Вы тут

Чым вабіць турыстаў Дарджылінг


Самы вядомы чай у свеце, незвычайны "цацачны" паравоз на горнай чыгунцы і трэцяя па велічыні на планеце горная вяршыня Канчанджанга – галоўныя "разынкі" невялікага гарадка Дарджылінг, што ў Заходняй Бенгаліі (Індыя). Гэтае месца не падобна на тыповыя індыйскія мястэчкі – хутчэй, гэта куточак Вялікабрытаніі, схаваны высока ў гарах. Чаму ён настолькі папулярны сярод турыстаў?


Чайная плантацыя "Шчаслівая даліна".

Усход па суседстве з Захадам

Сваё імя горад атрымаў ад назвы будыйскага манастыра "Дорджэ Лінг", пабудаванага ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Новы, "заходні", перыяд у гісторыі Дарджылінга пачаўся акурат праз сто гадоў, калі брытанская адміністрацыя пабудавала ў гэтых мясцінах санаторый і ваенны склад. Адначасова былі закладзены і першыя чайныя плантацыі.

Хаця горад знаходзіцца ў Індыі, у асноўным тут пражываюць этнічныя групы суседняй краіны Непала: неварцы, лепча, бхуція. Акрамя іх, даволі шмат тыбетцаў і індыйцаў. У Дарджылінгу Захад і Усход гарманічна спалучаюцца, што лёгка заўважыць па архітэктуры. У цэлым забудова горада – брытанская, але ёсць кавалкі з тыповымі будыйскімі манастырамі, невялічкімі дамкамі і ступамі. Гарадская вежа з гадзіннікам нагадвае маленькі Біг Бэн, а светла-жоўтая гатычная царква Святога Андрэя, булачныя і кавярні пераносяць нас у Маленькую Брытанію.

Цяпер і вы бачылі, як цвіце чай.

Храм Махакал спалучыў у сабе дзве распаўсюджаныя ў гэтай мясцовасці ўсходнія рэлігіі: індуізм і будызм. Індыйцы пакланяюцца багам Шыве і Хануману, а таксама святой карове. Яркія тыбецкія сцяжкі і малітоўныя барабаны – атрыбуты тыбецкага будызму.

Галоўная плошча горада – Чоўраста – акружана сімпатычнымі гатэлямі, пабудаванымі ў брытанскім стылі. Тут жа размешчаны галоўныя крамы па продажы чаю, сувенірныя лаўкі і кнігарня. На мясцовым рынку і ў сувенірных лаўках вам прапануюць вырабы з поўсці тыбецкага яка: каляровыя шалі, понча, сумкі і рукавічкі.

Паравоз сапраўды топяць вугалем!

"Цацачны" паравоз на горнай дарозе

Візітнай карткай Дарджылінга стала вузкакалейная горная чыгунка, якая дзейнічае з канца XIX стагоддзя. Яна ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарога ад горада Сілігуры да Дарджылінга займае 8 гадзін і пралягае на 86 кіламетраў. Для турыстаў ёсць і карацейшы шлях: кругавы рэйс да мястэчка Гхум.

"Цацачны" паравоз мае толькі два вагоны і разлічаны на малую колькасць пасажыраў. Звычайна ўдзень ходзяць 2-3 рэйсы. Два цягнікі едуць адзін за адным: першым адпраўляецца паравоз, за якім цягнецца неверагодна тлусты стоўп дыму (яго топяць вугалем). Услед за ім рухаецца звычайны паравоз. Падчас рэйса мы рабілі некалькі прыпынкаў на станцыях, а ў Гхуме наведалі музей чыгункі.

У "цацачным" цягніку ўсяго два вагоны.

"Цацачны" цягнік не здзіўляе мясцовых жыхароў, але кожны, хто яго бачыць, радасна маша рукамі і ўсміхаецца пасажырам. Падчас вандроўкі адкрываюцца цудоўныя віды на горы, сасновыя лясы, будыйскія манастыры і забудову акругі Дарджылінга. А ўвогуле для перамяшчэння па горным горадзе турысты і мясцовыя жыхары карыстаюцца джыпамі ў арэнду: у такое таксі можа сесці да дзесяці чалавек. Іншага транспарту тут няма.

Царква Святога Андрэя – кавалачак Брытаніі ў Гімалаях.

Сустрэча з "чайным шампанскім"

У Дарджылінгу крамы па продажы чаю знаходзяцца ледзь не на кожным кроку. Але мой сябра вельмі хацеў набыць чай у мясцовых жыхароў, таму з раніцы мы адправіліся на бліжэйшую чайную плантацыю "Шчаслівая даліна". Удосталь налюбаваўшыся краявідамі чайных кустоў і квітнеючага чаю, мы сустрэлі мясцовых хлопцаў. Яны распавялі, што сезон збору яшчэ не пачаўся і наўрад ці нам пашанцуе набыць чай ад нарыхтоўшчыкаў. Заўважыўшы ў двары жанчыну, яны перакінуліся з ёй парай слоў. І вось мы ў краме-кавярні чайнай знаўцы Кусум. Яна правяла для нас чайную цырымонію і паказала, з якіх лісточкаў робяць самы лепшы чай. Асабліва прыемным на смак аказаўся салодкі чорны чай бурштынавага колеру – гатунак вядомы пад іменем "чайнае шампанскае". Да гэтага маімі фаварытамі былі традыцыйны індыйскі чорны чай масала, звараны на малацэ са спецыямі, альбо тыбецкі чай – таксама звараны на малацэ, прыпраўлены вяршковым маслам і соллю.

Чай прываблівае ў Дарджылінг неверагодную колькасць турыстаў з усяго свету. Мая сяброўка з Францыі Веранік яшчэ з дзяцінства марыла ўбачыць чайныя плантацыі Дарджылінга. Яна завітала на старэйшую плантацыю Макайбары, дзе вырошчваюць і прадаюць ледзь не самыя дарагія чорныя чаі ў свеце.

Канчанджанга – трэцяя па вышыні гара свету.

Каго чакае Канчанджанга?

У Дарджылінг заязджаюць не толькі аматары чаю: мясціна вабіць да сябе заваёўнікаў горных вяршыняў. Менавіта тут, на Узгорку Тыгра, адкрываецца неверагодна прыгожая панарама на горы Канчанджанга і Эверэст: трэцюю і першую па велічыні горы. У непальцаў існуе павер’е, што Канчанджанга – гэта гара-маці, таму жанчыны не могуць скарыць яе (праўда, тры альпіністкі ўжо справіліся з гэтай задачай). Масіў складаецца з пяці вяршыняў. Абавязкова варта наведаць Гімалайскі інстытут альпінізму: ён быў зацверджаны пасля таго, як у 1953 годзе тыбецец Тэнзін Наргей і новазеландзец Эдмунд Хілары ажыццявілі першае ўзыходжанне на Эверэст.

Дарджылінг – неверагодна сімпатычны і гасцінны горад. Прыязджайце і ўпэўніцеся самі!

Кацярына РАДЗЮК

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.