Вы тут

Рубель атрымаў прыемную вагу


Эканамічнымі агентамі найбольш пазітыўна ўспрымаецца тая грашовая адзінка, дзе прысутнічае найменшая колькасць нулёў.

Гэта я вам ад спецыялістаў Нацбанка сучасную фінансавую палітыку краіны даводжу. Не будзе ў нас больш мільянераў, у новым фармаце — дакладна. Вось і мінула 8 месяцаў пасля падпісання кіраўніком дзяржавы летась 4 ліcтапада Указа №450, дзе гаварылася аб дэнамінацыі. Такім чынам, замест банкнотаў узору 2000 года з сённяшняга дня мы пачынаем атрымліваць купюры ўзору 2009 года ў суадносінах 10 тысяч «старых» да 1 рубля новага.


Усякі грош харош

Няма ніякай відавочнай неабходнасці ў тым, каб у першыя гадзіны, дні ці нават тыдні пасля дэнамінацыі бегчы ў банкі ды абменьваць там старыя грошы на новыя. З пункту гледжання пакупніцкай здольнасці ў гэтым няма ніякага сэнсу. Можа хіба ён ёсць крыху ў тым, каб памацаць гэтыя новыя купюры, парадаваць вока прыгожымі фарбамі і цікавымі сюжэтамі, патрымаць у руках манеты. Прыемна адчуваць сябе гаспадаром каштоўных папер новага ўзору. Гэтае жаданне ў першую чаргу датычыць моцнага полу, бо мы і да пенсіі застаёмся дарослымі дзеткамі. А тут такая сур'ёзная і прыгожая цацка...

Гэта лірыка, а на самай справе асноўная маса старых грошай будзе вынята з абарачэння праз касы магазінаў, аддзяленняў банкаў і іншых структур, якія прымаюць гатоўку ад кліентаў. Потым гэтыя паперы здаюцца арганізацыямі ў падраздзяленне Нацбанка, абменьваюцца на новыя, а старыя купюры ўтылізуюцца. Нам спецыяльна ісці ў банк для абмену не трэба, бо на працягу 6 месяцаў два ўзоры грошай будуць мець паралельнае абарачэнне. Але я амаль упэўнены, што ва ўсіх буйных і сярэдніх гарадах краіны старых грошай на руках у насельніцтва ўжо і не застанецца нават праз адзін — два месяцы. Заробкі мы атрымліваем у асноўным па картцы, а банкаматы на працягу ліпеня фінансісты абяцаюць перавесці выключна на новыя грошы. А грошы пад матрацам сёння ніхто ўжо ці амаль ніхто не хавае.

Калі з нейкіх прычын і да пачатку наступнага года ў кагосьці застануцца старыя грошы, то іх абмен будзе ажыццяўляцца без абмежаванняў і без спагнання ўзнагароджання з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019-га — у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі, а з 1 студзеня 2020-га па 31 снежня 2021 года — у Нацыянальным банку. Часу на падобную «ракіроўку» хапае.

Чэргі на касах падаўжэюць

Аб гэтым днямі заявіў намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс. І выправіць сітуацыю з імі будзе даволі складана, бо цяпер касірам неабходна будзе апераваць 9 банкнотамі старога ўзору, 7 — новага і плюс манеты. А гэта можа істотна знізіць хуткасць абслугоўвання пакупнікоў.

Намеснік міністра адзначыў яшчэ адзін нюанс. Сёння ў краіне дзейнічае каля 250 тысяч касавых апаратаў, сярод якіх дастаткова і старых. Таму прыкладна да канца года ў касавым чэку можа стаяць сума ў недэнамінаваных грашах, а вось у карт-чэку — у новых. Нічога страшнага ў гэтым няма, лічыць Эдвард Матуліс, бо і рэшту кліенту могуць адначасова даваць як новымі, так і старымі купюрамі.

Спачатку вывучыць, а потым браць

Знаёміцца з новымі каштоўнымі паперамі мы пачнём пасля таго, як атрымаем іх у банкамаце. Гэта ў ідэале. А калі прадавец (пакупнік) у першыя дні ліпеня наведвае рынак і ў рукі яму там трапляюць новыя грошы, з якімі ён яшчэ добра і не пазнаёміўся? Ці існуе верагоднасць, што разлічвацца (даваць рэшту) з ім будуць не зусім «правільнымі» грашыма? Будзем спадзявацца, што наш чалавек дастаткова пільны і ў падобную сітуацыю ніколі не трапіць, але...

Гэта касір павінен быць падрыхтаваны і ведаць новыя купюры «ў твар» з першых гадзін раніцы пасля дэнамінацыі, а вясковай бабулі для дакладнай ідэнтыфікацыі сучасных банкнотаў пэўны час спатрэбіцца. Таму я параіў бы нашым бацькам пры прыватным разліку з незнаёмымі людзьмі гэтыя новыя купюры браць з вялікай асцярогай або папрасіць разлічыцца добра вядомымі купюрамі ўзору 2000 года. Праўда, і ў агучаным выпадку ёсць выйсце, калі ў дробнага гандляра на рынку ў кашальку будуць тры новыя купюры — 5, 10 і 20 рублёў. Тады свае сапраўдныя банкноты можна будзе параўноўваць з грашыма пакупніка.

А вось жартаваць з нацыянальнай валютай я не раіў бы нікому, бо гэта бокам можа выйсці. Тут будзе не лішнім сказаць некалькі слоў пра сувенірныя грошы. У галоўным упраўленні наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка нам паведамілі, што выраб выявы банкнотаў можа выконвацца на матэрыяльных і нематэрыяльных носьбітах. Але пры гэтым ёсць пэўныя ўмовы: пры аднабаковай выяве носьбіта памер копіі павінен складаць менш за 75% або больш за 125% ад рэальнага памеру банкнотаў. Пры двухбаковым выкананні — менш за 50% або больш за 200% ад арыгінала. А мы ведаем, што сапраўдная даўжыня 5-рублёвага банкнота ў нас складае 135 мм, 10-рублёвага — 139 мм, а 20-рублёвага — 143 мм. Дастаткова мець пад рукой тры кардонкі падобнага памеру і праблем з «банкам прыколаў» у вас не будзе.

Барацьба з дзіркамі

А тым, хто любіць прыхаваць свае кроўныя на «ўсялякі выпадак», я параіў бы ў найбліжэйшы час перагледзець кішэні пінжакоў, паліто, штаноў, зазірнуць у старыя кашалькі і сумачкі. Ёсць нагода навесці парадак у шафе, а магчыма, крышку і разбагацець.

На кішэнях трэба спыніцца асобна. Манет у нас не было ўжо даўнавата, таму пры ўзнікненні невялікай дзірачкі яе можна і не заўважыць. Аднак дробная новая манета такую прарэху адшукае абавязкова. Вось і яшчэ працы рэгулятар нашым жонкам дабавіў. Можна хадзіць і з дзіркаю, але тады неабходна набыць спецыяльную манетніцу ці шматфункцыянальны кашалёк-партаманет.

Гэтая жабка (свінка) нас не задушыць

Цікава, а ці ёсць у нашых дзетак звычка збіраць кішэнныя грошы? Без манет такая звычка амаль не мае сэнсу. А тут з'яўляюцца новыя купюры і манеты. Па-першае, цяпер малым трэба даволі падрабязна расказаць аб дэнамінацыі, а таксама аб тым, што манета ў 1 рубель адпавядае сённяшнім 10 000, а новыя 10 капеек — гэта тысяча старымі. Калі дзеці самастойна наведваюць краму, то ім неабходна будзе даволі хутка навучыцца падлічваць свае фінансы па новай сістэме.

Асабліва рукастых «кулібіных» спецыялісты Нацбанка папярэджваюць, што выкананне выявы манет можа рабіцца на любых матэрыяльных і нематэрыяльных носьбітах, за выключэннем сплаваў металаў. З пластмасы — калі ласка, можаце рабіць; пачаў капіраваць манету з металу — нажывеш непрыемнасці.

Калі гандаль і банкі будуць дакладна прытрымлівацца рэкамендацый Нацбанка і стануць выдаваць рэшту новымі купюрамі або манетамі, то даволі хутка металічныя грошы трапяць і ў рукі нашых дзетак. Таму я параіў бы набыць малым прыгожую скарбонку ў выглядзе свінкі ці жабкі. А апошняя няхай нас не задушыць, калі мы пачнём аддаваць металічную дробязь сваім дзеткам. А яшчэ варта пажадаць, каб гэтая самая дробязь мела пакупніцкую вагу. Сёння, заўтра і заўсёды.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: І атрымаў рубель прыемную вагу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.