Вы тут

Скульптурны шэдэўр XIX стагоддзя знаходзіцца ў касцёле ў Росі


Хто скажа, навошта дзеля таго, каб трапіць у нейкае цікавае месца, трэба ставіць будзільнік на тры гадзіны раніцы? Каб пасля плесціся ў кухню, як здань? Адчайна змагаючыся са сном, чакаць кіпню, распырскваць яго вакол тэрмаса, нязграбнымі рухамі пераносіць ежу з дамашняга халадзільніка ў дарожны, а пасля здзіўляцца, куды падзеўся паштэт...

Бо кожная вылазка з зоны камфорту, як кажуць псіхолагі, не можа не абярнуцца знаходкай або адкрыццём. Гэтым разам я знайшла шмат супольнага ў філосафа з падарожнікам і адкрыла новы закон дыялектыкі.


Сюды едуць, каб убачыць скульптурны шэдэўр, роўны якому калі і знойдзецца, то не ў Беларусі.

3.38. Выходзім з пад'езда. У доме насупраць гарыць акно. У доме злева таксама адно свеціцца. І адно ў доме справа. Марына Цвятаева мела рацыю: у кожным доме ёсць адно акно, дзе не спяць. І нельга не падумаць пра тое, што і ў нашым доме толькі што гарэла акно. Цяпер яно патухла: мы выязджаем.

Гарэза Арчы (гэта наш навігатар, як памятаеце) важненька так заяўляе: «Праз пяцьсот метраў павярніце направа, пасля налева».

— Арчыбальд, а вось скажы нам, які сэнс паварочваць направа, каб пасля адразу павярнуць налева?

Маўчыць, пракуда. Але я ведаю, што гэта ненадоўга. Проста абдумвае, як звесці нас у зман наступным разам.

За кальцавой туман. Дыханне зямлі. Ці пот?.. І цішыня наўкол — звонкая-звонкая. Нават праз шоргат колаў і гул матора чуеш яе, цішыню падарожнага ранку. І ўзнікаюць думкі самыя, бадай, натуральныя для чалавека, які едзе за сотні кіламетраў, каб зірнуць на адно надмагілле. Думкі пра тое, што самае гучнае ў свеце — цішыня, а самае праўдзівае — маўчанне. Бо соты раз прыходзіш да высновы: усё, што шэпча, грукае, звініць, рыпіць і неяк іначай пнецца, каб нарадзіць аргументы, — на самой справе нікчэмнае і незаўважнае. Цішыня — справа іншага кшталту. Яна не ад надзённага, нічога з ім агульнага не мае. Яна — гарантыя немітуслівай і грунтоўнай, упарадкаванай і нікому не падпарадкаванай вечнасці. Яе адзіная прыкмета — і яе спрадвечнае забеспячэнне...

Мы, значыцца, прагнем убачыць надмагілле Соф'і Пац, пра якую толькі і ведаем, што нарадзілася ў 1781-м, памерла ў 1856-м, з 1806 да 1811 года па прычыне шлюбу з Феліксам Патоцкім насіла прозвішча Патоцкая, а пасля ператварылася ў Несялоўскую, бо зноў пабралася шлюбам — з Францішкам Ксаверыем Несялоўскім. Што гэта дае нам для высвятлення асобы самой пані Соф'і, якая хаваецца ад нас пад трыма прозвішчамі адразу? Амаль нічога, акрамя таго, што больш за ўсіх яе любіла пляменніца, бо заказала ў Італіі ў майстра Джуліа Маскеці (Вікіпедыя такога не ведае) белае мармуровае надмагілле. Прывезлі яго з Італіі ў 1881-м, паставілі ў парафіяльным касцёле ў Росі, ля Ваўкавыска, і вось мы туды цяпер едзем, каб убачыць скульптурны шэдэўр, роўны якому калі і знойдзецца, то не ў Беларусі.

Ну вось і яна, Соф'я. Толькі-толькі заснула.

4.48. На полі пасвяцца каровы, з комінаў прыдарожных карчомак уецца дымок. На памяць прыходзіць — што б вы думалі? — закон двайнога адмаўлення, сфармуляваны Гегелем (як далёка сягнулі думкі!), са сваім прынцыпам развіцця як паўтору: што ёсць аўтазапраўкі, як не корчмы? І што ёсць ветрагенератары, якіх у іншых месцах сустракаецца процьма, калі не патомкі млыноў? Далібог, нічога з часу Сыракомлі не змянілася. Спадзяёмся, што і надмагілле Сафіі Пац ніколькі не пацярпела з гадамі, і мы ўбачым яго, Соф'ю, якой была яна, калі дапамагала згаданаму касцёлу, збудаванаму ў 1801-м, сваімі грашыма. Якой была ў сне.

У раёне Морына неверагодна хуткая сувязь з нябёсамі. Не паспелі сказаць: «Каб ты з'ехаў!» грузавічку-дальнабойшчыку, як ён саступіў нам шлях.

Пры дарозе спрэс крываўнік. Мільён крываўнікаў! Файны выраз, куды б яго прыстасаваць?..

Мяркуючы па вышыні аблямаванай ці то бедфордскімі,  ці то лільскімі, ці то малінскімі карункамі падушкі, збіралася прылегчы ненадоўга.

5.15. Яшчэ адна чарада ў полі. Падобна на тое, што кароўкі тут начавалі, як і бачаныя папярэдне. Дзякуючы ім назіраем закон пераходу колькасных змен у якасныя: калі нам трэці раз трапляюцца на шляху каровы, мы атрымліваем трохлітровік малака ў падарунак! Вандроўнікаў любяць. Асабліва такіх цікаўных.

Пад промнямі ўзыходзячага сонца, атрымліваючы ад яго натхненне, працягваю ўслаўляць цішыню. Хто скажа, з якіх часоў штодня ўзыходзіць яно, сонца, над нашай прасторай? Хто ад тых часоў пачуў ад яго хоць бы крэкт? Хоць бы шолах ружовай коўдры, якую яно сцягвае з сябе кожную прыкмечаную чалавекам раніцу? Хто хоць калі зрабіўся сведкам сонечных пазяханняў ці ўздыхаў? Чые вушы ўлавілі сонечнае сакатанне ў клопаце пра новы дзень? Самае патрэбнае робіцца моўчкі. Самая вялікая праца не суправаджаецца каментарыямі з боку яе выканаўцы. Так і чалавек: працуе цяжка — працуе моўчкі. Сапраўды патрэбныя намаганні — нават калі на мяжы, праз пакуту, праз «не магу» — не нараджаюць стогнаў. І па выніках такіх намаганняў ніхто не плача пра неверагодную стомленасць, невыносны боль, нясцерпнае несусветнае непрызнанне. Бо вынік працы, калі яна патрэбна, наталяе сродкамі для лячэння і стомы, і болю, і якіх бы там ні было падазрэнняў на непрызнанне. Паводле, зноў жа, Гегеля, супярэчнасці існуюць унутры прадметаў і з'яў. Закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцяў. Само жыццё ёсць вялізная супярэчнасць — паміж нараджэннем і смерцю, калыскай і Божым ложкам. Апошні мы хутка ўбачым, бо пасля розных іншых аб'ектаў апынуліся ўжо ў касцёле.

Соф'ю Патоцкую-Несялоўскую-Пац (не выпадае гаварыць, што надмагілле) трэба шукаць у бакавым алтары. Але падыходзім да ксяндза — папрасіць дазволу для праваслаўных турыстаў і спытацца, дзе дакладна размешчаны аб'ект нашай цікавасці. Пазней у рысах ксяндза пазнаём Чэслава Паўлюкевіча, вядомага экзарцыста. Ён патрымае сваю руку на нашых галовах.

Здымкі рабіць не хацелася. Знайшліся ў калег. Траецкі касцёл знутры.

Ну вось і яна, Соф'я.

Толькі-толькі заснула. Прычым выпадкова, бо, мяркуючы па вышыні аблямаванай ці то бедфордскімі, ці то лільскімі, ці то малінскімі карункамі падушкі, збіралася прылегчы ненадоўга. Нечым, відаць, стомленая, але гэта якраз тая стомленасць, якая надыходзіць пасля ўсведамлення важкасці зробленай працы. Яшчэ прыкмета, што толькі прылегла: шаль з галавы не зняла. Накрылася пледам з махрамі. Паднесла руку да сэрца. Тонкую, у ажурнай манжэце. Сфатаграфаваць? Не хочацца. Няхай адпачне...

Мы не ведаем дакладна, якімі якасцямі валодала гэтая худзенькая жанчына, што мяняла мужоў і прозвішчы. Але хочацца верыць, што справы і думкі яе былі вартымі і касцёльных спеваў, і гэтай вось касцёльнай, пасля службы, цішыні. Бо не даецца такое за проста так.

А дамоў мы вернемся заўтра — наперадзе чакаюць іншыя «аб'екты». І хоць суткі — не такі вялікі тэрмін, ды ўсё ж за гэты час адбудзецца так шмат усяго-усялякага-рознага, што і самі мы зробімся іншымі, і свет вакол нас пераменіцца. Гэта новы закон дыялектыкі, адкрыты падчас падарожжа: закон расцяжнасці часу і трансфармацыі поглядаў.

Паслядоўнікам

Калі вы, як і мы напачатку, не будзеце ведаць, у які храм у Росі трэба заходзіць, каб убачыць рарытэтнае надмагілле, зірніце на здымак, які суправаджае гэты артыкул, і проста запомніце знешні выгляд Троіцкага касцёла. Мы ж спачатку зайшлі ў крамку цераз дарогу — ніхто нам пра надмагілле не адказаў, паціснулі плячыма. Пасля ў аптэку зусім ужо побач, у агульным з касцёлам архітэктурным рашэнні, — і зноў адказу не атрымалі. Так вельмі часта бывае: жывучы ў месцы, дзе ёсць асаблівыя цікавінкі, імі асабліва не цікавішся. Які закон дыялектыкі спрацоўвае ў гэтым выпадку?

Падарожнічала Святлана Дзянісава

Загаловак у газеце: Па законах вечнасці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.