Вы тут

Што ў дзіўным Бутане важней за ВУП?


Гэтую краіну нездарма называюць самай шчаслівай у свеце. Маленькае каралеўства Бутан, якое знаходзіцца пасярод урачыстых Гімалаеў, паміж дзвюма супердзяржавамі — Індыяй і Кітаем — дасюль захоўвае сваю непаўторнасць і не спяшаецца далучацца да сучаснага шляху развіцця. Паспяховасць тут вымяраюць валавым нацыянальным шчасцем. Гэты арыгінальны індыкатар быў уведзены ў 1972 годзе чацвёртым каралём краіны, які заўважыў: «Шчасце народа важнейшае за працэнты валавога ўнутранага прадукту». З падачы бутанцаў адпаведная катэгорыя цяпер сур'ёзна даследуецца навукоўцамі, прычым шэраг экспертаў прызналі несумненны плён такога падыходу. Дык што гэта за шчаслівае каралеўства такое?


Вяртанне з ізаляцыі

Хоць па археалагічных звестках Бутан быў населены яшчэ ў ІІ тысячагоддзі да нашай эры, пісьмовых сведчанняў пра старажытныя часы амаль няма. Гісторыя краіны вядомая пераважна эпізодамі, бо ў 1827 годзе згарэла найбуйнейшая бібліятэка ў тагачаснай сталіцы Пунакха. Атрымліваецца, што гістарычныя падзеі цяпер ужо неаддзельныя ад легендаў.

Мяркуючы па ўсім, будызм пранік у Бутан яшчэ ў ІІ стагоддзі. У VІІ стагоддзі кароль Тыбета Сонгцан Гамп пабудаваў тут два манастыры: Кійчу Лакханг у Пары і Джамба Лакханг у Бумтангу. Яны захаваліся дагэтуль і з'яўляюцца найважнейшымі месцамі паломніцтва. Хронікі падрабязна апісваюць некалькі візітаў легендарнага будыйскага ёгіна Падмасамбхавы ў Бутан у VІІІ стагоддзі.

У найноўшы час ва ўнутраныя канфлікты гэтага рэгіёна актыўна ўмешваліся англічане. Адносіны Бутана з Англіяй былі складанымі, з пераменнымі перыядамі саюзаў і канфліктаў. У выніку краіна страціла значную тэрыторыю на поўдні. Зноў аб'яднаць і ўмацаваць Бутан змог кароль Уг'ен Вангчук, які заснаваў у 1907 годзе новую дынастыю (яна, дарэчы, кіруе дагэтуль). Такім чынам, першы кароль новай дынастыі заключыў з Англіяй мір, прызнаўшы сюзерэнныя адносіны ў абмен на поўную аўтаномію і неўмяшанне Англіі ва ўнутраныя справы Бутана. З гэтага часу пачынаецца перыяд ізаляцыі краіны, на працягу якога ёй удалося пазбегнуць удзелу ў дзвюх сусветных войнах.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Індыі ў 1949-м Бутан таксама стаў незалежным. Аднак з прычыны ізаляцыі краіна не была прадстаўлена ў ААН і міжнародных арганізацыях і памылкова разглядалася сусветнай супольнасцю як індыйскі дамініён. Пазней Бутану давялося змагацца за ўступленне ў ААН і даказваць сваю юрыдычную незалежнасць. Трэці кароль новай дынастыі Джыгме Дорджэ Вангчук, які заняў трон ў 1952 годзе, пачаў палітыку паступовай мадэрнізацыі. Ён увёў гандаль і актывізаваў грашовае абарачэнне ў краіне. У 1971 годзе Бутан уступіў у ААН.

Прадстаўнік карэннага насельніцтва Бутана, чацвёрты кароль дынастыі Джыгме Сінга Вангчук уступіў на трон у 1972 годзе і правёў шэраг рэформаў. У Бутан сталі дапускацца ў абмежаванай колькасці замежныя журналісты і турысты. Дагэтуль трапіць у краіну можна было толькі па асабістым запрашэнні караля ці каралевы. Краіна была адкрыта для замежнікаў, каб паказаць яе ўнікальныя культуру і традыцыі ўсяму свету. Кароль пастараўся забяспечыць краіну інфраструктурай (электрычнасцю, тэлефоннай і радыёсувяззю, дарогамі), мінімальна закранаючы навакольнае асяроддзе. У 1998-м Джыгме Сінга перадаў выканаўчую ўладу кабінету міністраў, забяспечыўшы змяняльнасць і ратацыю вышэйшых чыноўнікаў. Напрыканцы 1990-х у Бутане пачалося тэлевяшчанне і з'явіўся інтэрнэт (дагэтуль былі забаронены).

Дзе жыве «драконавы кароль»?

У краіне 19 горных вяршыняў, якія перавышаюць адзнаку 7000 метраў. Найвышэйшы пункт Бутана — гара Кулагангры вышынёй 7550 метраў. Ёсць дзве версіі значэння назвы каралеўства. Па адной з іх яна азначае «горная краіна», па другой — «ускраіна Тыбета». Па плошчы Бутан роўны Швейцарыі, тут каля 700 тысяч жыхароў, 80% з якіх — вяскоўцы. Сталіца — горад Тхімпху, які месціцца на вышыні 2400 метраў, тут пражывае ўсяго 90 тыс. чалавек. Паколькі месцічы вераць, што гром — гэта роў дракона высока ў гарах, Бутан называюць Каралеўствам Грамавога дракона. Адпаведна, кіраўнікоў дзяржавы завуць няйначай як «драконавымі каралямі».

Манарх Джыгме Кхесар Намг'ял Вангчук, які вучыўся ў каледжах ЗША і Вялікабрытаніі, атрымаў уладу ў 2006 годзе і паступова пачаў адкрываць краіну свету. Сучасны Бутан уяўляе сабой канстытуцыйную манархію. Прычым пераход ад абсалютнай манархіі да дэмакратыі тут адбыўся толькі ў 2008-м, пасля першых у гісторыі дзяржавы выбараў у двухпалатны парламент. Калі абвясцілі аб увядзенні новай формы праўлення, грамадзяне здзівіліся, бо ўсе любілі манарха і былі задаволены існуючым дзяржаўным ладам. «Такога караля, як ён, складана знайсці», — перакананы месцічы.

Манарх не думае пра ўласны камфорт: як і належыць сапраўднаму будыйскаму кіраўніку, «драконавы кароль» жыве ў хаце з бярвенняў у джунглях, нягледзячы на свой малады ўзрост. Папулярнасць Вангчука перасягнула межы краіны — караля Бутана празвалі ў Азіі «выдатным прынцам», а яго прыхільніцы ад Індыі да Інданэзіі арганізоўваюць шматлікія фан-клубы. Хоць кароль вылучаецца сціпласцю: ён адмяніў мнагажэнства ў дзяржаве і, у адрозненне ад свайго бацькі, які ажаніўся з чатырма жанчынамі, захоўвае вернасць сваёй адзінай.

І яшчэ адзін красамоўны факт пра караля. У 2003 годзе ўрад здзейсніў сіламі каралеўскіх целаахоўнікаў (іх адборная тысяча) ваенную аперацыю супраць баевікоў. Для гэтага кароль асабіста, пераадзеўшыся ў звычайнае адзенне, з рызыкай для жыцця вывучаў падыходы і сцежкі да іх лагераў. Падрыхтоўка ішла нетаропка і планамерна, для прыкрыцця задумалі будаўніцтва храмаў непадалёк. І ў пэўны момант разам накрылі ўсе лагеры паўстанцаў. Знішчана было амаль пяцьсот баевікоў і канфіскавана каля тысячы адзінак зброі, уключаючы пераносныя ракетныя ўстаноўкі.

Формула задаволенасці

Феномен будыйскай дзяржавы ў тым, што шчасце пастаўлена ў аснову асноў нацыянальнай палітыкі. Імкненне зрабіць жыхароў скалістага каралеўства як мага больш здаволенымі жыццём прапісана ў канстытуцыі. Нягледзячы на тое, што Бутан уваходзіць у лік самых бедных краін свету, амаль усе студэнты, якія навучаюцца за мяжой, пасля атрымання ступені вяртаюцца на радзіму. Усе яны называюць адну прычыну: улады Бутана не толькі ўдасканальваюць сістэму аховы здароўя, адукацыі, клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе, але і актыўна дабіваюцца больш эфемернай мэты — шчасця нацыі. Людзей з еўрапейскай, амерыканскай ці японскай адукацыяй у Бутане даволі шмат. У школах выкладаюць англійскую мову, нярэдка добраахвотнікі з заходніх краін.

Валавое нацыянальнае шчасце краіны (ВНШ, Gross Natіonal Happіness) плануецца на 5 гадоў. Створана спецыяльная дзяржаўная камісія на чале з прэм'ерам. ВНШ — комплексны паказчык, разлічаны на падставе 33 індыкатараў у дзевяці катэгорыях, закліканых выявіць узровень задаволенасці насельніцтва Бутана сваім жыццём і краінай, сфармуляваць мэты развіцця дзяржавы. Ён разглядаецца як ключавы элемент будаўніцтва эканомікі, якая б узгаднялася з будысцкімі духоўнымі каштоўнасцямі. Урад краіны адносіцца да гэтага паказчыку даволі прагматычна: некалькі разоў у Бутане праводзіліся міжнародныя канферэнцыі, на якія былі запрошаны многія заходнія эканамісты (уключаючы нобелеўскіх лаўрэатаў па эканоміцы) з мэтай выпрацоўкі методык разліку ВНШ на аснове спалучэння эканамічнай сітуацыі ў краіне і задаволенасці жыццём насельніцтва.

Вызначае ўзровень шчасця Цэнтр даследаванняў краіны, дзе пры дапамозе складаных формул вылічваюць, наколькі задаволеныя жыццём суграмадзяне. На гэта, на думку спецыялістаў цэнтра, уплывае мноства фактараў — ад стану экалогіі да адносін у сям'і і здароўя. Палепшыць паказчык шчасця можна дзякуючы павольнаму прагрэсу краіны, лічаць у цэнтры, такому, які б не руйнаваў традыцый, культуры і будыйскай філасофіі. Таксама неабходна павышаць матэрыяльны дабрабыт людзей, упэўнены тутэйшыя спецыялісты.

З падачы Бутана Генеральная Асамблея ААН аднадушна прагаласавала за новае свята — Міжнародны дзень шчасця. Яго дата выбрана не выпадкова: 20 сакавіка — дзень вясновага раўнадзенства, калі сонца свеціць такім чынам, што на ўсёй Зямлі дзень па працягласці амаль роўны ночы. Такім чынам, свята сімвалізуе роўнае права на шчасце для кожнага жыхара планеты.

Жыць у радасці

Акрамя шчасця ў асабліва буйных памерах, Бутан вырошчвае разнастайную сельгаспрадукцыю — рыс, кукурузу, караняплоды, цытрусавыя, вострыя травы, робіць алей — для сябе і трохі на экспарт. Тут здабываюць вугаль і мармур і вырабляюць столькі электраэнергіі на ГЭС, што лішкі яе прадаюць іншым дзяржавам. Не варта забываць і пра паступленні ад турызму. У выніку ўсёй гэтай дзейнасці ВУП краіны ў разліку на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці складае каля $6,5 тыс. Па гэтым эканамічным паказчыку Бутан параўнальны з Егіптам ($ 6,6 тыс.) і Шры-Ланкай ($ 6,1 тыс.).

Гэта насамрэч дзіўная краіна без голаду і злачыннасці, дзе людзі жывуць у радасці, не ведаючы войнаў і галечы. Самі бутанцы (якіх, у адрозненне ад астатніх краін рэгіёна, зусім не шмат) адкрытыя, гасцінныя, не сапсаваныя сучасным светам, яны беражліва захоўваюць сваю ўнікальную культуру. Жывёл тут забіваць нельга, таму амаль усе вегетарыянцы. Забаронены ўвоз хімічных угнаенняў, і ўсё, што расце на гэтай зямлі, само па сабе з'яўляецца экалагічна чыстым. Дзяржава дагэтуль вельмі мала вывучана, а велізарныя тэрыторыі на поўдні і ў цэнтральнай частцы не асвоены людзьмі і ўяўляюць сабой запаведнікі з дзівосным жывёльным і раслінным светам. Усё гэта Бутан захаваў па вельмі простых прычынах — забаронена паляванне і практычна не высякаюць лясы (іх увесь час высаджваюць).

Пытанне «Ці шчаслівыя вы?» задаецца падчас перапісаў насельніцтва. Напрыклад, падчас кампаніі 2005 года 45,2% месцічаў адказалі на гэтае пытанне «вельмі шчаслівы», 51,6% — «шчаслівы», і толькі 3,3% — «не надта шчаслівы». Што тут будзеш казаць — насамрэч шчаслівае каралеўства!

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каралеўства шчасця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.