Адпаведныя заканадаўчыя рашэнні прыняты на рэспубліканскім узроўні, а на Гродзеншчыне па ініцыятыве абласнога Савета дэпутатаў распрацавалі яшчэ і рэкамендацыі, алгарытм дзеянняў мясцовых органаў улады ў дачыненні да пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці: што і ў якой паслядоўнасці трэба рабіць у гэтым кірунку? Больш за тое, адпаведную тэму разгледзелі на абласным семінары з удзелам старшынь раённых і сельскіх Саветаў, якіх юрысты пракансультавалі па тых ці іншых пытаннях.
Такім чынам, нельга сказаць, што кіраўнікі на месцах застаюцца сам-насам з існуючымі праблемамі. Аднак дакладных і эфектыўных дзеянняў, здараецца, бракуе. Прычым у некаторых раёнах з пустуючым жыллём працуюць толькі сельвыканкамы, а райвыканкамы ад гэтых пытанняў самаўхіліліся. Такую выснову зрабіў Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, прааналізаваўшы работу ў гэтай сферы за тры апошнія гады.
Камітэт дзяржкантролю адзначыў, што рэгістры ўліку пустуючага жылля ў большасці раёнаў завялі толькі з мінулага альбо гэтага года. А ў Ваўкавыскім і Дзятлаўскім раёнах вядзенне рэгістра ўвогуле не ажыццяўлялі. Таму ўстанавіць сапраўднасць звестак і, адпаведна, дакладную колькасць пустуючых дамоў не ўяўляецца магчымым.
Альбо такі факт. У Бераставіцкім райвыканкаме ў 2013 годзе ўключылі ў рэгістр тры дамы, а праз месяц (у сувязі з адсутнасцю іскавых заяў аб прызнанні дамоў безгаспадарнымі) гэтыя будынкі былі выключаны з рэгістра і потым работу з імі, згодна з патрабаваннямі Прэзідэнцкага Указа №100, не праводзілі. Тэрміны звароту ў суд з іскавымі заявамі парушаліся ў Карэліцкім і Мастоўскім раёнах. Здаралася і так, што іскі заставаліся без разгляду з-за няякаснай падрыхтоўкі матэрыялаў, што накіроўваліся ў суд. А ў Слонімскім раёне, маючы інфармацыю аб 48 пустуючых дамах, у суд падалі толькі адну іскавую заяву аб прызнанні дома безгаспадарным.
У тэму
Вынікі конкурсу па навядзенні парадку на зямлі, які ўжо традыцыйна праводзіцца на Гродзеншчыне аблвыканкамам і абласным Саветам дэпутатаў, падвядуць падчас свята «Дажынкі» ў Воранаве. Да гэтай праблематыкі, безумоўна, адносіцца і работа мясцовых органаў улады ў дачыненні да пустуючых і старых дамоў, дзе, дарэчы, часта ўтвараюцца несанкцыянаваныя звалкі.
У Лідскім раёне тры гады, па студзень 2016-га, не вялі рэгістр пустуючых дамоў. Можа, няма такіх? Кантралёры пабывалі ў вёсках Навасёлкі, Рулевічы, Маркуці Вавёрскага сельсавета, на хутары Аўсядава Крупаўскага сельсавета і ўбачылі, што яны ёсць практычна ўсюды, у тым ліку паўразбураныя, неабкошаныя, зарослыя хмызняком. Аднак у рэгістр з выяўленых пустуючых дамоў у Вавёрскім сельсавеце ўключылі толькі два — у вёсцы Селяхі. Пытанне наконт абследавання і прызнання пустуючымі шасці дамоў на хутары Аўсядава не разглядалі.
Што тычыцца зносу пустуючых дамоў, то можна пачуць спасылкі на нястачу грошай. І сапраўды, такая праблема ёсць. Але пры гэтым звяртае ўвагу Камітэт дзяржкантролю, не ўсюды выкарыстоўваюць бюджэтныя сродкі, якія выдзелены. Напрыклад, на Смаргоншчыне ў 2014 годзе на знос такіх дамоў накіравалі з раённага бюджэту 194 млн рублёў, а асвоілі з іх 112,4 млн. Летась з 254 млн рублёў зрасходавалі толькі 130,3 млн — 51%. Гэта сведчыць аб адсутнасці дэтальнага аналізу фактычнай патрэбнасці ў бюджэтных сродках і рэальнай магчымасці выканаць адпаведныя мерапрыемствы па зносе дамоў.
Для даведкі
Па стане на 1 студзеня гэтага года на Гродзеншчыне ў сельскай мясцовасці знаходзілася 168 877 жылых дамоў, у тым ліку незаселеных — 45 751. У раённыя рэгістры ўліку пустуючага жылля ўключаны 1181 дом. Пры гэтым адсутнічалі паведамленні аб намеры выкарыстоўваць дом для пражывання па 5731 пустуючым будынку.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.