Вы тут

Адрамантаваць антэну ў вёсцы пасля таго, як яе пашкодзіла навальніцай


Дача, як вядома, тое месца, дзе дажываюць свой век старыя рэчы. Вось і наш добры яшчэ тэлевізар «Віцязь» амаль два гады таму перамясціўся ў вясковы дом, які набылі ў якасці дачы ў Камянецкім раёне. А пасля пераходу на лічбавае тэлевяшчанне, давялося набываць прыстаўку да тэлевізара. Так, дарэчы, зрабілі амаль усе суседзі, пастаянныя жыхары вёскі. Яны ж і параілі звярнуцца да тэлевізійнага майстра, які працуе ў Высокім, бліжэйшым горадзе, што раней быў раённым цэнтрам.


Майстар прыехаў па выкліку даволі аператыўна, праз дзень ці два. Ён меў пры сабе ўвесь неабходны набор апаратуры, прывёз сваю прыстаўку з блокам сілкавання і пультам. І літаральна праз паўгадзіны лічбавае вяшчанне было настроена. Акрамя асноўных нашых каналаў, стала магчыма выбіраць для прагляду з двух дзясяткаў каналаў польскага тэлебачання. Мяжа з суседняй краінай праходзіць на адлегласці менш за дзесяць кіламетраў, таму нашы прыёмнікі з лёгкасцю ловяць іх трансляцыю.

Летась усё было добра, але ў канцы восені пачаліся нейкія непаладкі з тэлебачаннем. Тэлевізар уключаўся, што называецца, цераз раз. Зімой мы ў вёску не ездзілі, а вясной успомнілі пра тэлебачанне, вырашылі адрамантаваць. Сусед падказаў, што, магчыма, трэба замяніць блок сілкавання антэны. У яго так было пасля адной з навальніц. Замена невялікай дэталі коштам у 40 тысяч старых рублёў дала, што называецца, станоўчы эфект. Па вечарах мы маглі глядзець навіны і іншыя тэлеперадачы. Але нядоўга. У адзін з прыездаў тэлевізар, што называецца, адмовіўся працаваць, і пры ўключэнні на ім з'яўлялася дзяжурная таблічка са словамі «Нет сигнала». Наш тэлевізар спрабавалі настроіць сябры, суседзі, якія лічаць сябе хоць колькі-небудзь знаўцамі, але разводзілі рукамі. «Няма сігналу і не будзе», — пажартаваў муж і наступным разам прыхапіў з сабой на дачу некалькі кніг.

Я паспрабавала патэлефанаваць майстру, які працаваў у нас і пакінуў свае рэквізіты. Гэтым разам ён быў не такі прыветлівы, як упершыню. Сказаў, што па выкліку не паедзе, бо яму гэта нявыгадна: «Магчыма, у вас збілася настройка прыстаўкі, там усяго работы — націснуць на дзве кнопкі. Вязіце самі ў Высокае, тут і пагляджу. А калі справа ў антэне, то антэнамі я не займаюся». Я паспрабавала націснуць на свядомасць, папытаць, што рабіць, калі такая праблема ўзнікне ў пенсіянера, які не мае транспарту. Але прыватны прадпрымальнік слухаць мае сацыяльныя разважанні не стаў, паклаў трубку.

Тады мы вырашылі забраць прыстаўку ў Брэст, паказаць у тэлевізійнай майстэрні. Добразычлівая дзяўчына па тэлефоне падрабязна расказала пра тарыфы іх паслуг: 150 тысяч за дыягностыку, калі спатрэбіцца замена дэталяў, яшчэ тысяч сто (старымі грашыма). Тады ўжо падумвалі, што не варта траціцца на рамонт, лепш набыць новую. Але муж усё-такі аднёс прыстаўку па ўказаным адрасе. Майстар уключыў прыбор у разетку і ўсміхнуўся: «Яна ў вас поўнасцю спраўная, рамантаваць тут няма чаго, праверце антэну».

Прыехалі зноў у вёску са сваёй прыстаўкай, а звяртацца з нагоды антэны тут няма да каго. Тэлевізійны майстар сказаў пра гэта яшчэ раней. Трэба было думаць, дзе набываць новую антэну, як яе ўстанаўліваць. Цікава, што «талеркі», якія тырчаць са сцен многіх вясковых дамоў, беларускія каналы не ловяць. Пра гэта паведамілі суседзі. І адзін з іх выказаў прапанову звярнуцца да ўмельца, які жыве ў суседняй вёсцы.

Анатоля Паўлавіча ведае ўся акруга. Раней ён працаваў электрыкам, а пасля выхаду на пенсію займаецца толькі сваім агародам ды хатняй гаспадаркай. Але ўсе, у каго здараецца паломка ўласнага аўтамабіля, пральнай машыны ці халадзільніка, абавязкова ідуць да Паўлавіча, бо ён умее ўсё. Анатоль Паўлавіч прыбыў праз гадзіну на сваім матацыкле. Ён папрасіў вялікую лесвіцу, забраўся наверх, зняў замацаваную на жардзіне антэну і канстатаваў: ад навальніцы згарэла плата. У яго шэрым чамаданчыку такая дэталь знайшлася, і Анатоль Паўлавіч яе паспяхова замяніў. Праз нейкія паўгадзіны на тэлепрыёмніку паявіўся сігнал і сталі мільгаць каналы.

Такім чынам нам давялося заплаціць за плату і прыплюсаваць невялікі ганарар майстру, суму якога ён ніколі не называе сам, маўляў, дасце, колькі палічыце патрэбным. І вельмі шкада, што вось такія вясковыя ўмельцы, людзі з галавой і залатымі рукамі, не становяцца прадпрымальнікамі, не рэкламуюць свае паслугі і не аказваюць іх. Таму што бытавому абслугоўванню невялічкага гарадка Высокае вельмі не хапае здаровай канкурэнцыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.