Вы тут

Кіроўца і паштальён у адной асобе


Пачынаючы з мая, паштальён Кіраўскага УПС Ірына Мурашка аказалася ў новай ролі. Замест пасады звычайнага паштальёна ёй прапанавалі першай у калектыве паспрабаваць свае сілы ў якасці паштальёна-кіроўцы. Доўга не разважаючы, Ірына Пракопаўна згадзілася. І вось, пачынаючы з мая, яна дастаўляе карэспандэнцыю, пасылкі і спажывецкія тавары ў вёскі раёна самастойна.


— Справа ў тым, — сцвярджае Ірына Пракопаўна, — што кіраваць аўтамабілем — адзін з маіх любімых заняткаў. Пасведчанне кіроўцы я атрымала некалькі гадоў таму, на сямейным аўтамабіле езджу і па раёне, і ў суседні Бабруйск. Таму, калі мне прапанавалі пасаду кіроўцы-паштальёна, я нават узрадавалася. Цікава, што мой муж падобнае рашэнне падтрымаў. Так у маім распараджэнні апынуўся аўтамабіль «Рэно Докер», на якім я сёння наведваю вёскі, куды раней мяне вазіў штатны кіроўца УПСа.

На пошце Ірына Мурашка працуе ўжо восем гадоў. Да гэтага працавала ў гандлі. За гэты час добра азнаёмілася са сваім падведамасным участкам і людзьмі, якія там пражываюць. Гэта ёй добра дапамагае сёння, калі рыхтуецца да маршруту. Ну, а ў астатнім абавязкі засталіся ранейшыя: прыём і дастаўка карэспандэнцыі, дастаўка перыядычнага друку, выдача пенсій, прыём камунальных плацяжоў, дастаўка спажывецкіх тавараў. Сур'ёзна дапамагае ў рабоце апаратна-праграмны комплекс «мабільны паштальён». У Ірыны Пракопаўны сёння адразу не дзве, а тры спецыяльнасці: паштальён, кіроўца і аператар. І з усімі яна паспяхова спраўляецца.

— Нельга сказаць, што мне ўсё давалася лёгка, — працягвае суразмоўніца. — У першыя тыдні, калі сама села за руль паштовага аўтамабіля, вельмі стамлялася. Але потым уцягнулася. Дапамагае тое, што добра ведаю раён. Кожную паездку абавязкова распланоўваю. Своечасовая дастаўка ў першую чаргу залежыць ад стану дарогі, і гэта неабходна ўлічваць. Бо людзі мяне чакаюць. З вяскоўцамі ў мяне за доўгі час працы склаліся добрыя зносіны. Яны, у першую чаргу пажылыя людзі, часта мне тэлефануюць, просяць прывезці пэўныя спажывецкія тавары і прадукты харчавання, на што я не магу не адгукнуцца.

Сказаць, што вяскоўцы здзівіліся, убачыўшы мяне за рулём, — нічога не сказаць. Трэба было бачыць іх здзіўленыя твары. А першым пытаннем у адной з вёсак было такое: куды ж ты кіроўцу падзела? На што адказала ім, што цяпер кіроўца я. Дзякуй людзям, што спачуваюць мне. Многія, асабліва жанчыны, часта пытаюцца: як ты, бедная, з усім гэтым спраўляешся?

Адказваю, што спраўляюся добра, што такая праца мне падабаецца і я задаволена, што выбрала падобную спецыялізацыю. Дадам, што калектыў нашага УПС вельмі дружны. У ім адчуваеш сябе як у сапраўднай сям'і. Буду і далей працаваць у цяперашнім амплуа. Дарэчы, хутка акрамя мяне ў нашам калектыве з'явіцца яшчэ адзін кіроўца-паштальён. І гэта таксама будзе жанчына. Хочацца пажадаць ёй поспехаў на гэтым незвычайным шляху!

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.