Вы тут

Учэпістыя Кібуці і зладзейскія Цябуты?


«Прашу патлумачыць назву вёскі Кібуці (Брылькоўскі сельсавет Валожынскага раёна), у якой я нарадзілася.

А таксама назву вёскі Цябуты (Сугваздаўскі сельсавет Валожынскага раёна), адкуль паходзіць мой муж.

Тамара Карпук, Маладзечна».

На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.


Паважаная спадарыня Тамара! Гісторыя Вашай роднай вёскі налічвае больш за 400 гадоў. Упершыню яна ўпамінаецца ў 1614 годзе як сяло ў складзе маёнтка Валожын Ашмянскага павета. На той час паселішча мела назву Скібуці. Яно належала славутаму роду Чартарыйскіх. У канцы XVІІІ стагоддзя, а дакладней у 1785 годзе, з'явіўся новы варыянт назвы — Кібуты. Пісьмовыя крыніцы засведчылі, што на той час у вёсцы было 15 двароў. Цікава, што перапіс 1897 года паказаў, што колькасць двароў абсалютна не змянілася на працягу стагоддзя. Нягледзячы на свае невялікія памеры, вёска ў канцы XІX стагоддзя была даволі мнагалюднай: у ёй налічвалася 158 жыхароў. Яшчэ больш насельнікаў было ў пачатку XX стагоддзя — 186 чалавек. А яшчэ больш перад Вялікай Айчыннай вайной, тады ў вёсцы жыло 225 чалавек.

Усе тры варыянты назвы, зафіксаваныя ў розныя перыяды ў гістарычных крыніцах, сведчаць пра тое, што гэтая назва мае балцкае паходжанне. Таму разгадку яе трэба шукаць, хутчэй за ўсё, у літоўскай мове. Прафесар В. А. Жучкевіч лічыў, што назва Кібуці патранімічная, гэта значыць паходзіць ад родавай мянушкі, якая, у сваю чаргу, узыходзіць да літоўскага слова kіbus, што азначае «ўчэпісты». Упэўнены, што ваш ліст паслужыць дадатковым стымулам для далейшых пошукаў, што дазволіць атрымаць больш дакладныя звесткі адносна паходжання вашай вёскі.

Вёска Цябуты ўпершыню згадваецца ў 1748 годзе. Яна таксама адносілася да маёнтка Валожын, з'яўлялася шляхецкім уладаннем. У спецыяльнай літаратуры змяшчаюцца даволі скупыя звесткі пра гэта паселішча. Вядома толькі, што ў канцы XVІІІ стагоддзя ў вёсцы было
17 двароў. К канцу XІX стагоддзя іх колькасць узрасла да 34, а колькасць жыхароў — 201 чалавек. Перад Вялікай Айчыннай вайной у вёсцы ўжо было
49 двароў і 268 жыхароў.

Структура назвы вёскі дае падказку адносна яе паходжання: форма множнага ліку наймення з'яўляецца выражэннем калектыву па родавым прозвішчы або мянушцы заснавальніка паселішча — Цябут. Прозвішча Цябут сустракаецца і ў сучаснай іменаслоўнай сістэме беларусаў, а таксама на тэрыторыях, прылеглых да мяжы з Беларуссю — на Браншчыне, Пскоўшчыне і Смаленшчыне. У Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці таксама ёсць вёска Цябуты, паходжанне назвы якой мясцовы краязнаўца Ігар Пракаповіч тлумачыць ад адпаведнай мянушкі, якая пайшла ад старажытнага славянскага дзеяслова сцябушыць (сцягнуць, украсці). У такім разе слова цябут літаральна азначае «злодзей». Мы не можам адназначна прыняць такое тлумачэнне і лічым, што разгадку назвы трэба шукаць і ў літоўскай мове, у якой таксама засведчана прозвішча Чіобутас. Спадзяюся, што вучоныя ў найбліжэйшы час больш дакладна вызначацца з версіяй паходжання назвы гэтай вёскі.

P.S. Шаноўныя чытачы!

Вас цікавіць, што азначае назва горада, вёскі ці мястэчка, у якіх вы жывяце? А можа, той мясцовасці, адкуль вы родам? Вам хочацца ведаць, адкуль пайшлі найменні пэўных урочышчаў, лясоў, азёр, што размяшчаюцца ў вашай мясцовасці? Тады дасылайце свае лісты з пытаннямі на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, газета «Звязда». Або па электроннай пошце: іgumenskі@maіl.ru з пазнакай «Родныя тапонімы».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %. 

Грамадства

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

У Мінску прайшоў фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года»

Самыя актыўныя і пазітыўныя шматдзетныя сем'і з усіх абласцей краіны сабраліся ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў.

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску.