Вы тут

Мова (што мы думаем пра цябе)


Выбіраючы за дзяцей, у якім класе ім вучыцца, мы сапраўды клапоцімся пра іх будучыню? Ці толькі так лічым?


Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў перад пачаткам навучальнага года адказна паведаміў: «Цікавасць да беларускай мовы ўзрастае не толькі ў школах, але і ва ўніверсітэтах». Пры гэтым, праўда, ён адзначыў, што колькасць класаў і школ з беларускай мовай навучання сёлета не павялічылася. Гучыць, пагадзіцеся, амаль парадаксальна. Але ніякага парадоксу тут няма, і «станоўчай дынаміцы» цікавасці да мовы гэта ніяк не супярэчыць. У сталічных беларускамоўных гімназіях, напрыклад, сёлета без праблем набралі поўныя камплекты першакласнікаў (некалькі гадоў назад з напаўняльнасцю было шмат пытанняў). У студэнтаў ВНУ мова ўвогуле «ў трэндзе» — яна і спосаб самавыяўлення, і сведчанне далучанасці да супольнасці адукаваных неабыякавых людзей. Атрымліваецца карціна вельмі аптымістычная: без гвалту, без прымусу беларуская пакрысе займае тое месца, якое і належыць займаць дзяржаўнай мове...

Гэта ў сталіцы. А вось у Магілёве, напрыклад, у школы на беларускай мове прыйшлі вучыцца... тры чалавекі ў двух беларускамоўных класах. Сямікласніца будзе вучыцца адна, першакласніцам пашанцавала больш — яны ўдзвюх. Навіна гэтая ў інтэрнэт-прасторы — адна з тых, што найбольш актыўна абмяркоўваюцца.

Асабліва крытычна настроеныя грамадзяне маюць прэтэнзіі найперш да дзяржавы і да ўладаў: маўляў, праз непаважлівае стаўленне да беларускай мовы на высокім узроўні ўсё і адбываецца...

Здагадваюся, як многія суайчыннікі на гэты пасыл адрэагуюць: паціснуць сціпленька так плячыма, прамямляць пад нос штосьці кшталту: «Можа, яно і праўда... Так ужо склалася, мы тут абсалютна ні пры чым». І мала хто знойдзе ў сабе смеласць шаноўным крытыкам запярэчыць, хоць бясспрэчная праўда ляжыць на паверхні. Якраз дзяржава і ўлады зрабілі ўсё, каб навучанне на беларускай мове забяспечыць. Для аднаго чалавека (!) стварылі клас, знайшлі настаўнікаў, падручнікі. Таму што калі гэту бясспрэчную праўду прызнаць, давядзецца самім сабе адказваць на іншае пытанне: чаму ў той дзяўчынкі-сямікласніцы няма аднакласнікаў? Пры тым, што і ў школе віселі запрашэнні ў беларускамоўны клас, і вучаніца сама разам з маці ў сеціве актыўна «піярыла» перавагі свайго навучання. Пры тым, што ў Магілёве, ведаю, ёсць нямала людзей, якія мову паважаюць, размаўляюць на ёй, нават усяляк дэкларуюць, што яны беларускамоўныя. Дзе ж тады вучацца іх дзеці?

І не трэба расказваць: маўляў, не аддаюць дзяцей у беларускамоўныя класы і школы (пры ўсёй любові і павазе да мовы), бо клапоцяцца пра іх будучыню.

Нібыта бедным дзецям пасля цяжэй будзе паступіць і вучыцца ў ВНУ. Поўная лухта! Прыедзьце ў любую вясковую школу, якія ў большасці спрадвеку беларускамоўныя, на вечар сустрэчы і пазнаёмцеся з выпускнікамі. У нашай, напрыклад, ёсць і навукоўцы, і лётчыкі, і дзяржаўныя дзеячы, я ўжо не кажу пра настаўнікаў, інжынераў, юрыстаў... І ніводзін з іх не скажа, што беларуская мова, на якой ён вучыўся ў школе, перашкодзіла яму ісці па жыцці. Хутчэй наадварот — давала дадатковую апору, бо не намі прыдумана: колькі моў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек. Ды і на роднай зямлі больш трывала сябе пачуваеш... Якая ж лепшая будучыня для нашчадка можа быць?

А нашчадкі, не атрымаўшы дастатковага ведання роднай мовы ў школе (не з прычыны выбару дзяржавы і ўладаў — з-за НАШАГА ЎЛАСНАГА выбару), але ўжо ўсвядоміўшы, што менавіта яна — РОДНАЯ, як засмяглыя да вады, кідаюцца да яе вывучэння пасля школы. (І словы міністра адукацыі аб цікавасці да мовы студэнтаў універсітэтаў таму сведчанне.) Добра, калі крыніцай гэтага вывучэння становяцца заняткі ў аўдыторыях, кнігі класікаў, стасункі з людзьмі, якія валодаюць мовай на добрым узроўні. (А не перакладчык Google, напрыклад, які хутчэй калечыць, чым вучыць.) Але ў любым выпадку ёсць усе падставы спадзявацца, што яны не будуць праз колькі гадоў стаяць перад дылемай, у які клас аддаць свайго першакласніка. Зрэшты, так яно і павінна быць: мы ж хочам, каб нашы дзеці былі лепшыя за нас, больш разумныя, больш сумленныя.

У 80-я гады мінулага стагоддзя Алег Бембель выдаў працу, якая займела вялікі рэзананс у тагачасным грамадстве, — «Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?» Як водгук на яе Уладзімір Караткевіч напісаў артыкул «Мова (што я думаю пра цябе)». Я нядаўна яго перачытвала, ужо без юначай узнёсласці, і ўразілася, наколькі трапна і цвяроза ўсё ў ім сказана і наколькі адпавядае таму, што ёсць сёння, нібы і не мінула з часу напісання больш за трыццаць гадоў. Асабліва апошнія абзацы — гэткая ўпэўненая бясспрэчная рыса пад усё вышэйнапісанае:

«І, як завяршэнне, два фрагменты.

Студэнтка 21 года: ...Лёс мовы?..

Будзе не так, як гісторыя захоча...

Будзе так, як мы зробім!..

І радкі Пімена Панчанкі:

...пакуль сонца не згасне,

Пакуль свецяцца зоры,

Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!..

А пад імі дата «1941».

Калі тады так думалі, то цяпер іначай думаць — Сорам!

Ці, можа, мы можам думаць па-сапраўднаму толькі тады, калі нам зальюць гарачага сала за скуру?

Не, з усёй адказнасцю думаю і кажу, што не.

І маю права на гэта.

Таму што сам вярнуўся да сваёй мовы. Ведаючы і іншыя, як сваю (некаторыя, можа, на самым пачатку, нават у нечым лепей), аднойчы зразумеў, што сапраўды свая сярод іх толькі адна.

Як я распарадзіўся гэтым разуменнем — хай судзяць людзі».

Уражвае, праўда? Як мы распараджаемся гэтым разуменнем — вось у чым пытанне...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Каментары

Вялікі дзякуй "Звяздзе" і аўтарцы, за тое, што ўзнімаеце моўную праблему. А тое, што праблема насамрэч ёсць, мяркую, ні ў кога не выклікае сумневу. Так, напаўняльнасць беларускамоўных класаў шмат у чым вызначаецца выбарам бацькоў. Але, мне здаецца, не толькі іх абыякавасць з'яўляецца прычынаю таго, што пакуль беларускамоўных вучняў, асабліва ў правінцыйных гарадах, мала. Усё ж аўтарка спрасціла праблему будучыні, якая ўяўляецца бацькам. Так - беларусы ў большасці сваёй здольныя людзі, якім не трэба прызвычайвацца да працы, у тым ліку і над сабой. Таму і з беларускамоўнай сярэдняй адукацыяй здольныя вывучыцца і на лётчыкаў, і на юрыстаў, і на інжынераў. Вось толькі... Аўтар наўпрост не гаворыць, але, гэта відавочна, мае на ўвазе, што і на лётчыкаў, і на юрыстаў, і на інжынераў (а разам з імі і на медыкаў, і на эканамістаў, і нават на звычайных трактарыстаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі) будучаму выпускніку любой школы Беларусі давядзецца ў гэтай самай Беларусі вучыцца на рускай мове. Што б аўтарка не казала, наконт таго, што выпускнікі яе беларускамоўнай школы вывучыліся на добрых адмыслоўцаў у сваіх галінах дзейнасці, але ж бясспрэчным будзе той факт, што на пачатку спасціжэння навукаў па-руску пэўныя цяжкасці ў іх былі. Тэрміналогію даводзілася перавучваць нанова. Гэта я ведаю на сваім прыкладзе. А чаму ж не паклапаціліся, каб гэтак жа, як для аднаго вучня клас, так і для аднаго студэнта групу можна было стварыць у кожным універсітэце, каледжы альбо прафесійным ліцэі краіны? Сёння ж перавучванне з беларускамоўнай школьнай адукацыі на спрэс рускамоўную універсітэцкую, каледжавую ці прафесійна-ліцэйскую - гэта невялічкі асабісты подзвіг. І цяпер пастаўце сябе на месца тых бацькоў. Калі Вашае маленькае яшчэ дзіцятка апранула ўпершыню школьны строй, узяло букет астраў і патупала да школы, ці ведаеце Вы пра тое, наколькі здольным да подзвігаў на працягу ўсяго жыцця Вы яго выхаваеце? Ці жадае маці таго, каб яе дзіця здзяйсняла нейкія подзвігі? Ці ўсё ж, усе хочуць свайму дзіцяці больш лёгкага жыцця, менш нейкіх цяжкасцяў і перашкодаў?! Я тут крануў толькі далейшую адукацыю беларускамоўнага выпускніка школы. А калі капнуць глыбей?! Мову вядзення справаводства вызначае кіраўніцтва арганізацыі і ўсе супрацоўнікі павінны гэтаму рашэнню кіраўніцтва падпарадкоўвацца. Ці шмат Вы ведаеце ў Беларусі арганізаыяў, у якіх справаводства вядзецца па-беларуску? Ці бачылі Вы хаця б у адной медыцынскай, банкаўскай, юрыдычнай арганізацыі бланкі на нашай мове? Зноў ступар?! Дзе ж тут права кожнага на выбар мовы? Ну і на карысць якой мовы ў такіх варунках будзе прагматычны выбар бацькоў першакласніка, якія не ангажаваныя моўна-нацыянальнымі праблемамі? Пытанне, мяркую, рытарычнае...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.