Вы тут

Дакрануцца да пяці акіянаў можна ў Мінску


Вы ўжо даўно марыце акунуцца ў Атлантычны (Ціхі, Індыйскі, Паўночны Ледавіты, Паўднёвы — варыянты могуць быць розныя) акіян, каб палюбавацца на яго экзатычных жыхароў? Але пакуль нестае ні грошай, ні часу? Прапаную разам з «Сямейнай газетай» зрабіць першы крок да сваёй мары. Аказваецца, сёння да пяці акіянаў адначасова можна дакрануцца літаральна ў цэнтры Мінска.


Так выглядае ўваход у міні-акіянарыум.

Ля ўваходу ў стылізаваную падводную лодку, што месціцца на вечнай стаянцы недалёка ад станцыі метро «Інстытут культуры», мяне сустрэў капітан-падводнік Алег ГАРБУНОЎ. Разам спускаемся ўніз па сходах і апынаемся ў адным з пяці адсекаў.

— Запрашаю вас прайсці праз імправізаваны Гібралтарскі праліў і выйсці ў бушуючыя воды Атлантычнага акіяна, — з усмешкай кажа спадар Алег і прапаноўвае падысці бліжэй да ілюмінатараў-акварыумаў, каб паназіраць за чароўным падводным жыццём. Каго тут толькі няма! Марскія зоркі і конікі, малюскі, медузы, больш як 140 рознакаляровых рыбак (ёсць падобныя да матылька, ластаўкі, папугайчыка, дэльфінчыка і нават рыба-жаба...).

— А вось гэта сімпатычная рыбка-певень, — паказвае Алег Гарбуноў. — Бачыце, у яе на плаўніку вочка-падманка. Драпежная рыба падумае, што гэта сапраўднае вока, схопіць за плаўнік і застанецца «з носам». Нават калі адкусіць яго, нічога страшнага: вырасце новы, як у нас з вамі валасы ці пазногці. Вось так некаторыя рыбкі выратоўваюцца.

Ёсць у міні-акіянарыуме і драпежныя рыбы. Пірання, акула-котка, бамбукавае акуляня па мянушцы Балтыка (абавязкова папрасіце, каб вам паказалі скураное яйка, з якога яно вылупілася. Я такое бачыла ўпершыню!). Але найбольш мяне ўразіла сваім незвычайным выглядам крылатка. Яе яшчэ называюць «рыба-зебра».

Дзеці прыходзяць сюды не толькі на экскурсію, але і каб незвычайна адзначыць дзень народзінаў.

— Не глядзіце, што яна такая спакойная, — заўважыў маё захапленне спадар Алег. — Гэта адзін з самых небяспечных драпежнікаў, бо на кончыку кожнага плаўнічка ёсць ядавітыя капсулы, як у скарпіёна на хвасце.

Побач з «ручной» рыбкай (пачніце вадзіць рукой па шкле акварыума — і яна будзе плаваць услед за ёй) жыве пацешны аксалотль. З абодвух бакоў галавы ён мае пушыстыя нарасці, падобныя да рожак. Гэта жабры, праз якія рыбка дыхае. Што цікава, калі возера перасыхае, «рожкі» таксама высыхаюць, і аксалотль ператвараецца ў яшчарку.

У марскіх глыбінях шмат таямніц. Вось на карале сядзіць самы маленькі рак у свеце. Непадалёк радуюцца жыццю шкляныя сомікі (яны зусім празрыстыя!). А якое задавальненне назіраць за тым, як галаваногія актыніі, падобныя да кветачак, сваімі шчупальцамі ядуць планктон.

А гэтая рыбка ("жоўты хірург") - падобная на Доры з мультфільма "У пошуках Нэма"

Паводле слоў Алега Гарбунова, дзеткі асабліва радуюцца, калі бачаць жывых герояў сваіх любімых мульцікаў. У прыватнасці, вёрткую рыбку-клоўна яны называюць Марлін, а сіняга «хірурга» — Доры, як галоўных герояў фільма «У пошуках Нэма». Калі бачаць залатых рыбак (тут іх два віды — вуаляхвост і чырвоны каптурык), загадваюць жаданні.

— Знаёмцеся, гэтую кайманавую чарапаху завуць Пелагея, — кажа спадар Алег. — Ёй усяго толькі 7 гадоў, але важыць яна звыш 25 кілаграмаў. Жыве чарапаха больш за 100 гадоў. Гэта вельмі драпежны від. Паглядзіце на гэтыя магутныя заднія лапы з кіпцюрамі, як у мядзведзя. Яна адштурхоўваецца імі ад дна неглыбокага вадаёма, выскоквае з вады і хапае нават вадаплаўных птушак. Заўважце, замест зубоў у Пелагеі дзюба. Укус яе мацнейшы, чым у кракадзіла.

Кайманавая чарапаха "Пелагея"

Мяне ж больш за ўсё ўразілі іншыя дзве чарапахі. Аўстралійская з доўгай шыяй і далёкаўсходні мяккацелы трыёнікс. Першая мае доўгую, выгнутую шыю. Калі кладзецца спаць, яна яе абарочвае вакол панцыра, бо цалкам не можа ўцягнуць у сябе. Другая чарапашка мае плоскі носік, з-за чаго атрымала мянушку Пятачок. Што цікава, яна мае мяккі, як пластылін, панцыр, таму можа лёгка пралазіць нават праз невялікія адтуліны.

— А дзе гіганцкі краб Пятровіч, які два гады таму прадказваў вынікі матчаў чэмпіянату свету па хакеі? — цікаўлюся.

Рыба-ластаўка

— Ён рыхтуецца да новага праекта. У верасні мы плануем запусціць перасоўны музей у выглядзе падводнай лодкі Карла Шыльдара (ураджэнец Віцебскай губерні, які ў 1834-м стварыў падводную металічную лодку. — Аўт.). Акрамя Пятровіча, там будзе робат-метэаролаг і яшчэ шмат чаго цікавага. Таму сачыце за навінамі на нашым сайце і абавязкова прыходзьце.

Падчас падарожжа па пяці акіянах я ўбачыла мангавае дрэва, якое расце ў салёнай вадзе, бівень маржа, зуб маманцяняці, пазванок кіта, мінашукальнік 1943 года (менавіта з такім Жак-Іў Кусто пачынаў шукаць метал пад вадой), першы акваланг... Прымерала сапраўдны вадалазны скафандр і бесказырку. Пагладзіла чырванавухіх чарапашак і папугая, названага ў гонар Рабінзона Круза...

Рыба-зебра.

— Да нас прыходзяць бацькі з дзеткамі не толькі на экскурсіі, але і каб незвычайна адзначыць дзень народзінаў, — кажа Алег Гарбуноў. — Запрашаем аніматара, які па марской тэматыцы праводзіць з імі інтэрактыўныя гульні, па пірацкай карце яны тут шукаюць скарбы. У выніку дзеці не толькі добра бавяць час, але і даведваюцца шмат новага: запамінаюць, колькі ў нас на планеце акіянаў, знаёмяцца з багатым падводным светам. Многія пасля экскурсіі далучаюцца да Дзіцячага навуковага акіянаграфічнага таварыства, што працуе пры нашым цэнтры акіянаграфіі «Адкрыты акіян». Для самых актыўных і кемлівых ладзім міжнародныя марскія экспедыцыі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота з архіва цэнтра акіянаграфіі.

Загаловак у газеце: Падарожжа па пяці акіянах, або У гасцях у Марліна і Пелагеі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.