Вы тут

Ці можа паштальён прымаць аплату за паслугі ЖКГ?


У Петрыкаўскі раённы вузел паштовай сувязі мы з'явіліся пасля дзевяці гадзін раніцы, калі ў рэйс адпраўлялася машына з грузам. А менавіта: перыядычнымі выданнямі, пісьмамі, пасылкамі, рознай карэспандэнцыяй, пенсіямі, таварамі шырокага ўжытку і г.д.


Паштальён па суправаджэнні Сяргей Куцюруба (злева) з кіроўцам Ігарам Гарошкам гатовы адправіцца па маршруце Петрыкаў—Кашэвічы.

— Наш маршрут, — заўважаюць кіроўца Ігар Гарошка і паштальён па суправаджэнні Сяргей Куцюруба, — у Кашэвічы. Адлегласць няблізкая: туды і назад трэба пераадолець больш за 190 кіламетраў. У райцэнтр вернемся ў канцы рабочага дня, калі акажам людзям усе неабходныя паштовыя паслугі.

Да размовы падключаецца начальнік РВПС Валянціна Яўлаш:

— Сёння, пачынаючы з васьмі гадзін, у падобныя рэйсы адправіліся ўжо пяць аўтамашын па маршрутах: Фаставічы, Колкі, Бабунічы, Брынёў, Мышанка. Гэта называецца мотадастаўка, якой абслугоўваюцца жыхары 64 вёсак і пасёлкаў, дзе няма аддзяленняў паштовай сувязі. Заўважу, што ўсяго ў раёне 125 населеных пунктаў, якія мы ахопліваем сваімі клопатамі. І яшчэ: мотадастаўка дзейнічае кожны дзень, акрамя, вядома, выхадных.

— Давайце, Валянціна Леанідаўна, удакладнім наступныя пытанні: ці могуць паштальёны па суправаджэнні прымаць ад насельніцтва аплату за паслугі ЖКГ і ці могуць яны выканаць заказ па дастаўцы таму ці іншаму чалавеку набытых пральнай машыны або халадзільніка?

— Сумненняў няма: могуць. І не толькі гэта. Яны прымаюць ад вяскоўцаў плацяжы за карыстанне газам, за паслугі электра- і сотавай сувязі, радыё, плацяжы ў бюджэт, задавальняюць просьбы па забеспячэнні іх таварамі шырокага ўжытку як харчовага, так і прамысловага кшталту. Вядуць падпіску на газеты. Што вельмі зручна для людзей, бо ім не трэба дабірацца да тых населеных пунктаў, дзе ёсць паштовыя аддзяленні.

Спектр паслуг нашых работнікаў вельмі шырокі. Шлях іх у прафесію — самы разнастайны: у кожнага — свой. Людміла Зубар, напрыклад, закончыла сельгастэхнікум, але прызвання ў гэтай галіне гаспадарання не знайшла і ўжо 18 гадоў працуе ў нас. Яна — клапатлівая маці дваіх сыноў, у яе самы вялікі ўчастак абслугоўвання ў паштовым аддзяленні № 2 Петрыкава.

У паштальёна чацвёртага разраду з Чалюшчавіч Людмілы Сідарчук — сярэдняя адукацыя, а працоўны стаж яе на гэтай ніве складае 31 год. Яна, як гаворыцца, правафланговы спаборніцтва, бо заўсёды дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў. Па выніках мінулага года Людміла Уладзіміраўна занесена на раённую Дошку гонару.

На­чаль­нік РВПС Ва­лян­ці­на Яў­лаш (зле­ва) ра­зам з апе­ра­та­рам Ган­най Ро­дзі­най — са­мыя пер­шыя чы­та­чы га­зет.

Валянціна Леанідаўна сказала добрыя словы на адрас паштальёнаў аддзяленняў сувязі «Капцэвічы», «Рог» і «Заброддзе» Сяргея Саваша, Івана Герасімені і Мікалая Кудраўца, якія прыйшлі ў калектыў з гароднінасушыльнага завода, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і раённага спажывецкага таварыства адпаведна. Маючы за плячыма багаты жыццёвы вопыт, яны таксама паказваюць прыклад у працы.

— Наогул, усе нашы паштальёны, — кажа начальнік раённага вузла сувязі, — заўсёды сярод людзей не проста як выканаўцы сваіх абавязкаў, але і як дарадцы. Яны не адмовяцца напісаць пісьмо, параіць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, растлумачыць чалавеку сутнасць той ці іншай падзеі.

Апошнім часам, напрыклад, у сувязі з дэнамінацыяй беларускага рубля ім давялося ўдзяляць шмат увагі асобным людзям сталага ўзросту каб патлумачыць адпаведнасць «новых» грошай «старым». Пацікавіліся мы і тым, як праходзіць падпіска на нашу газету. Валянціна Леанідаўна паведаміла, што ў раёне ёсць пастаянныя падпісчыкі «Звязды», якія праяўляюць да яе вялікую цікавасць, бо газета закранае самыя надзённыя пытанні. Невыпадкова, што колькасць чытачоў яе ў трэцім квартале павялічылася.

Зазірнулі мы і ў гарадское паштовае аддзяленне «Петрыкаў-2» і ўбачылі там чаргу людзей, якія разлічваліся за камунальныя і іншыя паслугі, афармлялі падпіску, набывалі тыя ці іншыя тавары, цікавіліся кутком школьніка і г.д. З імі працавалі начальнік аддзялення Алена Юркавец і аператары Настасся Рыбак і Ганна Родзіна. Наведаліся таксама і ў паштовую краму, што насупраць райвузла сувязі. Асартымент харчовых і прамысловых тавараў там на любы густ, а загадчыца Алена Палтаран сказала, што ў канкурэнцыі з іншымі гандлёвымі аб'ектамі раёна крама знаходзіць сваё месца. Выручка за месяц (у «старых») грашах даходзіла да 150—160 мільёнаў. Дарэчы, падобных крамаў у іншых райвузлах сувязі Гомельскага філіяла «Белпошты» няма.

Яшчэ адной адметнасцю прадпрыемства з'яўляецца тое, што ў зімова-вясновы перыяд (са снежня па сакавік), калі паром на Прыпяці стаіць на прыколе, зарэчная зона з шэрагам вёсак ад райцэнтра нібы «адрэзана». Тым не менш жыхары гэтых населеных пунктаў карыстаюцца паштовымі паслугамі ў поўнай меры. Газеты, часопісы, розная карэспандэнцыя і г.д. дастаўляюцца туды праз суседнія Жыткавічы. Жыццё не спыняецца...

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Загаловак у газеце: І дарадцы — таксама

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці