах цэлай краіны, так і ў асобных гарадах і вёсках.

Да таго ж яна дала білет у будучыню многім беларускім пісьменнікам — ледзь не кожны класік хоць раз друкаваўся на яе старонках. Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Іван Шамякін — усе яны пачыналі ў нас.

Цяпер многія кажуць, што грамадскае абмеркаванне сыходзіць у інтэрнэт, што газеты ўжо не маюць ранейшага ўплыву на людзей. Але, на маю думку, тыя, хто аддае перавагу друкаванаму слову, заўсёды застануцца. Я дагэтуль не лічу дзень паўнавартасным, калі не пачытаю перыёдыку, у тым ліку любімыя «Звязду» і «Чырвонку». І гэта пры тым, што інтэрнэтам я таксама карыстаюся.

Уладзімір МАКАРАЎ, начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны:

— Хачу падкрэсліць, што Беларусь — адна з рэдкіх дзяржаў у свеце, якая не здраджвае сваёй сапраўднай гісторыі. І гэта вельмі важна, бо большасць нацый, якім даводзіцца перажыць тое, што прыйшлося нам, не выжываюць.

Пытанне ў тым, якія праблемы стаяць перад СМІ сёння. І справа не толькі ў інтэрнэце. У сувязі з імклівым развіццём інфармацыйных і іншых тэхналогій разгортваюцца два глабальныя працэсы: развіццё віртуальнай прасторы і паралельны ёй — прыход у інтэрнэт новых геніяў, у тым ліку журналістаў і пісьменнікаў. Такім чынам, сутыкнуцца два праекты: чалавецтва і нэтакратыі — улады сетак. І мы верым, што ў гэтым супрацьстаянні пераможа чалавек. Падмуркам для перамогі стане якраз наша вялікая гісторыя, у тым ліку XX стагоддзя, і не апошнюю ролю ў гэтым адыграюць такія выданні, як «Чырвонка».

Сяргей КЛІШЭВІЧ, другі сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі:

— Далёка не кожнае выданне можа праіснаваць такі доўгі тэрмін і заспець столькі розных эпох, як гэта было з «Чырвонкай»: з'яўленне савецкай дзяржавы, Вялікая Айчынная вайна, падчас якой выхад газеты не спыняўся, пасляваенны перыяд... Ведаю гэта, бо сам пішу навуковую працу на тэму камсамольскага руху, і нядаўна знаёміўся з рарытэтнымі нумарамі газеты.

Вядома, сённяшняя «Чырвонка» — гэта ўжо далёка не тое камсамольскае выданне, якім яно было ў 1920-я гады і пазней, у савецкія часы. На наш погляд, ключавая перавага газеты заключаецца ў тым, што яна выходзіць на беларускай мове. Менавіта за гэтым — будучыня. Дарэчы, і Саюз моладзі цяпер актыўна займаецца праблемай нацыянальнага адраджэння, вяртання традыцый. Спадзяёмся, што «Чырвонка» стане своеасаблівым рупарам нашай працы ў гэтым кірунку.

І гэта не проста словы, бо мы і цяпер рэалізуем сумесны праект пад назвай «Скарбонка добрых спраў», у якім распавядаем пра дабрачынныя акцыі ўдзельнікаў нашай арганізацыі. Такім чынам спрабуем падаць прыклад астатняй моладзі. Думаю, у хуткім часе разам рэалізуем іншыя цікавыя задумы, тым больш што ў нас іх хапае.

«Падзякай» ад БРСМ ушанавана Надзея Бужан (злева), «Падзякай» ад Міністэрства культуры — Алена Драпко.

Святлана ДЗЯНІСАВА, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»:

— Мне хочацца павіншаваць «Чырвонку» з днём нараджэння і, безумоўна, падзякаваць за тое, што вельмі часта ў рэдакцыі «Маладосці» раздаюцца званкі з прапановай выслаць урыўкі прозы нашых аўтараў для іх публікацыі ў маладзёжным дадатку. Рыхтаваць гэтыя фрагменты вельмі адказна, цікава і прыемна. Мы прыдумляем асаблівыя, не такія, як у часопісе, даведкі пра маладых пісьменнікаў і абавязкова паведамляем аўтарам, што іх творы трапілі не толькі ў «Маладосць», але яшчэ і ў «Чырвонку». Пэўна, мне паведамленне такой інфармацыі дастаўляе нават больш асалоды, чым самому маладому аўтару.

Я хацела б сказаць не пра інтэрнэт-прастору, а ўвогуле, пра тое, якая сёння моладзь. Адзін з аўтараў «Маладосці» напісаў»: «Кажуць, сучасная моладзь ні аб чым не думае, ні да чаго не здольная. Часцей не кажуць, а крычаць. І ў большасці сваёй гэтыя крыкі не маюць пад сабой фундаменту. Людзям проста здаецца, што яны былі іншымі, што яны хацелі, яны маглі...»

Галоўнае пытанне, якое стаіць перад намі, — «пра што і як размаўляць з маладымі?»

Мяркую, што для таго, каб падтрымліваць кантакт з моладдзю і мець з ёй добрыя стасункі, не трэба нічога выдумляць, трэба проста быць самімі сабой. І гаварыць, хутчэй, мовай арыгінальнай меншасці, чым стандартнай большасці. Бо маладыя сёння разбураюць вельмі многія стэрэатыпы і прымушаюць думаць пра парадаксальнае. Я лічу, што калі чытачы «Чырвонкі» і «Маладосці» так думаюць і так пішуць, то для такой моладзі можна перавярнуць горы, і мы сумесна будзем гэта рабіць.

Наталля КАРПЕНКА, першы намеснік галоўнага рэдактара «Звязды»:

— «Чырвоная змена» была першай газетай у маім жыцці, самай галоўнай і самай любімай — ёй я аддала амаль 20 гадоў. І цяпер хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто спрычыніўся да гісторыі «Чырвонкі», за тую творчую атмасферу, што заўсёды панавала ў рэдакцыі, а таксама тым, хто робіць яе сёння.

Перад правядзеннем гэтага «круглага стала» я доўга разважала над пытаннем: а што з сябе сёння ўяўляе «Чырвонка» на медыйным полі? Мы кажам, што гэта газета, у якой маладыя пішуць для маладых і пра маладых. На маю думку, выданне ў першую чаргу расказвае гісторыі тых, хто незадаволены сваёй сённяшняй планкай, хто хоча развівацца і не стаяць на месцы, хто застаецца цікаўным да жыцця. Па-другое, нашы чытачы і героі — гэта тыя, хто любіць сваю радзіму, хоча ведаць сваю гісторыю, паважае сваю мову і культуру. Па-трэцяе, гэта чулыя і міласэрныя людзі, якія дапамагаюць тым, каму сёння цяжка. Падагульняючы – гэта выданне для сучаснай, незакамплексаванай, талерантнай моладзі, адкрытай свету. І, на радасць, пераважная яе большасць — менавіта такая.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Відэа з «круглага стала» можна паглядзець тут.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.