Вы тут

Занатаваць і асэнсаваць


Ужо не сакрэт, што найбольш вядомыя з людзей тэатра Беларусі (рэжысёраў, акцёраў, тэатразнаўцаў) за межамі нашай краіны — драматургі. З пачатку двухтысячных вядзецца гаворка пра феномен беларускай драматургіі — новая хваля тэкстаў (але не п’ес) для тэатра пачала цікавіць не толькі айчынную тэатральную супольнасць, але і замежную. Д. Багаслаўскі, П. Пражко, М. Дасько, М. Рудкоўскі, П. Расолька і іншыя — з гэтымі прозвішчамі часам асацыююць беларускі тэатр людзі, якія ўвогуле з ім не знаёмыя.


 Але чаму так атрымліваецца? Пытанне дастаткова складанае, улічваючы, што ўмовы існавання беларускай драматургіі такія ж няпростыя, як і ўвогуле беларускага тэатра. Можна рызыкнуць і сцвярджаць, што менавіта гэта дазваляе драматургам развівацца. І сапраўды, каб стаць пісьменнікам, даўно недастаткова, як Трыгорын, вудзіць рыбу ды прыслухоўвацца да цішыні дзеля вынаходства лепшых эпітэтаў. Досвед набываецца на заводах, у міліцыі, на рынках — дзе толькі не працавалі айчынныя аўтары. Іх п’есы — гэта люстэрка рэчаіснасці, глядзецца ў якое, як заўсёды, балюча. Але зараз вымалёўваецца іншая тэндэнцыя: беларускія драматургі не толькі натуралістычна занатоўваюць кавалкі рэальнасці, але і філасофскі асэнсоўваюць яе і дапамагаюць чытачу прыняць шматграннасць свету — з «чорным» і «белым».

Гэта дапамог выявіць I конкурс-фестываль сучаснай беларускай драматургіі «WriteBox», які прайшоў у Мінску. На працягу чатырох дзён у студыі кінакампаніі «BlасkBеаstMеdіа» былі праведзены чыткі васьмі п’ес, якія трапілі ў шорт-ліст пасля адбору групай тэатразнаўцаў, крытыкаў і рэжысёраў.

Фестываль ліквідаваў пэўную лакуну ў драматургічным ландшафце Мінска. Яго ўзнікненне падалося чымсьці заканамерным: у Беларусі існаваў адчувальны недахоп абмеркавання драматургічных працэсаў і канструктыўнага дыялогу ўнутры тэатральнай супольнасці. А буйныя драматургічныя праекты, арганізаваныя Цэнтрам беларускай драматургіі ў мінулым годзе («Драма LIVE», «Зефір», драматургічная лабараторыя), былі накіраваны ці на прэзентацыю п’ес непасрэдна гледачам, ці на працэс напісання тэкстаў. Не хапала фестывалю на конкурснай аснове, які ў першую чаргу быў бы накіраваны на саміх удзельнікаў і іх творчасць, як, напрыклад, расійская «Любімаўка». І вось з дапамогай гранта конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd і тэатразнаўцы Вікторыі Беляковай з’явіўся «WriteBox», які стаў чарговым крокам у пабудове камунікацыі ўнутры айчыннага драматургічнага свету.

У праграме фестывалю значыліся чыткі п’ес і дадатковыя мерапрыемствы: майстар-клас украінскага драматурга Максіма Курачкіна і лекцыі расійскага тэатразнаўцы Паўла Руднева. Дарэчы, запрошаныя лектары прысутнічалі і на чытаннях п’ес, і на іх абмеркаваннях — такім чынам, удзельнікі маглі заўсёды пачуць іх думкі наконт убачанага. Пазаконкурснай секцыяй стала «Спецыяльнае ўзгадванне» — туды трапілі п’есы, якія зацікавілі адборшчыкаў, але ў праграму чытак не ўвайшлі. Гэта «Пакой Крысціны» Алены Іванюшанка, «Даты» Сяргея Анцалевіча, «Негалоўныя героі» Аляксандра Бугрова, «Perpetuum mobile» Яна Доў і «Фінляндыя» Святланы Гайдалёнак.

Прачытаныя п’есы можна ўмоўна падзяліць на дзве групы. Да першай адносяцца тэксты, у якіх дзеянне разгортваецца ў пэўным месцы, у пэўны прамежак часу. Часта ўздымаюцца лакальныя праблемы, упісаныя ў глабальны кантэкст. Да другой групы належаць п’есы, што існуюць адарвана ад часу і прасторы.

«Кропкі на часавай восі» Дзмітрыя Багаслаўскага, «Онікс» і «Сэканд-хэнд. ГДЖ. Канец свету» Максіма Дасько, «Опіум» Віталія Каралёва і «уРай Ціад» Мікіты Ільінчыка адносяцца да першага тыпу. У нейкі момант ва усіх пералічаных п’есах драматургі робяць фокус менавіта на беларускую рэальнасць, але потым гісторыя становіцца больш шырокай. Дачыненне да пэўнай прасторы — пазнавальнасць не проста сітуацый, характэрных для нашага менталітэту, але і месцаў, назваў вуліц ці гарадоў аказвае на гледачоў тэрапеўтычны эфект. Так, «Сэканд-хэнд. ГДЖ. Канец свету» можна назваць кнігай беларускага болю, сабранага за пэўны перыяд часу. Дзеянне праходзіць напярэдадні канца свету (ён, канечне, у кожнага свой). Галоўнай пляцоўкай для разгортвання падрыхтоўкі да гэтай «падзеі» становіцца гандлёвы дом «Ждановічы», які сімвалізуе ўвогуле ўсю Беларусь. А вось на гэтым «рынку» было шмат канцоў свету — прыгадаць хаця б далучэнне да Расійскай імперыі, Вялікую айчынную вайну, развал Савецкага Саюза і не адну дэнамінацыю. Але пасля кожнага такога «канца» заўсёды жыццё працягвалася. Аўтар дакументальна адлюстроўвае эсхаталагічныя настроі, робячы гэта з пэўнай доляй іроніі, так, што становіцца зразумела: для людзей канец свету — хутчэй не праблема, а тэма для размовы. Хлопцы «з раёна», хіпстары, пенсіянеркі, «інтэлігенты» становяцца больш блізкімі адзін аднаму. А калі ўсе будуць трымацца разам, канец свету не наступіць. Таму ў фінале драматург абвяшчае, што выжывуць толькі цыгане.

Яшчэ адна п’еса Максіма Дасько, прадстаўленая на фестывалі, — «Онікс». Менавіта так называецца амерыканскі хіп-хоп-гурт, удзельнікі якога сталі кумірамі для школьнікаў з Кунцаўшчыны. Уся гісторыя пабудавана як дзённік падлетка, што распавядае пра сапраўднае раённае жыццё і юнацкія мары. З аднога боку, усё як у кіно: гангстары, паходы на чужыя вяселлі без запрашэнняў, каб выпіць таннага алкаголю, сур’ёзныя справы па даручэнні старэйшых бандытаў. З другога жорсткасць дарослага свету, сапраўдныя трупы і страх, што і дазваляе хутка пасталець і адысці ад крымінальных спраў. Драматург не робіць высновы, ці дапамагло жыццё па схеме «ніга, гангста, ёў» і «два два восем» сацыялізацыі гэтых хлопцаў, але часам праскоквала менавіта гэтая думка. Тым больш на абмеркаванні некалькі чалавек запыталіся ў астатніх: «Няўжо ў вас не было такого дзяцінства?». І ўсё ж такі падлеткаў шкада: ілюзія падабенства мінскіх ускраін да амерыканскага гета яшчэ больш падкрэслівае дзіцячую наіўнасць герояў.

У каркасе тэксту «Онікса» драматург выкарыстоўвае аўдыязапісы і фотаздымкі. Гэта ўжо не новая, але папулярная тэндэнцыя, адным з пачынальнікаў якой на беларускай тэрыторыі стаў менавіта Максім Дасько. «Кропкі на часавай восі» Дзмітрыя Багаслаўскага таксама пабудаваны на аснове дакументальных фотаматэрыялаў: кожная гісторыя пачынаецца менавіта з фотакарткі.

Аўтар умомант перамяшчае гледача па кропках прасторы і часу, мы трапляем паўсюль: ад Кітая да Венесуэлы. Усе гісторыі аб’яднаныя тэмай вымушанага змагання чалавека за права на жыццё, стыхійнасцю падзей, на якія складана ўплываць. Тут і канфіскацыя мітр у 1921 годзе, і пратэсты ў Бухарэсце, і тарнада ў Алабаме, якое разбурыла не толькі дамы, але і лёсы шматлікіх людзей, і сусветныя войны. Беларусь не стала арэнай разгортвання падзей у тэксце, але толькі таму, што яна ўсё роўна прысутнічае у прасторы п’есы — у свядомасці гледачоў. Міжволі даводзіцца параўноўваць прапанаванае драматургам з тым, што адбываецца тут і зараз. Гледачу нічога не застаецца, як прыняць рэальнасць такой, якая яна ёсць. І калі ў адной кропцы хтосьці памірае, у другой абавязкова хтосьці нараджаецца, таму трэба атрымліваць асалоду ад жыцця.

Наладжвае сувязь паміж эпохамі і прасторай і малады драматург Мікіта Ільінчык у п’есе «уРайЦіад», дзе можна знайсці пэўныя адсылкі да «Іліады» Гамера. Тэкст напоўнены атмасферай сну: кожны з эпізодаў, узаемазвязаных тэмай вайны і перабудовы соцыуму, абуджае новыя асацыяцыі. У цэнтры гісторыі — Барбара, трэнерка па плаванні, і басейн, які плануецца пабудаваць на месцы касцёла. У тэксце прысутнічае лейтматыў вады як цячэння часу і жадання адмыцца ад здзейсненых злачынстваў. Яшчэ адзін моцны вобраз — чорныя валасы, што пастаянна знаходзяць героі. У фінале ў вусны сучаснага экскурсавода аўтар укладае жудасную статыстыку: на кожныя 4,6 секунды прыходзілася адна смерць. Але дзеці не асэнсоўваюць гэта, і толькі смяюцца. А ці павінны? Пытанне сур’ёзнае.

Яшчэ адна п’еса на тэму ментальнай і рэальнай вайны — нашумелы «Опіум» Віталія Каралёва пра хлопца з Рагачова, які не вытрымаў галечы сваёй маці і брата ды паехаў на Украіну акопы капаць. У тэксце раскрываецца парадаксальнасць жыцця: паміраюць часам з-за недарэчнасцяў, вайна і смерць становяцца крыніцамі харчавання, а самым блізкім людзям не заўсёды атрымліваецца дапамагчы.

П’ес, якія не былі прывязаны да канкрэтнага месца дзеяння, але таксама ўздымалі надзённыя праблемы, было менш.

«Секс мне не патрэбен» Лёхі Чыканаса — гісторыя аб праблемах кахання ў сучасным свеце. Непаразуменне адзін аднаго, мяжа паміж жаданнямі чалавека і спадзяваннямі соцыуму часам не дазваляюць быць шчырымі. Драматург пераключае чытача паміж трыма гісторыямі кахання, асноўная з якіх пабудавана на дакументальным матэрыяле: судовая справа ў Амерыцы. Настаўніцу, якая пакахала свайго чарнаскурага вучня-інваліда (яму было сорак два гады), асудзілі за гвалт. Каханне і секс становяцца рэчамі маніпуляцыі, якой з задавальненнем займаюцца медыявыданні і тэлебачанне. Але, нягледзячы на гэтыя дрэнныя навіны, драматург выбудоўвае гісторыю такім чынам, што застаецца надзея на выхад з замкнёнага кола і асэнсавання сваіх патрэб — і у жыцці, і ў каханні.

Чымсьці падобныя адна на адну дзве сацыяльныя драмы: «Пенаты» Івана Крапаснога (Цімафей Ільеўскі) і «Бзік» Аляксея Макейчыка. «Пенаты» — сямейная трагедыя, якой не займаць пафасу. Усе дзівацтвы гэтай звар’яцелай сямейкі ўсплываюць, калі нечакана прыпыняе жыццё самагубствам дзед. Дэструктыўныя дыялогі, немагчымасць пачуць адзін аднаго, эгаістычнасць жаданняў і пастаянныя маніпуляцыі магчымасцю сваёй смерці — у такім доме як на вайне. Таму і знаходзіцца сапраўдная стрэльба, якой усіх запалохвае бабуля. Але часам дзеянне падаецца перагружаным, учынкі герояў — нематываванымі, а ўнутры тэксту не хапае паветра. Усё адбываецца на адной хвалі напружанасці, што, канечне, стварае атмасферу безвыходнасці, але не дае магчымасці развіцця дзеяння.

«Бзік» — гэта споведзь наркамана, які ўхіліўся ад лячэння і зусім згубіў прагу да жыцця, але ў апошні момант знайшоў сілы паспрабаваць утрымацца дзякуючы маленькай дачцэ. Перад чытачамі пралятаюць карціны «дна», дыялогі людзей, якія не асэнсоўваюць сваю наркатычную залежнасць і па-свойму змагаюцца за права быць любімымі і паважанымі. Менавіта надзея, якую дае аўтар, здымае частку пытанняў з п’есы, якая дастаткова спрэчная па тэматыцы і мове: існуе дастаткова тэкстаў новай драмы пра наркаманскія прытоны ў жанры, падобным на мак’юментары. Тым не менш «Бзік» разам з «Секс мне не патрэбен» зусім нядаўна трапілі ў шорт-ліст «Любімаўкі», што кажа пра запатрабаванасць такіх тэм.

Трэба адзначыць рэжысёраў, якія пагадзіліся зрабіць чыткі: гэта Дзяніс Паршын, Антаніна Аляшкевіч, Сяргей Анцалевіч, Аляксандр Марчанка, Таццяна Ларына, Антон Макуха і Наталля Ляванава. Збольшага яны не змянялі тэкст, не інтэрпрэтавалі яго згодна са сваім рэжысёрскім вырашэннем, а вынаходзілі прыёмы, якія дапамагалі гледачу лягчэй успрымаць п’есу і лепей разумець ідэю аўтара.

Падчас драматургічнага майстар-класа Максім Курачкін заўважыў, што патрэбны п’есы, якія «абражаюць» (у добрым сэнсе слова, калі такі ўвогуле існуе) ці «забіваюць» гледача. Тэкстаў, што зроблены з дасканаласцю медыцынскага супрацоўніка, на яго думку, шмат, але хочацца пабачыць п’есу, пасля якой уяўленне пра свет ці драматургію не будзе ранейшым. Пазней драматург адзначыў, што за чатыры дні такія творы яму давялося ўбачыць.

Настасся ВАСІЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.