23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Астравы шчасця Аляксандра Лягчылава


Пра жыццё і творчасць знанага паэта-песенніка расказалі яго бацькі.

Яго няма ўжо больш за дзесяць гадоў, а песні, якія ён напісаў, жывуць і сёння. І не проста жывуць, а гучаць з вуснаў вядомых артыстаў і гуртоў. У апошні дзень чэрвеня аўтару слоў «Горыч-ягады» і «Чаркі на пасашок», а таксама яшчэ каля чатырохсот песень, споўнілася б 70...


Менавіта столькі ж — толькі юбілей сумеснага жыцця — адзначалі бацькі Аляксандра Лягчылава, калі я завітала да іх у госці. Яны не святкавалі. Пасля таго, як не стала іх любімага Сашачкі, свята ў кватэры Лягчылавых бывае рэдка. Ды і ўзрост ужо не той. У верасні Вользе Паўлаўне споўніцца 95 гадоў, Кузьма Васілевіч на год маладзейшы за жонку. Іх лёсы таксама вартыя цэлай аповесці, але гэтым разам ветэраны Вялікай Айчыннай вайны расказваюць пра сына.

Дзядзька — беларускі Марэсьеў

Аляксандр быў першынцам. Як жартуе Вольга Паўлаўна, яна тройчы сумленна выконвала пяцігодку — нараджала сыноў раз на пяць гадоў. Хлопчыкаў назвалі імёнамі ўсіх палеглых на фронце братоў Кузьмы Лягчылава: Аляксандрам, Уладзімірам і Сяргеем.

Дарэчы, да вайны Вольга Паўлаўна працавала ў аддзеле пісьмаў «Звязды». У галоўную партыйную газету яе прывёў брат. Аляксандр Русановіч, імя якога носіць вуліца ў Мінску, працаваў у «Звяздзе» і тэхнічным сакратаром, і літаратурным супрацоўнікам аддзела культуры. У гады вайны служыў на ваенна-марскім флоце. Падчас размініравання водаў Волгі ён быў моцна паранены — ампутацыя нагі была непазбежнай. З 36 чалавек засталіся жывымі толькі двое... Пасля яго назавуць беларускім Марэсьевым: нягледзячы на ўсе супрацьпаказанні ён хутка стане ў строй. Такому жаданню ваяваць проста не маглі адмовіць.

Аляксандр Лягчылаў вельмі ганарыўся сваім дзядзькам, капітанам І рангу, доктарам ваенна-марскіх навук. Невыпадкова скончыў сувораўскае ў Мінску і нават паступіў у Севастопальскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча.

— Паўгода правучыўся і даслаў ліст: «Тата, я еду дадому», — расказвае Вольга Лягчылава. — Як аказалася, не ляжала ў яго душа да ваеннай навукі.

Паэт у сёмым класе

Аляксандр Лягчылаў ніколі не вучыўся ў музычнай школе. Ігрой на гітары авалодаў сам. Ніхто не вучыў яго і пісьменніцкаму майстэрству. Адным словам, самародак. На тое, што ў сына ёсць схільнасць да творчасці, бацькі звярнулі ўвагу, калі аднойчы паехалі пагасціць да брата Вольгі Лягчылавай у Севастопаль.

— У той дзень мы ўсёй сям'ёй адпачывалі на моры, як раптам Саша некуды знік, — успамінае Вольга Паўлаўна. — Я — за ім. Гляджу, сядзіць і нешта піша. Прыйшлося нават угаворваць, каб даў паглядзець: такі ён быў у нас сарамлівы. І сёння помню тыя радкі: «Бросайся в море и плыви, как море льнет и гладит кожу. Как это радостно сообщить, что и вода так нежно может нам отдаваться и любить...» Яму тады было гадоў дзесяць.

Слава да Аляксандра Лягчылава прыйшла ў 7 класе. Саюз кампазітараў Беларусі тады шэфстваваў над 39-й школай, дзе вучыўся хлопчык. Аднойчы, калі ў школу прыехаў вядомы кампазітар Юрый Семяняка, дзеці папрасілі яго напісаць атрадную песню. Семяняка пагадзіўся, але з умовай, што словы да песні школьнікі напішуць самі. «Дык у нашага Сашы Лягчылава іх два сшыткі», — адказалі яны кампазітару. Неўзабаве з'явілася атрадная песня — першая ў скарбонцы паэта-песенніка.

— Яе выконвалі па радыё, на розных мерапрыемствах, — гаворыць Вольга Паўлаўна. — Калі я першы раз пачула песню, вы не ўяўляеце, як гэта было ганарова. Дзіця, а ўжо загучаў на ўсю краіну!

Неўзабаве Сашу Лягчылава запрасілі на сустрэчу ў Саюз кампазітараў. Але падлетак не пайшоў: палічыў, што няма чым хваліцца. Але пісаць працягваў.

Творца з эканамічным ухілам

Пасля няўдалай спробы асвоіць ваенную навуку Аляксандр Лягчылаў пайшоў у армію. Служыў танкістам у Печах, што пад Барысавам. Свой абавязак перад Айчынай выконваў таксама пад музыку: іграў на гітары ў складзе ансамбля, створанага ў воінскай часці.

Другі раз з Юрыем Семянякам ён сустрэўся падчас вучобы на журфаку БДУ. Маэстра прапанаваў Лягчылаву напісаць ужо «дарослы» твор. Неўзабаве на ўсю краіну загучала песня пра Беларусь.

Вучобу на журфаку Лягчылаў сумяшчаў з работай ва ўпраўленні культуры Мінскага аблвыканкама. У навукова-даследчым эканамічным інстытуце Дзяржплана БССР, куды пасля запрасілі Аляксандра Кузьміча, павінны былі стварыць сваю рэдакцыю. Меркавалі, што яе ўзначаліць наваспечаны журналіст. Але нешта не атрымалася, і Аляксандру прапанавалі пасаду вучонага сакратара. Ён пагадзіўся, але вырашыў, што вучоны сакратар павінен мець навуковую ступень. Абараніў у Маскве кандыдацкую дысертацыю і стаў кандыдатам эканамічных навук.

Адну за адной Аляксандр Лягчылаў мяняў высокія пасады. Працаваў памочнікам міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, прарэктарам па навуковай рабоце Беларускага ўніверсітэта культуры, прарэктарам гуманітарнага эканамічнага інстытута. Да апошняга дня свайго жыцця ўзначальваў Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж.

Ра­зам з баць­ка­мі. 2003 год.

Стасункі з кампазітарамі і спевакамі

Нягледзячы на сваю занятасць, ён заўсёды знаходзіў час для творчасці. Ужо пасля смерці паэта яго маці даведаецца, што 243 песні Лягчылава маюць ліцэнзію — а значыць рэгулярна выконваюцца. Усяго ж ім напісана каля 400 твораў. Некаторыя з іх уваходзяць у зборнікі «Музыка кахання» і «Астравы шчасця», якія падрыхтавала да выдання Вольга Паўлаўна. Як яна прызналася, яшчэ хопіць не на адзін: многія песні засталіся толькі на паперы. Як, напрыклад, песня «Ты такая адна», прысвечаная планеце Зямля. Магчыма, на яе паэта натхніў знакаміты касманаўт Пётр Клімук. Бо як інакш зразумець, што да аркуша, на якім запісаны словы, прымацавана візітка двойчы Героя Савецкага Саюза?

— Пісаў настолькі хутка, настолькі захапляльна, — успамінае сынаву манеру творчасці бацька. — Няма ніводнага кампазітара, хто б не хацеў напісаць з ім песню. І ён нікому не адмаўляў.

І гэта пацвярджаюць зборнікі, якія я гартаю разам з бацькамі паэта: Лучанок, Захлеўны, Зарыцкі, Прохараў, Молчан, Буднік, Елісеенкаў, Глебаў, Іваноў... «Бывала, нават падказваў кампазітарам, як пабудаваць тую ці іншую мелодыю. Настолькі быў музыкальным. І гэта без музычнай школы!», — удакладняе Вольга Паўлаўна.

Яго песні грэлі душу многім артыстам. Звонкім словам яны ліліся з вуснаў Льва Лешчанкі і Іосіфа Кабзона, Ядзвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Іны Афанасьевай, гучалі ў выкананні «Песняроў», «Сяброў», «Верасоў», «Бяседы», ансамбля імя Аляксандрава...

На 50-га­до­вым юбі­леі з дзець­мі.

Сын як сонца

Пры жыцці Аляксандр Лягчылаў правёў 10 творчых вечароў. Кожны раз паэта сустракалі перапоўненыя залы. І заўсёды сярод гэтай вялікай колькасці людзей знаходзіўся самы важны для яго глядач і крытык — мама. Са слязьмі на вачах Вольга Паўлаўна ўспамінае, што нават у тыя вельмі адказныя часіны ён ніколі не забываўся пра яе — заўжды нёс букет кветак.

— Саша быў вельмі добрым і клапатлівым сынам, — успамінае маці. — Калі ў нашай кватэры адчыняліся дзверы і заходзіў ён, здавалася, узыходзіла сонейка.

Сваёй любай матулі Аляксандр Кузьміч прысвяціў не адну песню. Мы гартаем з Вольгай Паўлаўнай песенныя зборнікі і зачытваем кранальныя да болю радкі:

Мама, мама, матулечка,

Знаю, ты — гэта я.

Мама, мама, матулечка,

Я крывінка твая.

Колькі вёснаў не спраўдзіцца,

Колькі зім не міне,

Божа, мілы, матулю

Зберажы для мяне.

Восень жыцця

Аляксандр Кузьміч памёр ва ўзросце 59 гадоў. Анкалогія. Згарэў імгненна. Гэта сёння, пераглядаючы яго апошні канцэрт, які адбыўся ў красавіку 2005 года, Вольга Паўлаўна заўважае, што сын ужо хварэў. Тады ж ніхто нават не падазраваў аб страшным дыягназе.

Яго смерць стала вялікім ударам не толькі для бацькоў, а і для дзяцей паэта. Ганна, Павел і Кацярына сёння беражліва захоўваюць памяць бацькі. А старэйшая дачушка яшчэ і праслаўляе яго добрае імя. Ганна Лягчылава — вядомая актрыса і рэжысёр расійскага кінематографа. Такая дачка магла нарадзіцца толькі ў таленавітага бацькі.

Ён пайшоў з жыцця восенню. Менавіта гэтую пару года Аляксандр Лягчылаў любіў больш за ўсё: колькі песень прысвяціў сваёй залатой сяброўцы! І, напэўна, невыпадкова нехта найвышэйшы вырашыў, што самы прыгожы, першы восеньскі месяц стане для яго апошнім...

Ночы... Ах, якімі сталі ночы!

Неба быццам зоркавая шаль.

Гэта нас з табою восень хоча

Запрасіць на свой чароўны баль.

 

Стане, можа, нам сяброўкай стане

Восень, што спяшаецца да нас.

І плыве мелодыя кахання,

Нібыта гучыць апошні раз.

kanyuta@zvіazda.by

Фота з сямейнага архіва Лягчылавых

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.