Вы тут

Свае людзі


Ніна Сцяпанаўна ўсім сваім родным і блізкім прызналася, што на ноч не зашчапляе дзверы. «А раптам што здарыцца? Мне ж ужо без трох дзевяноста. Страшна падумаць, колькі пражыла. Хоць дзе і калі што было!..»

Сёння яна ўжо не корпаецца на агародзе. Агарод аддала добрым людзям, тыя пагадзіліся ўзяць яго без лішніх слоў, бо любяць рачкаваць на зямлі, а ў Ніны Сцяпанаўны ўчастак — грэх слова кепскае сказаць: усё расце, што ні пасадзіш. А праз колькі двароў — ужо іншая глеба: жоўценькі пясочак. Тады ж чаму не знойдзецца ахвотнікаў! Уго! Праўда, некалькі градак робіць усё ж — бліжэй да хаты пакінула маленькі лапік зямлі: хай будзе хоць якая свая памідорына ці цыбуліна. «Так-сяк агораю. Не кожны ж раз у краму па яе хадзіць». Туды прывозяць сёння ўсё, нават бананы. Градкі ёй дапамагае абрабляць унук Сашка, хоць і дужа заняты, але стараецца выкраіць час: хоць сам працуе на валцы лесу і стамляецца, вядома ж. Ды і свой жа агарод мае. Чалавек сямейны. Іншы раз прыязджаюць дочкі: адна жыве ў Гомелі, другая — побач, у суседняй вёсцы. Вось і надоечы неяк патэлефанавалі, бы згаварыліся: мама, чакай! А яна якраз хварэла. Таму адразу замітусілася, пачала актыўна прымаць таблеткі, што прыпісаў мясцовы лекар, нават зазірнула ў люстэрка: ці добра хоць выглядаю? А сама, тупаючы па хаце, разважала: «Трэба патрэніравацца, каб дзеўкі не западозрылі, што кволюся. Калі ж і адна цягне да сябе, і другая. Яшчэ разарвуць. Ну як ты тут, маўляў, адна? У нас жа табе будзе лацвей. Ага, лацвей. У чужой жа хаце, дзеці мае, і на печы холадна. Ды і характар у мяне такі, што ўказваць буду, а вы гэтага не любіце. Таму вы самі па сабе, а я як-небудзь сама... А з пенсіі грошай і так дам усім вам... пароўну... Дзякуй Богу, пенсія ў мяне добрая, каля чатырох соцень, то навошта мне столькі адной?»

Яна яшчэ пэўны час тапталася перад люстэркам. Выгляд быццам добры. Ага, а дзе мая пудра? Ды і кіёк трэба схаваць пад ложак. Цяпер хай едуць дзеўкі. Не страшна.

***

Даволі часта перамаўляюся па слухаўцы з Сяргеем Філіпчанкам. Жыве ў Хатоўні. Працуе ў мясцовым Доме культуры мастацкім кіраўніком. Бяда напаткала майго земляка і сябе — цалкам страціў зрок. Некалі сам вадзіў машыну, цяпер гэта робіць жонка Надзя. Затое можа і сёння яе адрамантаваць: хоць і не бачыць, але адчувае машыну рукамі і, вядома ж, душой і сэрцам. Выдатны музыкант і спявак, Сяргей надзвычай запатрабаваны чалавек — без яго ў раёне не абыходзіцца ніводнае свята, на якім павінна гучаць песня. Нездарма ж яго называюць рагачоўскім салаўём і залатым голасам.

Нядаўна Сяргей Філіпчанка выступаў у Лідскім замку на фестывалі «Кола часу», які праводзіла Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Вярнуўшыся адтуль, падзяліўся ўражаннямі. Паколькі ў Лідзе жыве сястра Таццяна, то мне гэты город добра знаёмы. І ў замку таксама даводзілася бываць. Заўважце: замак не мае даху. Таму ў горадзе і нарадзіўся наступны анекдот. Калі выпівоху ці абібока якога пытаюць, дзе ты працуеш, ён адказвае: у замку столь фарбую. Сяргею гэтая байка спадабалася.

Папытаў, колькі ж ён песень выканаў на імпрэзе ў Лідзе? Адказаў: адну, «Калінушку». Мяне гэта, шчыра кажучы, здзівіла і ўразіла. Бо адразу ўявіў, як едзе Сяргей з вёскі ў Гомель (легкавіком кіруе, вядома ж, жонка, якая ўзяла на працы дзень за свой кошт). Потым гуртам адтуль ужо дэлегацыя ад вобласці шыбуе ў мікрааўтобусе ў Ліду, без малага 500 кіламетраў. Тая ж доўгая дарога дадому. І дзеля адной песні!

Не, не падумайце нічога кепскага: іншы раз дастаткова праспяваць і адну песню, каб у твой адрас прагучала «біс» і застацца ў памяці слухачоў. Так, спадзяюся, і было. Але мне проста прыгадалася адна гомельская паэтка, якой на вечарыне прапанавалі прачытаць усяго адзін верш — як і ўсім астатнім, каб не зацягнулася мерапрыемства — а яна абурылася: гэта што, з-за аднаго верша я сюды ішла? Потым, калі выйшла чытаць, было цяжка пасадзіць яе на месца. Дарэчы, з таго прачытанага добрага тузіна вершаў у памяці не засталося ніводнага радка.

Пра «Калінушку» Сяргея Філіпчанкі, перакананы, так не скажуць, бо некалі сам чуў яе ў выканані гэтага спевака.

Якраз той выпадак, калі і варта было ехаць дзеля адной песні!

***

Многія здзіўляюцца, паціскаюць плячыма: і чаму Алене не жылося са сваім Міколам? Не п'е, не курыць. Гэта ж сёння золата, а не чалавек. А яна, бачце вы, дала яму ад варот паварот. Звычайна так паступаюць з выпівохамі (ну якая ад яго, сапраўды, карысць — ні грошай, ні чыстага паветра ў пакоі: перагарам толькі патыхае). Ды яшчэ з абібокамі рознага кшталту... А гэты вунь і на легкавік разжыўся. Ну чым не муж?

Паколькі Лена нікому не апавядала пра сваё сямейнае жыццё-быццё, то суседзям нічога не заставалася, як строіць розныя здагадкі. Гэта быў якраз той выпадак, калі маладая маці дваіх дзетак — сынка і дачушкі — паказала сябе даволі мужнай і рашучай жанчынай.

Адбылося вось што. Гады два назад муж Мікола узяў на працы чарговы адпачынак і паехаў у вёску да бацькоў — у тых быў свой пчальнік, і ён дапамагаў старым упраўляцца з пчоламі. У канцы агарода стаяла каля дзесятка вулляў. Мёд, адным словам, быў. А быў мёд, былі і грошы. А тут якраз так атрымалася, што захварэла дачка і на яе лячэнне былі патрэбны немалыя сродкі. Жанчына патэлефанавала мужу, растлумачыла сітуацыю, а ў адказ пачула: дзе я табе іх вазьму, грошы тыя? Няма!

Лена пабедавала ды змірылася. Можа, і сапраўды, няма. Так і жыла б. Аднак пазней, перабіраючы кнігі, выпадкова натрапіла на скрутак... з доларамі. Пералічыла. Тры тысячы. І гэта няма грошай! Ну малайчына, мужанёк! Як жа я з табой жыць буду далей? І не разумела — як. Для роднага дзіцяці грошай пашкадаваў бацька!

Жанчына, вядома ж, забрала грошы і зрабіла выгляд, што пра іх не чула і не ведала.

Яно б і нічога, можа, і змірылася б, аднак пазней Мікола ўзняў такі вэрхал, што не перадаць. «Дзе мае долары?!»—«Якія? У цябе ж не было грошай. Сам казаў, кляўся нават». Заявіў, адным словам, у міліцыю. Тая доўга абівала парогі — усё разбіралася.

Вярнула рэштку грошай ці не жанчына былому мужу, казаць не бяруся, бо не ведаю, ну а што з ім адбылося — чытайце вышэй. Прасіўся быццам Мікола назад, але яго месца было ўжо занята — Алена амаль адразу ж выйшла замуж і нарадзіла трэцяе дзіця. Хлопчыка ці дзяўчынку, не ведаю, бо возіць немаўля ў калясцы, а каляскам тым мала веры — у адной можа перакатацца ўся сям'я, не зважаючы на пол.

***

Наталля ўчора звечара пералічыла ўсе падушкі, што меліся ў кватэры. Ажно восем! Нічога не скажаш — набралася. Здавалася ж, раздавала сынам і дочкам, калі тыя аддзяляліся, а іх яшчэ колькі! Хоць ты аддай каму. Яна б, можа, так і не засяродзілася на тых падушках, не стала б іх рэвізаваць, але вунь Кацька — суседка па лесвічнай пляцоўцы — учора пахвалілася, што ў «Галактыцы» адкрылася майстэрня па рэстаўрацыі падушак. «Не паверыш — як новенькія сталі! — не шкадавала кампліментаў майстэрні Кацька. — Лёгкія, мяккія. А ўяўляеш, колькі там за ўвесь час набралася розных паразітаў? Мы спім і не думаем пра іх, а яны, халера ясная, сваю гнусную справу тым часам робяць. Мо таму і хварэем без меры, а?..»

Таму і вырашыла Наталля таксама неадкладна навесці парадак са сваімі падушкамі. Колькі яны ёсць у яе, а гэта ж гадоў сорак некаторым будзе, ніводнага разу не перасыпаліся. Вунь як парыжэлі напернікі — жах! Ай-я-яй! Дзякуй, Кацька, за параду!

Назаўтра малодшы сын Наталлі адвёз усе падушкі ў майстэрню. Памяшканне майстэрні не ўразіла жанчыну. Катушок. Не павярнуцца. Маленькі стол. Машына, што мые-сушыць пяро, табурэт. Гаспадыня папярэдзіла: вы, калі ласка, сёння забярыце свае падушкі, падвечар, бо ў нас тут не павярнуцца. Бачыце, якая цесната?

Ну, забрала падушкі Наталля, і быццам настрой у яе быў добры, але ж трэба было ў той вечар патэлефанаваць сястры, якая жыве ў іншым горадзе... Разгаварыліся. І пра падушкі, вядома, успомнілі. А сястра вазьмі ды скажы: «Я ж таксама свае нядаўна здавала ў майстэрню. Пры мне хлопец уключыў тую машыну сваю, а я праз шкло назіраю, сачу...» Праз якое шкло? Пра што сястра гамоніць? Яна на свае вочы, аказваецца, сачыла за ўсім працэсам у адрозненне ад яе? Вось чаму і сапсаваўся настрой. А можа, думае жанчына, тая гаспадыня майстэрні ўзяла проста грошы, ды немаленькія, а той агрэгат і не ўключала? Паспрабуй аспрэч.

Як бы там ні было, а ў Наталлі мала радасці засталося ад той рэстаўрацыі. «Цяпер абдурыць чалавек чалавека і дорага не возьме», — уздыхае іншы раз Наталля, і падушкі тыя не здаюцца цяпер ёй такімі лёгкімі і мяккімі, як у суседкі Кацькі.

***

Сцяпан Пятровіч жыве адзін. У той самай вёсцы, дзе прайшло дзяцінства і маленства, адкуль выпырхнуў у свет. З гэтых мясцін была і яго жонка, Маруся, цяпер ужо нябожчыца. Вярнуўся сюды амаль адразу, як пахаваў яе. У гарадской кватэры застаўся малодшы сын Павел, а ў старэйшага, Косці, пытанне з жыллём вырашылася яшчэ ў савецкі час, калі з гэтым было не так складана: старанных працаўнікоў завод, на якім працаваў сын, забяспечваў кватэрамі стабільна. Сёння ў гэта мала хто з моладзі верыць, але ж было такое. Прыемна ўспомніць.

На пенсіі Сцяпан Пятровіч амаль дзесяць гадоў. У вёсцы яму добра. Тэлевізар ёсць, газ таксама. Згатаваць ежу — згатуе. Жыўнасці не трымае. Ну, а калі прыцісне сэрца — едзе ў горад: ён не выпісваўся адтуль, таму ідзе ў сваю паліклініку, дзе яго паслухаюць і параяць, як і чым лячыцца. Калі трэба, паляжыць у бальніцы. За хату не хвалюецца — прыгледзіць сусед.

І ўсё б нічога, але адна бяда ў старога — няма ўнукаў. Даўно хлопцы пабраліся шлюбам, а яго з Марусяй не парадавалі. Чаму так атрымалася, ён вычытаў у адным паважаным часопісе. Можа, можа такое быць. Вычытаў надоечы і прыгадаў тую даўнейшую майскую навальніцу, калі ў калгасе праводзілася маёўка з нагоды заканчэння пасяўной, і свята тады было азмрочана. Пярун бязлітасна лупіў, дзе толькі можна, у Плоскім бярозавым лесе, людзі беглі, куды вочы глядзелі: усё атрымалася знянацку і раптоўна, ніхто не чакаў такога.

Сцяпан і Маруська таксама пабеглі з лесу. Але ў той мітусні яны на нейкае імгненне згубілі адзін аднаго, і неўзабаве хлапчына — пасля чарговага ўдару з неба — пачуў: Маруську забіла!..

Старыя людзі падказалі, што дзяўчыну, якая не паказвала ніякіх прыкмет жыцця, трэба закапаць па пояс у сырую зямлю. Так і зрабілі. Дзяўчына ажыла.

Што няма сёння ў яго ўнукаў, Сцяпан Пятровіч вінаваціць тую праклятую майскую навальніцу.

«Гарэла б яна гарам!» — нярэдка думае стары, і на яго выцвілых вачах тады блішчаць скупыя мужчынскія слёзы.

Васіль Ткачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.