Вы тут

Трэці фестываль вулічнай ежы прайшоў на выхадных у парку Dreamland


Незвычайны фэст для аматараў стрытфуду ў беларускай сталіцы ўпершыню адбыўся летась, прадоўжылася эстафета ў чэрвені гэтага года. Трэці фестываль па сутнасці закрыў сезон.


Чарга па смажаныя каштаны.

Асноўная мэта фэсту засталася першапачатковай: арганізатары знаёмяць гараджан з якаснай і разнастайнай вулічнай ежай, імкнуцца паказаць, што яна можа быць не толькі простай і даступнай, але смачнай і карыснай. На фестывальнай пляцоўцы сабраліся беларускія брэнды, якія прадстаўляюць нацыянальную кухню розных краін свету. Сярод удзельнікаў - не толькі прадстаўнікі грамадскага харчавання, але і гастраэнтузіясты. Для іх ежа – сур’ёзнае захапленне, якому яны аддаюць шмат часу і сіл. 

- Думаю, у нас атрымалася сабраць максімальную разнастайнасць фарматаў вулічнай ежы ў адным месцы і ў адзін час, - кажа арганізатар фэсту Vulitsa.Ezha Ягор РЫТВІНСКІ. – З 60 пададзеных заявак мы адабралі 42 удзельнікаў, якія падаліся найбольш цікавымі. Ідэя і філасофія фэстаў – даць магчымасць кожнаму паказаць сябе, свой прадукт, праверыць яго на аўдыторыі і зразумець, наколькі ён запатрабаваны на дадзены момант і ў перспектыве.

Так, аматары вулічнай ежы атрымалі магчымасць паласавацца стрытфудам  розных нацыянальных кухняў: блізкаўсходняя з фалафелем і нутам, узбекская з пловам і лагманам, японская з рамэнам і роламі, амерыканская з бургерамі і хот-догамі, італьянская з піцай і паніні, венгерская з абаранкамі. Таксама можна было пакаштаваць вустрыцы, сапраўдны галандскі селядзец, баварскія шлеі, бельгійскія і ганконгскія вафлі і мора самых розных напояў ад крафтавага піва і гарачых ліманадаў да язмінавага чаю і гарбузовага латэ.

Сярод прысутных найбольшай папулярнасцю карысталіся стравы амерыканскай і узбекскай кухні. Дарэчы, узбекскі плоў гатаваўся ў велізарным казане па асаблівым рэцэпце, які ўсмешлівы повар палічыў за лепшае пакінуць у таямніцы.

Повар гатуе ўзбекскі плоў у велізарным казане.

У зоне адпачынку.

- Я прыйшла на свята з двума ўнукамі, - расказвае бабуля Марыя. – Нам вельмі падабаецца, што на фэсце шмат цікавостак для дзетак, нават спецыяльную зону арганізавалі.

А вось малады чалавек Уладзіслаў прыйшоў з дзяўчынай. “Я ўжо другі раз наведваю свята стрытфуду ў Мінску, - кажа ён. - На гэты раз на пляцоўцы прадстаўлена намнога больш розных фарматаў ежы. Палепшыліся, на мой погляд, зоны адпачынку і якасць музычнага суправаджэння”.

Як запрашаюць пакаштаваць стравы ўзбекскай кухні.

Парадавала і забаўляльная праграма праекта Vulitsa.Ezha, бо госці фэсту атрымалі цудоўную магчымасць не толькі смачна паесці, але і цікава прабавіць час. Два дні дзейнічалі дзіцячая зона, асенняя фотазона, прафесіяналы сваёй справы праводзілі кулінарныя майстар-класы. Сярод фургончыкаў з ежай і зонамі адпачынку разгарнуўся кінатэатр пад адкрытым небам. Тут можна было прайсціся па гандлёвых шэрагах, дзе беларускія майстры і дызайнеры прадстаўлялі аўтарскя аксесуары для сябе і дома. Незабыўнымі эмоцыямі ўпрыгожылі фестываль выступленні мінскіх дыджэяў.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.